Алеся Каролік.

Герой восьмага выпуску «Таршэра» – Алеся Каролік з Маладзечна. Маладая жанчына працуе педагогам-арганізатарам у Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага, узначальвае «Фонд Агінскага» і каардынуе «Свет моладзі».

Калі вучылася ў школе, мяне было не прымусіць прачытаць які твор ці схадзіць на выставу. Толькі напрыканцы каледжа мая сяброўка заразіла мяне любоўю да чытання. Ад гэтага часу пачаўся мой шлях да пазнання сябе.

Зразумела, што мой спіс значна большы, але трэба было адабраць толькі 10 твораў. Таму – лавіце!

  1. Серыял «Чорнае люстэрка».

Адкрыла для сябе гэты серыял год таму. Кожная серыя – новы выпадак, новая гісторыя. Агулам гэта пра тое, наколькі мы залежым ад сродкаў тэхнічнай эвалюцыі, пра шматлікія жыццёвыя пастулаты. Можа, нават пра нашу будучыню. Калі зможаце дагледзець першую серыю да канца, то серыял ваш.

  1. Серыял «Палавое выхаванне».

Я параіла б паглядзець усім тым, хто працуе з моладдзю, асабліва выкладчыкам старэйшага ўзросту. Серыял пра палавое выспяванне падлеткаў у старэйшых класах, пра станаўленне іх сэксуальных густаў, пра сяброўства, каханне і шмат іншага.

  1. Карціна рускага мастака Іллі Рэпіна «Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года».

Напэўна, пакуль я не сустрэлася з гэтым творам, не магла сябе далучыць да аматараў выяўленчага мастацтва і жывапісу. У 2013 годзе пашчасціла пабачыць гэту карціну ў Маскве. Памятаю, нібыта гэта было ўчора: паўсюль карціны, карціны і вось яна.

Першае, што заўважыла – чорны колер. Не ведаю, што ў ім было такога, але ж падавалася, што ён усюды. Ён зачароўваў і пужаў адначасова. Наступнае – вочы герояў, іх позірк. Жах у іх вачах адлюстраваны настолькі дакладна, што падавалася, яны рэальныя і проста перад табой. З гэтага пачалася мая любоў да выяўленчага мастацтва.

  1. Кніга Visual facilitation cookbook.

Мая першая кніга на англійскай мове. Гэта кніга – файны дапаможнік для тых, хто выкладае ці праводзіць воркшопы і трэнінгі. Асноўная мэта кнігі – паказаць шматлікія спосабы візуалізацыі інфармацыі ў больш прывабным варыянце.

  1. Элвіс Прэслі Love Me Tender і Can’t Help Falling In Love.

Пагаворым крыху пра музыку. Як музыканта мяне цікавіць самая розная музыка, усё залежыць ад настрою.

Апошнім часам захапляюся Элвісам Прэслі. Дзве яго кампазіцыі не даюць супакою – Love Me Tender і Can’t Help Falling In Love. Словамі гэта немагчыма апісаць, таму прапаную вам знайсці кампазіцыі, паслухаць і атрымаць асалоду.

  1. Павел Севярынец «Люблю Беларусь».

Гэта кніга падыдзе тым, хто яшчэ не напоўніўся беларушчынай ці знаходзіцца на пачатку гэтага шляху. Кніга апісвае самыя розныя сферы нашай краіны.

Прываблівае, што тэксты кароткія, усяго на пару старонак, заўсёды ёсць ілюстрацыя. Чытаючы кнігу, адчуваеш, наколькі аўтар любіць наш край, зараджаешся гэтай любоўю. Пачынаеш разумець, што ёсць шмат розных рэчаў, якімі мы можам і павінны ганарыцца.

  1. Фотавыстава Hard Truths: An exhibition of prize-winning photography from The New York Times у Люксембургу.

У аснове сюжэту выставы ляжаць розныя падзеі, якія адбываліся апошнім часам на Кубе, у Сірыі, Венесуэле. Разбураныя будынкі, людзі ў клетках, трупы, кроў – усё гэта з’яўляецца своеасаблівым ацверажэннем для людзей, якія жывуць у добрых умовах і не разумеюць свайго шчасця.

  1. Ніл Гілевіч «Родныя дзеці».

Раман у вершах. Сюжэт просты: дзеці прыехалі да маці на дзень народзінаў, у кожнага свой лёс, свае ўспаміны.

Для мяне большую цікавасць уяўляюць адступленні. Калі вам скажуць, што беларусы ядуць толькі бульбу, смела адкрывайце “Адступленне пятае – кулінарнае”. Пералічаных варыянтаў страў на тыдзень хопіць. Маю і іншую сувязь з гэтым творам. Мая стрыечная сястра ў дзяцінстве называла мяне “Альжбета Францаўна Кудзёлка”. Дык вось уявіце маё здзіўленне, калі, напэўна, гадоў праз 15 я адкрыла гэты твор і прачытала:

“…Сцяпану ў сэрца, як іголкай,

Кальнула: «Вось дык навіна!

Альжбета Францаўна Кудзёлка!

Няма сумнення, што яна…»

  1. Макс Фрай «Ключ з жоўтага металу».

Гэта гісторыя пра маладога мужчыну, які асабліва не мае мэты ў жыцці, а проста бавіць час. Аднойчы бацька заве яго да сябе ў Вільню і дае даручэнне. Пасля гэтага з героем адбываюцца незвычайныя рэчы. На мой погляд, гэта такое лёгкае фэнтэзі. Мне дапамагло ў свой час перазагрузіцца і адцягнуць увагу ад праблемаў.

  1. Джаан Роўлінг «Гары Потэр».

Я нават не ведаю, як гэта назваць, ці то кніга, ці то гісторыя, ці то цэлая эпоха. Але гэты твор знаходзіцца ў топе ўсяго, што я чытала. Напэўна, таму, што я расла з гэтымі кнігамі.

Я проста праглынала часткі адну за адной. Мой рэкорд: «Ордэн Феніксу» я прачытала за два дні. А там амаль 900 старонак. Я захапляюся геніяльнасцю Джаан, асабліва тым, як яна прапісала героя Северуса Снэйпа. Калі вы яшчэ не дайшлі да гэтай гісторыі, то абавязкова знайдзіце час. Гэта таго вартая.

• Текст доступен на языке: Русский