Сябры Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага збіраюць публікацыі пра Вілейку і Вілейшчыну са старых польскіх выданняў. Прапануем вам некаторыя з іх.

Самазабойства супраць волі

«Вілейка. 8 сакавіка 1935 года. Некалькі дзён таму ў калоніі Лукавец Вілейскага павета адбылося незвычайнае самагубства 15-гадовага юнака. Пятра Пуцэйку
знайшлі павешаным на рамяні, прымацаваным да поручня ложка. Паліцэйскае расследаванне паказала, што юнак скончыў жыццё самагубствам… супраць сваёй
волі. Фатальнай раніцай хлопец «эксперыментаваў». Ён прымацаваў рэмень да ложка і павольна сціскаў сабе горла. У нейкі момант раптам рэмень моцна зацягнуўся і юнак страціў прытомнасць. Ён зваліўся на падлогу, рэмень зацягнуў яго шыю яшчэ мацней, і хлопец памёр». Выданне NaszaChodzież: organ poświęcony obronie interesów narodowych na zachodnich ziemiach Polski, №57, 09.03.1935 года.

Раённая сельскагаспадарчая выстава ў мястэчку Ілья Вілейскага павета

«Дзякуючы ініцыятыве агранома павета інжынера Я.Дабашынскага і яго руплівай
працы па развіцці сельскай гаспадаркі і селекцыі, цэлы шэраг сельскагаспадарчых і прамысловых выстаў адбыўся ў Вілейскім павеце. 20 чысла мінулага месяца такая выстава праводзілася ў Ільі. Мяркуючы па ёй, можна зрабіць выснову, што як вялікія, так і маленькія гаспадаркі растуць з кожным годам. Асаблівай увагі заслугоўваюць гародніна і кармавыя расліны, прывезеныя сельскагаспадарчымі аб’яднаннямі вёсак Кавалі, Уладыкі і мястэчка Альковічы, а таксама маёнтка Абадоўцы пана Мечыслава Багдановіча, які выставіў выдатныя ўзоры кармавых буракоў і морквы.

Гародніну прывезлі і з маёнтка Асцюковічы пані Соф’і Тукалы, а таксама ад паноў Міцкевічаў і Станкевічаў (яблыкі Kosztele і грушы Wielkopolanki). Аб’яднанне гаспадыняў са
Стаек і Малявічаў прадэманстравала прыгожыя тканіны хатняй вытворчасці. Жывёлагадоўчы сектар быў высокім узроўні дзякуючы маёнтку Асцюкофічы пані Соф’і Тукалы, якая выставіла выдатныя ўзоры племянных буйной белай англійскай свінні і верасовай авечкі, а таксама жарабят абноўленага тыпу. Акрамя таго, судзейская камісія выказала асаблівую ўдзячнасць гэтаму маёнтку за яго заслугі ў галіне жывёлагадоўлі і сельскай гаспадаркі ў цэлым. Маёнтак Абадоўцы пана Мечыслава Багдановіча вылучаўся двума жарабцамі «Шведамі», набытымі ў гэтым годзе.

З ліку маленькіх гаспадарак заслугоўваў увагі вялізнага памеру кныр пароды буйной
белай ангельскай перасяленца з Лаўцэвічаў пана Кастржэўскага. Ён быў узнагароджаны. У цэлым, выстава зрабіла вельмі станоўчае
ўражанне. Наведнік». Выданне Tygodnik Rolniczy, №41/42, 01.11.1937 года.

Смяротны прыгавор

«Вілейка. 21.08.1933 года. Тут быў вынесены смяротны прысуд 40-гадоваму Уладзіміру Клінцэвічу, асуджанаму на смяротнае пакаранне судом першай інстанцыі.
Справа мела наступныя абставіны: у чэрвені ў адной з вёсак Маладзечанскага павета чатыры супрацоўнікі паліцыі затрымалі дзве падазроныя асобы, якія замест таго,
каб паказаць дакументы, выхапілі рэвальверы і зрабілі некалькі стрэлаў у бок паліцыі. Адным са стрэлаў быў забіты паліцэйскі Гжэгожак. Падчас перастрэлкі быў забіты і адзін з тых, хто нападаў, а іншы – Клінцэвіч – паўстаў перад судом першай інстанцыі.
Акрамя таго, абодва бандыты былі ўцягнутыя ў шпіянаж». Выданне Orędownik Polski: ludowy dziennik narodowy i katolicki w Polsce, №191, 22.08.1933 года.

Свецкая хроніка

«24 кастрычніка ксёндз-пробашч Жарноўскі блаславіў шлюб пана Януша Тукалы, сына пана Яна і Розы з Тукалаў, з паннай Соф’яй Скарбек-­Кельчэўскай, дачкой Яна і Марыі з Саламонавічаў з Мінскіх земляў Яна. Вясельная цырымонія адбылася ў базыліцы ў капліцы святога Казіміра а чацвертай гадзіне пасля поўдня. Сярод шматлікіх гасцей вясельнай цырымоніі былі заўважаныя сем’і паноў Юзафа Прыбышэўскага, Ігнація Багдановіча, Юзафа Багдановіча, Аляксандра Мяйстовіча, Мечыслава Багдановіча, Браніслава Умястовіча, Яна Малечы,
Станіслава Бохвіча, доктара Гласко, Зыгмунта Барткевіча, Эдмунда Котвіч­Выржыкоўскага, Максіміліяна Малінскага, Юзафа Салмановіча, маёр Бэнядыкт Хлусевіч з жонкай, капітан Караль Скарбек-­Кельчэўскі з жонкай, сем’і паноў Яна Котвіча, Вінцэнта Велпглоўскага.

Пасля заканчэння вясельнай цырымоніі госці адправіліся ў будынак Гандлёвай Рэсурснай асацыяцыі на застолле. Пасля шматлікіх тостаў госці сардэчна развіталіся з маладой парай, якая адправілася вячэрнім цягніком у маёнтак жаніха Асцюковічы Віленскага краю.» Выданне Słowo, №75, 28.10.1922 года.

Некралог

«Януш Тукала, уладальнік маёнтка Асцюковічы Віленскага краю, памёр раптоўна ў Асцюковічах 31 кастрычніка 1932 года ва ўзросце 42 гадоў. Пахаванне адбудзецца ў чацвер, 3 лістапада, на мясцовых могілках у Ільі, аб чым паведамляем з горам і смуткам. Жонка, дзеці, сёстры, брат, нявестка і зяць». Выданне Słowo, №276, 03.11.1932 года.

Таварыства аховы помнікаў дзякуе Дыяне Хвалько за прадастаўленне матэрыялаў і іх пераклад з польскай мовы .

На фота з архіва Вілейскага таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага – палац Тукалаў у Асцюковічах. Знішчаны партызанамі ў 1944 годзе.