Двое астраўчан мінулым летам здзейснілі 11 крадзяжоў. Агулам іх асудзілі на 4,5 гады

Двое беспрацоўных астраўчан летам мінулага года здзейснілі 11 крадзяжоў на агульную суму больш за 2300 рублёў. Галоўным аб’ектам іх злачынных набегаў сталі гаражы.

Першы крадзеж мужчыны здзейснілі ў ліпені 2019 года. На вуліцы Валадарскага ў Астраўцы яны праніклі ў «Фольксваген» і знялі з машыны акумулятар.

Праз некалькі дзён ноччу злодзеі зазірнулі на тэрыторыю прыватнага прадпрыемства «МарКощЛес». Там яны скралі бензапілу STIHL.

На наступныя суткі мужчыны ўскрылі гаражы па вуліцы Ушакевіч. З аднаго злачынцы скралі чатыры каністры дызельнага паліва. Наступнай ноччу яны зноў прыйшлі да гаражоў. Тады яны скралі 100 метраў меднага электрычнага кабеля і два акумулятары. Скрадзенае яны хавалі ў гаражы аднаго з хлопцаў.

Праз тыдзень мужчыны «засвяцілася» ў аграгарадку Солы. Яны праніклі на тэрыторыю КСУП «АграСолы» і скралі адтуль інструмент на суму каля 300 рублёў.

Чараду крадзяжоў злодзеі працягнулі на Астравеччыне. Яны неаднаразова ўзломвалі гаражы на вуліцах Ламаносава, Валадарскага і Ушакевіча.

Сярод прысвоеных рэчаў: электрычны кабель, шурупавёрты, акумулятары, вуглашліфавальная машынка, паляўнічы нож, дэкаратыўная шашка-меч, наборы ключоў і нават кавуны — злачынцы бралі ўсё, што траплялася пад рукі.

Ад канца ліпеня да верасня мужчыны здзейснілі 11 крадзяжоў.

На судзе абвінавачаныя прызналі віну і раскаяліся ў злачынствах. Аднаго мужчыны асудзілі на 2 гады 6 месяцаў у папраўчай установе адкрытага тыпу, другога — на 2 гады.