Архітэктары Вілейскага райвыканкама ўпершыню ладзілі прэзентацыю праекта анлайн.

На думку начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Дмітрыя Гарланава, гэтая прэзентацыя – не апошняя ў рэжыме анлайн. Калі будуць  нагоды, і гэта будзе зручна для большай часткі мэтавай аўдыторыі, падобныя мерапрыемствы яшчэ будуць праводзіць.

– Гэта прынцыпова іншы падыход. Досведу такой працы мала ў краіне. Хай гэты прыклад натхняе іншых архітэктараў і іншыя райвыканкамы, – адзначыў Дзмітры Гарланаў.

Будуць ствараць спрыяльнае асяроддзе для жыцця

Градабудаўнічы праект распрацаваны на падставе Рашэння Вілейскага райвыканкама №51 ад 17 студзеня 2019 года.

Сярод мэт праекта

  • забеспячэнне комплекснага эканамічна мэтазгоднага развіцця інфраструктуры
  •  стварэнне спрыяльнага асяроддзя для жыцця людзей
  • распрацоўка горадабудаўнічай стратэгіі развіцця тэрыторыі з захаваннем і эфектыўным выкарыстаннем прыроднага ландшафту і з захаваннем той забудовы, якая ўжо ёсць.

Новы мікрараён размесціцца ў паўночна-ўсходнім сектары горада. Большая частка тэрыторыі цяпер не выкарыстоўваецца.

Асноўныя зоны

  •  Зона шматкватэрнай жылой забудовы для размяшчэння жылых шматпавярховых дамоў
  • Зона грамадскай забудовы для размяшчэння гандлёва-бытавога грамадскага цэнтра
  • Зона грамадскай забудовы для размяшчэння дашкольнай установы адукацыі з пачатковымі класамі на 160 месцаў
  • Зона сядзібнай забудовы для размяшчэння прыватных дамоў
  • Зона транспартнага і інжынернага абслугоўвання

З’явяцца першыя дамы – плануюць пачынаць садок

Па словах начальніка аддзела, дзіцячы садок з пачатковымі класамі запланавалі таму, што школа № 5 не зможа прыняць усіх ахвотных. Пасля таго, як пачнуць з’яўляцца першыя дамы і заселяцца людзі, а гэта, згодна з рэгламентам дэтальнага плана, пачнецца да канца 2021 года, трэба думаць пра будаўніцтва школы-садка. Але ўсё залежыць ад фінансавых магчымасцяў, і таму прадугледжаны тэрмін рэалізацыі дэтальнага плана да 2027 года.

Чаму ў дварах не будзе аўтамабіляў

Як адзначылі на прэзентацыі, шматкватэрная забудова квартальнага тыпу прадугледжаная праектам без доступу аўтамабіляў у двары.

Па словах Дзмітрыя Гарланава – двары без аўтамабіляў – гэта  сучасны трэнд. А сучасныя трэнды павінны прыходзіць у Вілейку.

Жыхарам мікрараёнаў, асабліва Паўночнага-2, не падабаецца, што машыны праз іх двары ідуць транзітам, не выконваюць хуткасны рэжым, дварамі карыстаюцца як паркоўкамі і кіроўцы не думаюць пра тое, што побач дзіцячыя пляцоўкі. А гэта выклікае сур’ёзныя канфлікты паміж пешаходамі і аўтамабілістамі.

У дварах новага мікрараёна прыярытэт будзе за пешаходамі. Добраўпарадкуюць вела-пешаходныя шляхі.

А месцы для парковак размесцяць па перыметры за забудовай.

Колькасць парковачных месцаў будзе роўная колькасці кватэр.

Прадугледжаныя скразныя ўваходы як з боку вуліц, так і з боку двароў, але з гэтым ёсць цяжкасці. Па словах начальніка аддзела, па-першае, трэба выбраць добры праект, які ўжо распрацаваны і можа прымяняцца паўторна, па-другое, разлічыць эканамічнасць такой забудовы з улікам лагістыкі і магчымасцяў забудоўшчыкаў.

Шматкватэрныя дамы пабудуюць, не вышэйшыя за шэсць паверхаў.

У межах мікрараёна пройдзе аўтадарога Р29. Ужо пабудавалі прыпынкі для гарадскіх аўтобусаў.

Інжынернае забеспячэнне прапануюць падключыць да ўжо існуючай інжынернай інфраструктуры.

Прадугледжана рэалізаваць праект адным этапам за 2021-2027 гады з улікам інвестыцый і аб’ёмаў фінансавання. Паглядзець відэапрэзентацыю праекта можна тут.

• Текст доступен на языке: Русский