Фота Настассі УТКІНАЙ.

Рэйтынг няздачы ў 50% для аўташкол лічыцца добрым, у некаторых ён даходзіць да 90%. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на «СБ. Беларусь сегодня», якая паразмаўляла з начальнікам аддзялення галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Станіславам Салаўём.

Свой рэйтынг няздачы, па словах Станіслава Салаўя, маюць усе аўташколы.

— У некаторых ён складае 50%. Гэта лічыцца добрым вынікам. А ёсць тыя, у каго адсотак няздачы — 90 і больш, — канстатаваў ён.

Але пры гэтым заўважыў: гэта не значыць, што са 100 курсантаў 90 ніколі не атрымліваюць права.

— Могуць здаць з першага разу, да прыкладу, 80 чалавек, а астатнія ідуць на пераздачы, якія зацягваюцца на няпэўны час. У выніку агульны працэнт зніжаецца да 50, — растлумачыў прадстаўнік ДАІ.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Станіслаў Салавей параіў тым, хто хоча атрымаць правы з першага разу, больш думаць пра дарогу, пра тое, што яны будуць рабіць за рулём, а не пра тое, здадуць ці не здадуць экзамен.

— Калі чалавек старанна трэніраваўся, добра асвоіў тэхніку, яму трэба сканцэнтравацца на дарозе і адкінуць усе думкі аб тым, што яго хочуць заваліць ці яшчэ штосьці. Калі ён праедзе, як і трэніраваўся, то і праблем не будзе. Тое ж тычыцца і тэорыі. Трэба адкінуць усе думкі і перажыванні з нагоды таго, здасі ці не здасі, наладзіць сябе на станоўчы вынік, усю ўвагу надаць самому працэсу — тады ўсё атрымаецца, — упэўнены ён.

Па статыстыцы ДАІ, у маладых кіроўцаў шанцаў трапіць у ДТЗ значна больш, чым у тых, хто даўно за рулём. Напрыклад, у 2019 годзе больш за ўсё аварый здзейснілі тыя, у каго стаж кіравання год-два.

Нямала іх і на рахунку тых, у каго стаж 5-7 гадоў.

— Праблема ў тым, што ў чалавека яшчэ няма адпрацаваных навыкаў, і ў пэўны момант ён перастае адчуваць небяспеку. У выніку адбываюцца памылкі, якія рэдка здзяйсняюць кіроўцы, да прыкладу, з 20-гадовым стажам. Яшчэ адзін фактар, які спрыяе ДТЗ, — ліхацтва. У сілу ўзросту маладыя людзі хочуць ганяць на максімальных хуткасцях. Чаго, да прыкладу, не зробіць дасведчаны кіроўца, які бачыў сур’ёзныя ДТЗ і, магчыма, сам дапамагаў камусьці, калі яно здарылася ў яго на вачах, — сказаў начальнік аддзялення ДАІ МУС.