Маладзечанка Ганна Кішкурна збіралася правесці сёлета паўгода на круізным лайнеры. Жанчына ўжо атрымала кантракт і марыла, як будзе паспяваць і працаваць, і адпачываць на прасторах Атлантычнага акіяна.

Каманда паехала лайнерам з Еўропы ў ЗША, і 1 красавіка рушыць у першы рэйс. Але па дарозе ў Нью-Ёрк стала вядома, што горад зачыніўся з-за пандэміі і забараняе спыняцца іншаземным караблям. Давялося паехаць у Маямі. Аня да апошняга спадзявалася, што ўсё будзе па плане, але там работнікаў распусцілі па дамах з-за каранавіруса.

Як прайсці сумоўе

Аня цягам некалькіх год падарожнічае па розных краінах. У чэрвені мінулага года жанчына была ў Паўднёвай Карэі, калі даведалася пра сумоўе для круізнай кампаніі Virgin Voyages у Мінску. Аня ўсё кінула і паляцела.

На сумоўі спачатку зрабілі прэзентацыю кампаніі і лайнера Scarlet Lady, а пасля размаўлялі з кожным прэтэндэнтам індывідуальна. На сустрэчу можна было прыйсці ў любым адзенні, з любым колерам валасоў, пірсінгам. І такая свабода зачапіла.

– Я была расслабленая, і на сумоўі ўсё добра складвалася. Са мной паразмаўлялі пра жыццё. Калі ты ўлегцы, ненапружаны, то неяк усё само сабой складваецца.

Паехалі на недабудаваным караблі

Пасля спатрэбілася некалькі месяцаў на навучанне, падрыхтоўку патрэбных дакументаў, медыцынскую камісію і тэсты. Трэба было зрабіць візу, атрымаць сертыфікаты бяспекі. Аня прайшла марскую падрыхтоўку, праслухала курс па бяспецы. У выніку атрымала кантракт на працу афіцыянтам бара на шэсць месяцаў.

У пачатку года дзяўчына прыехала ў Геную, адкуль павінны быў адчаліць лайнер. У італьянскім порце стаялі некалькі тыдняў. Сабралася каля 1300 чалавек каманды, а карабель яшчэ ва ўсю будавалі. Вакол персанал хадзіў у касках, спецыяльных касцюмах і абутку. У гэты час для работнікаў ладзілі шмат самых розных трэнінгаў, якія працягваліся і ў плаванні. Былі трэнінгі па ахове навакольнага асяроддзя, бяспецы, харасменце і іншыя.

– Шчыра кажучы, я нават не ведала, куды мы едзем. Думала, рэйсы па Еўропе. Ужо на караблі ў сталоўцы разгаварыліся. А тут калегі кажуць пра Маямі. Я такая – у сэнсе Маямі? Яны мне: «Ну так, мы ж у Маямі едзем». Ды гэта ж проста мара майго жыцця – апынуцца ў Маямі!

Да жыцця на караблі было не так і лёгка прызвычаіцца. Часам укачвала, тады Аня хутчэй ляцела ў медыцынскі пункт. Адна таблетка – і ўсе сімптомы знятыя.

Адно з самых яркіх уражанняў – шыкоўная ежа. Усё, акрамя алкаголю, для персаналу бясплатна. На караблі шмат рэстаранаў і бараў, а персаналу прапаноўвалі харчавацца ў сталовай са шведскім сталом:

– Нерэальна смачная ежа! Крэветкі, любое мяса, дэсерты. Асобна пункт, дзе пасты, дзе гамбургеры, дзе дэсерты – усё такая смаката, што растае ў роце. На нас тэставалі ежу, і гэта было нешта!

Падчас падарожжа даводзілася працаваць па зменах. Калі кепска сябе адчуваеш, можна схадзіць у медпункт і атрымаць даведку на дзень.

Першыя дні было няпроста разабрацца, дзе што знаходзіцца на караблі. 17 палубаў, тысячы пакояў. Але праз некалькі дзён усё запомнілася.

Урэшце карабель стартаваў і рушыў у Вялікабрытанію. Прычым у гэты момант судна было недабудаванае.

– Я думаю, як так, ён жа недабудаваны, куды мы едзем? Аказалася, што некаторыя рэчы дараблялі проста падчас плавання. Падавалася нейкім чараўніцтвам, што на хаду так хутка ўсё вымалёўваецца і пераўтвараецца ў завершаную карціну.

Нью-Ёрк закрылі

Пасля Вялікабрытаніі карабель павінны быў ехаць у Нью-Ёрк. Але ў час плавання стала вядома пра разгар эпідэміі каранавіруса, і горад забараніў лайнерам спыняцца. Таму давялося плыць на поўдзень. Каманда яшчэ спадзявалася, што паездку не адменяць. Планавалі прышвартавацца ў Маямі, дзе зладзілі б адкрыццё карабля.

Аднак усё гэта так і не ўвасобілася. Персанал меў прыкладна тыдзень часу, пакуль усё вырашалася. У гэты час яны гулялі па пляжы, елі і бавілі час. А пасля ўсіх адпусцілі па дамах і сказалі пакуль пачакаць. Папярэдне запланавалі, што персанал вернецца на борт 7 чэрвеня і пачне працу, але і гэту дату могуць адкласці.

У апошні дзень на караблі персанал тэставаў такую ежу і напоі, якія толькі хацелі.

– Як бы я хацела там застацца, нават без заробку! Я пабывала ў такіх чароўных месцах! А яшчэ столькі ўсяго паспяваеш за дзень – і папрацаваць, і адпачыць, і пагуляць.

Аня расказвае, што праверку на каранавірус нідзе не рабілі – ні ў маскоўскім аэрапорце, ні ў мінскім. Дзяўчына вярнулася ў Маладзечна і чакае, калі зноў зможа зайсці на борт, каб займацца працай мары.

• Текст доступен на языке: Русский