Градзірні БелАЭС. Фота Настассі Уткінай.

«Росатам», які будуе Астравецкую АЭС, апублікаваў афіцыйны прэс-рэліз наконт сітуацыі з 15 расійскімі рабочымі, у якіх знайшлі каранавірус.

«Росатам» адзначае, што на будаўнічай пляцоўцы АЭС прынялі неабходныя меры па папярэджанні магчымага распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

15 спецыялістаў з трох субпадрадных арганізацый інжынірынгавага дывізіёна «Расатама», якія прыбылі на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС, цяпер знаходзяцца ў бальніцы Гродзенскай вобласці.

Падставай для ізаляцыі сталі станоўчыя тэсты на COVID- 19, здадзеныя супрацоўнікамі пры прыбыцці на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтым таксама казаў на прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Як паведамляе «Росатам», цяпер шукаюць асоб, якія кантактавалі з работнікамі. Гэтых людзей таксама ізалююць і тэстуюць на каранавірусную інфекцыю. Іх вынікі яшчэ чакаюць.

— Сітуацыя ўзята пад строгі кантроль, — адзначыў дырэктар праекта па ўзвядзенню Беларускай АЭС Віталь Палянін. — На будаўнічай пляцоўцы праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі супрацоўнікаў. Усім сваім новым спецыялістам у абавязковым парадку робіцца тэст на COVID-19. Усе супрацоўнікі забяспечаныя сродкамі індывідуальнай абароны, на ўваходах у будынкі і кантрольна-прапускных пунктах на тэрыторыю будоўлі ўстаноўлены санітайзеры, праводзяцца замеры тэмпературы цела. У выпадку выяўлення прыкмет ВРВІ выдаецца накіраванне ў пункт аховы здароўя і блакуецца пропуск на праход на будпляцоўку. Усе гэтыя меры дазволяць нам своечасова выявіць і папярэдзіць распаўсюджванне віруса.

Сумесна з МНС Беларусі праведзена дэзінфекцыя будынка, у якім пражывалі ўсе спецыялісты з каранавірусам.