Пра тое, як рашыцца кінуць стабільную працу і рызыкнуць займацца справай сваёй мары, нам распавяла Лізавета Дубінская.

Любоў да творчасці пачалася ў дзяцінстве. Маляваць падабалася заўсёды, у школе я пастаянна малявала. Я родам з Валожына, на жаль, там не было мастацкай школы або гурткоў. Таму малявала, як умела, як адчувала, і ў мяне гэта някепска атрымлівалася.

Чаму стала эканамістам

Пасля дзявятага класа вырашыла паступаць. Хацела пайсці на дызайнера або абраць нешта пра мастацтва. Але мама казала, што мастакі заўсёды бедныя, гэтым на жыццё не заробіш і што тады мая перспектыва – сядзець у якім-небудзь доме культуры і весці гурток.

Мы з мамай вырашылі, што я пайду ў ліцэй МНС, там добрая зарплата. Пасля экзаменаў у ліцэй я не прайшла, дзяўчат набіралі вельмі мала. Вяртацца ў школу не хацела. Адзінае, куды паспела б падаць дакументы, – Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж, выбрала спецыяльнасць эканаміста. Туды паступала сяброўка, і я вырашыла пайсці за кампанію.

Падчас вучобы жыла ў інтэрнаце. Многія дзяўчаты хадзілі да мяне, каб запляла іх, зрабіла макіяж. Мама ўвесь час казала, што без вышэйшай адукацыі ў гэтым свеце ты нікому не патрэбны. Таму нават пытанне не стаяла, куды паступаць пасля каледжа. Вырашыла, што атрымаю запаветны дакумент і буду рабіць, што захачу.

Вучылася на завочным у Інстытуце правазнаўства на эканаміста. Сюды можна было пайсці на скарочанае навучанне, таму я і не думала мяняць кірунак.

Паклялася, што не вярнуся ў Валожын

Працаваць я пачала ад 16 год. Спачатку гэта былі летнія падпрацоўкі ў дзіцячым садку. Пасля каледжа пераехала ў Смаргонь, дзе жыла сяброўка і малады чалавек. Я паклялася, што не вярнуся ў Валожын.

У Смаргоні ўладкавалася ў прадуктовы магазін. Знайсці працу па спецыяльнасці ў чужым горадзе было нерэальна. У краме паспявала ўсім дзяўчатам рабіць прычоскі на перапынках, часам прасілі зрабіць макіяж.

Я нядоўга прапрацавала ў магазіне. Там вельмі не падабаліся адносіны кіраўніцтва. Выпадкова знайшла працу бухгалтара ў будаўнічай фірме. Мяне баяліся браць без досведу, але па выніку стажыроўкі пакінулі. Увесь гэты час цікавілася сферай прыгажосці для сябе, заўсёды любіла касметыку. Але і ўявіць не магла, што гэта можа быць працай.

Пайсці на курсы тады не мела магчымасці – трэба было аплачваць вучобу, сесіі, жыллё ў чужым горадзе. Да таго ж і блізкія не падтрымлівалі маё захапленне макіяжам.

Як змяніла прафесію

Бухгалтарам адпрацавала тры гады. Апошні год было вельмі складана маральна. Мне не падабалася ўсё, адчувала, што не на сваім месцы, і з гэтым абавязкова трэба штосьці рабіць. У адзін цудоўны дзень я кінула працу, сабрала рэчы і пераехала ў Маладзечна да сястры і яе мужа.

У той момант яны мяне падтрымалі і матывавалі пайсці на курсы макіяжа. Я адвучылася з адзнакай, кіраўнік курса запрасіла ў сваю каманду візажыстаў.

У той час працавала ў цэнтры, які займаецца абзвонам. Спачатку менеджарам, пасля кіравала аддзелам продажаў. Зняла трохпакаёвую кватэру, здавала два пакоі дзяўчатам.

