Надзея Мікуліч. Фота з яе архіва.

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая спявачка і кампазітар Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-м шпіталі Мінску, паведамляе Радыё Свабода.

Аналіз на каранавірус узялі таксама ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара гурту «Верасы». Надзея Мікуліч распавяла Свабодзе па тэлефоне пра тое, што з ёй адбылося.

У чэрвені 2019 года Надзея Мікуліч прыязджала ў Маладзечна ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Яна выступала ў праекце фестывалю «Асоба эпохі».

«Муж, я думаю, таксама трапіць у шпіталь»

Надзея Мікуліч хварэе ад 23 сакавіка.

— Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпэратура не зніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэнне на левабаковую пнеўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнеўманіяю. У суботу мяне паклалі ў 2-гі шпіталь Мінску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што ў мяне меркаваны каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ты шпіталь. Цяпер у мяне пнеўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

— Тут проста няма руху. Толькі ў палаце і да туалету дайсці, нікуды нельга хадзіць. Калі я па вуліцы ішла, то задыхалася, не хапала паветра. Цяжка было дыхаць апошнія дні. І дагэтуль цяжка дыхаць. Кожны дзень правяраюць насычанасць крыві кіслародам. У мяне крыху паніжаная — трэба 100%, а ў мяне 92%.

Спявачка распавяла, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў яе мужа.

— Сёння прыяжджалі да мужа, прадэзынфікавалі ўсю кватэру. Праз тры дні будзе вынік. Муж таксама пачынае сябе дрэнна адчуваць. У яго вусны сохнуць. Але ўсё роўна збіраецца на дачу з’езьдзіць на некалькі дзён, а потым, я думаю, што ён таксама трапіць у шпіталь. Мы ж разам былі, у адной кватэры жывем.

«Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Уздзенскім раёне»

Спявачка і рыбачка Надзея Мікуліч. Малюнак Анатоля Гармазы.

Надзея дакладна не ведае, дзе магла заразіцца.

— Муж хадзіў на працу, ездзіў у метро, у грамадзкім транспарце. Можа, ён быў носьбітам. А можа, у гасцях атрымала, бо я не адзін раз была ў гасцях. Усе там здаровыя былі, але адна жанчына з той кампаніі, дзе мы былі, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў гэтым за 6-м шпіталі, як і яе муж. Ці яна мужа заразіла, ці муж яе заразіў. Яна захварэла 21 сакавіка, а я — 23 сакавіка. А ў гасцях мы былі 18 сакавіка. Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ў Уздзенскім раёне. Тады адчувала сябе добра. А потым узнялася тэмпэратура, была слабасць, спаць хацелася ўвесь час. Млявасць і абыякавасць. Усе сімптомы дрэнныя.

Надзея Мікуліч кажа, што яна асцерагалася каранавіруса, адчувала небяспеку.

— Я нікуды не хадзіла, толькі выгульвала сабачку. На пошту мужа дасылала пасылку забраць. У краму не хадзіла. Праз інтэрнэт замаўляла. Я імкнулася моцна не кантактаваць зь людзьмі. Калі на вуліцы сустракаліся з сабачнікамі, была на адлегласці, папярэджвала, што ў мяне тэмпэратура і я не ведаю, што ў мяне.

Спявачка кажа, што разам з ёй ляжаць усе людзі, хворыя на каранавірусную інфекцыю.

— Тут, напэўна, шпіталь спецыялізаваны. Маю суседку па палаце ў 2 шпіталі таксама сюды перавезлі, бо мы разам ляжалі. Потым і ў яе каранавірус знайшлі. Я і яе заразіла. Такая вось гісторыя. У маёй палаце ляжыць жанчына, якую прывезлі з 3-га шпіталю, і бабулька, якую ўчора з санаторыя «Пралеска» прывезлі ўначы.

Усе мы ізаляваныя. Усе палаты закрытыя, ніхто ні з кім не кантактуе. Выйсці можна ў туалет ці душ. Тут агульныя душ і туалет, у палатах няма. Медсёстраў не дачакаешся, дактароў не дачакаешся. Нікога няма на паверсе ўвогуле. Там дзе павінна сядзець медсястра, ляжыць запіска з яе тэлефонам, каб, калі патрэбна, пазваніць. Была праблема, калі бабулі стала дрэнна з сэрцам, мы пазванілі медсястры, і яна прыйшла праз 40 хвілінаў. Тут памрэш, і не дачакаешся доктара і медсястры. Яны зробяць сваю справу і ўцякаюць… Спачатку не хацела пра гэта расказваць, а потым усё ж вырашыла расказаць…


• Текст доступен на языке: Русский