На Астравеччыне палілі смецце, а згарэла суседская лазня

Пажар адбыўся 6 красавіка ў вёсцы Завельцы.

Паведамленне аб здарэнні ў Астравецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла ў 17:51 ад жыхара вёскі. Ён вяртаўся дадому пасля працы і ўбачыў, што на суседнім участку гарыць лазня. Будынак ужо спрабавалі тушыць вяскоўцы. Аднак справіцца з агнём удалося толькі тады, калі на месцы прыбылі пажарныя разлікі.

Высветлілася, што жыхарка Завельцаў папрасіла двух мужчын дапамагчы ёй спаліць смецце. Пры гэтым яна не забылася пра патрабаванні бяспекі, пра якія ўвесь час паўтараюць выратавальнікі, — прыгатавала вядро з вадой і рыдлёўку. Аднак памочнікі, мабыць, забыліся на іх — ад спальванага смецця пачала гарэць сухая трава. Мужчыны кінуліся яе тушыць.

Пакуль яны змагаліся з полымем у адным месцы, агонь пайшоў у іншым накірунку — загарэлася лазня, якая належала іншым гаспадарам (іх на момант пажару не было, будынак даўно не эксплуатавалі). Вось тут ужо і спатрэбілася дапамога выратавальнікаў.

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджаныя сцены і перакрыцці. Прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця.

Дарэчы, у гэты ж дзень, астравецкія выратавальнікі выязджалі на тушэнне смецця ў вёсцы Шульнікі і загаранне сухой расліннасці ў Альхоўцы.

• Текст доступен на языке: Русский