Вельмі ўдзячная свайму першаму выкладчыку Ірыне. Яна навучыла мяне вельмі многаму, паказала, што прафесія неверагодна цікавая, у ёй няма абмежаванняў у развіцці і росце. Яна брала мяне на стажыроўку на паказы моды, мы рабілі макіяжы мадэлям, там набіла хуткасць. Фарбавала пакупнікоў у яе магазіне касметыкі.

Цана перамен

На першыя курсы і мінімальны набор візажыста доўга адкладвала з зарплаты, абышлося ў 700-800 долараў. Брала шмат мадэляў, рабіла партфоліа. Пасля вучылася ў Мінску. Цяпер купляю курсы анлайн, гэта зручна і больш эфектыўна. Рука ўжо пастаўленая, а новыя веды і фішкі лепш браць у лепшых майстроў. Зрабіць гэта праз інтэрнэт нашмат прасцей.

Напачатку сумяшчаць гэта з асноўнай працай было нескладана. Па магчымасці дакупляла касметыку, патрэбныя інструменты, ездзіла на майстар-класы. Паралельна пачала займацца бровамі – фарбаваць, мадэляваць, укладваць.

На матэрыялы і навучанне на старце пайшло каля 200 долараў. Усё купляла паступова. Проста ўсе свабодныя грошы ўкладвала, і дагэтуль так раблю.

Спачатку было вельмі мала кліентаў. Я ведала, што гэта нармальна, не ўсё адразу. Мяне запальвалі дзяўчаты, якія сыходзілі шчаслівыя, і бачыла, што я на правільным шляху. Марыла сысці з працы, фарміраваць графік самастойна, працаваць, колькі хачу, атрымаць свабоду і не выпрошваць выхадныя і адпачынак. Калі праца ў кайф, жыццё становіцца зусім іншым.

У адзін дзень зразумела, што прайшло паўтара года пасля курсаў, я стаю на месцы і спрабую сумяшчаць працу. Першыя паўгода хапала энергіі, а пасля стамлялася. Не было часу на тое, каб весці сацыяльныя сеткі, браць мадэляў. Так што сабрала фінансавы запас на месяц і сышла з працы, змяніла жыллё. Кліентаў усё яшчэ было няшмат, але вырашыла рызыкнуць.

У пераломны момант страшна было вельмі, асабліва калі разлічваеш толькі на сябе. Разы тры хацела ўсё кінуць і вярнуцца на працу. Цяпер бачу, дзе былі мае памылкі ў прасоўванні, на што не варта было марнаваць час і грошы. Першы год быў вельмі складаны і ў маральным, і ў фінансавым плане. Трэба пастаянна ў сябе ўкладваць.

Прайшлі два гады, як я працую на сябе. Ёсць пастаянная кліенцкая база, але трэба пастаянна працаваць на паляпшэнне якасці.

Як уладкавала працу

Кліентаў шукала спачатку праз сацыяльныя сеткі. Зрабіла сайт, які ў выніку не апраўдаў ні сіл, ні грошай. Найлепш працуюць рэкамендацыі пастаянных кліентаў і рэклама ў сацсетках.

Колькасць заказаў заўсёды непрадказальная. Кліенты пераносяць запісы, адмяняюць або ўвогуле не прыходзяць без папярэджання. У будныя дні часцей прыходзяць на бровы, пятніца і субота – макіяж і прычоскі. Кліентаў бяру ад 11, каб высыпацца. Калі маю форткі, займаюся інстаграмам, гляджу курсы, тэстую прадукты.

Толькі цяпер прыйшла да больш-менш стабільнасці ў фінансавым і эмацыйным плане, не баюся спадаў у заказах. У прафесіі неабходна пастаянна расці і вучыцца новаму.

Ад красавіка да лістапада звычайна заказаў дастаткова. Лістапад, студзень і другая палова сакавіка – заўсёды спад. Гэта неабходна ведаць, бо інакш пачынаецца дэпрэсія і крызіс непатрэбнага майстра.

Цяпер у сферы прыгажосці ў прыярытэце натуральныя вобразы, здаровая скура, спакойныя колеры. Сярод укладак – лёгкасць і паветранасць, мёртвыя ад лака валасы даўно не актуальныя.

• Текст доступен на языке: Русский