Фота забяспечанае аўтарам. Здымак дома, у якім жыла сям’я.

Я нарадзілася ў 1935 годзе. Ад 1975 года жыву на Смаргоншчыне. У канцы 1950-х і да пачатку 1970-х жыла ў вёсцы Еўлашы Лядскага сельсавета Шчучынскага раёна. Так супала, што на маім жыццёвым шляху трапляліся добрыя і шчырыя людзі, пра якіх можна сказаць шмат цёплых слоў. Хачу падзяліцца ўспамінамі пра адну незвычайную жанчыну, якая трапілася мне ў складаны час сямейнага жыцця.

Мы жылі з ёй бок а бок амаль 15 год. У канцы 50-х нас з мужам накіравалі ў Еўлашы. Я выкладала мову і літаратуру, а муж – біялогію. Якраз там увайшла ў строй новая школа. Адно памяшканне школьнае – звычайная хата на два канцы, а другое – прыватны дом.

Школьны дом пайшоў пад кватэры. Там размясцілася тры сям’і – дырэктара і дзве сям’і настаўнікаў. Нам прапанавалі кватэру ў гэтым доме. Па працы ўсё ішло добра, але як уладкоўваць дзетак. У нас былі дачушка і сынок яшчэ дашкольнікі. Нам абаім на работу, а за гэтымі жэўжыкамі трэба нагляд ды нагляд. Яны ж дасціпныя, усюды ўлезуць.

Гаспадыня прапанавай кватэры – адзінокая 60-гадовая жанчына Брыгіда Іосіфаўна Дзікевіч. Мы адразу і звярнуліся да яе з гэтым пытаннем. Яна пагадзілася дапамагчы, але ў нашых думках было шмат пытанняў пра тое, як усё складзецца.

Сама Брыгіда жыла адна. Мела дзвюх сясцёр, адна з іх жыла ў Шчучыне, другая – у Польшчы. Мы пасяліліся ў паўднёвым канцы дома, а ў паўночным – гаспадыня, якая ўзяла да сябе жыць яшчэ дзвюх адзінокіх настаўніц.

У сельсавеце склалі дагавор на арэнду кватэры. Тады сельсавет аплачваў жыллё сельскім настаўнікам. Гаспадыня сама атрымлівала тыя грошы ў сельсавеце.

У вялізным пакоі стаяла адна печка-грубка. Мы з гаспадыняй наладзілі пліту з ляжанкай, размясцілі мэблю, пазавешвалі шторамі і раздзялілі на кухню і два пакоі.

Гісторыя дома Брыгіды

Сям’я з пяці чалавек – бацькі і трое дзяўчат – жыла ў невялікім доме. Бацька Брыгіды быў майстравы, рабіў вокны, дзверы, печы. Меў задуму пабудаваць для сям’і ўтульны дом з падручнага матэрыялу. Шмат што назапасіў, падрыхтаваўся. Але здарылася непапраўнае. Дзяўчаты яшчэ падлеткі, а памерла жонка.

Гаспадар больш не жаніўся, але задуму з галавы не выкінуў. Распачаў працу. Іосіф быў паважаны чалавек у вёсцы і патрэбны, таму лёгка знаходзіў памочнікаў. Яму так аддзячвалі за працу. Будоўля спорылася, за домам выкапалі кар’ер, каб браць матэрыял на дом. Тут дзеці збіраліся і гулялі. Дом выйшаў на славу на высокім сухім месцы. У доме вялікія пакоі, шырокія падаконнікі, тоўстыя сцены.

Была і надбудова замест гарышча, якую выкарыстоўвалі для гаспадарчых патрэбаў. Пад лесвіцай і калідорам быў склеп з трох адсекаў, і нават зрабіў такія прыступкі, як палічкі для нарыхтовак і слоікаў.

Дом быў такі зручны, што падобнага нідзе не бачылі. Асобна ў загарадках ляжала бульба, агародніна, асобна стаялі бочачкі з кіслай капустай і агуркамі. Нават суседзі захоўвалі тут капусту зімой.

Дочкі падрасталі, дзвюх з іх бацька выдаў замуж, застаўся з меншай Брыгідай. Неўзабаве памёр і сам. Брыгіда засталася адна, сама вяла гаспадарку. Зямлі мела два гектары і невялікую палоску сенажаці. Трымала карову, кабанчыка і некалькі курак. Падспор’е даваў дом, у якім размясцілі школу і кватарантаў.

Брыгіда была хваравітая, пакутавала на эпілепсію. Прыпадкі здараліся адзін-два разы на год. Першыя некалькі год мы пра хваробу і не ведалі.

За гэты дом Брыгіду хацелі раскулачыць. Выратавала толькі тое, што быў мізер зямлі, адна карова. Ды і людзі ў вёсцы падпісаліся, што пры пабудове Іосіф наёмнай працай не карыстаўся.

Стала членам сям’і

За час, што жылі разам з Брыгідай, мы зразумелі, што гэта добрая, працавітая, умелая гаспадыня, справядлівая жанчына, якая ніколі нікому не зробіць шкоду. Да дзяцей ставілася строга, патрабаванні былі канкрэтныя, непаслушэнства не цярпела. Разам з тым адносілася сардэчна, шкадавала, клапацілася. Неапранутых на вуліцу не выпускала. Яны яе любілі, па пятах хадзілі.

Часта гулялі ў кар’еры, у дрэннае надвор’е мелі прыстанішча на другім паверсе, там была іх гульнявая пляцоўка. Закон добрых паводзінаў увайшоў у звычку.

Брыгіда стала нам як член сям’і. Зімой яна часта вязала. З калгаса ёй прывозілі латаць мяхі. Была заўсёды дома, а дзеці пры ёй. А колькі ведала казак! Цікава апавядала, а потым прасіла дзяцей пераказаць. Яны пераказвалі з ахвотай – адзін расказвае, другі папраўляе.

Тэатр ценяў

Як дзеці пайшлі ў школу, выпытвала іх, чаму навучыліся. Доўгімі зімовымі вечарамі бавіліся ў тэатры ценяў. Брыгіда так складала пальцы рук, што на сцяне адбіваліся цені звярка ці птушкі. Зайкі варушылі вушкамі, воўк клацаў зубамі, варона ляцела, гусак раскрываў і закрываў дзюбу. А дзеці ўсяму гэтаму вучыліся. Часам удавалася разам скласці які-небудзь сюжэт. Мы з мужам пішам планы, а дзеці тэатр ценяў ставяць.

Ужо пазней я знайшла ў часопісе «Сям’я і школа» такія цені, але Брыгіда яго не бачыла. На тэатр ценяў прыходзілі і дзеці суседскіх настаўнікаў. У гэтым тэатры ўсе былі і выканаўцы, і гледачы.

Яшчэ Брыгіда любіла складаць вершы, і дзяцей вучыла падбіраць рыфму.

Аднойчы ў калгасе быў справаздачны сход. На такіх сходах прысутнічалі ўпаўнаважаныя з раёна. Яна выступіла, каб выказаць крыўду на старшыню, што дае ёй норму цукровых буракоў, якую яна не можа апрацаваць і мае даведку ад доктара. Сваё выступленне яна закончыла: прадсядацель упраўляе, на балезні не зважае, бальным нормы надзяляе.

Назаўтра старшыня на яе накінуўся ледзь не з кулакамі: «Ты яшчэ, кулацкая твая морда, будзеш вершы на мяне складаць!».

Малако ад каровы мы куплялі, яна заўсёды налівала дзеткам кубачкі цёпленькага. За догляд дзяцей грошай яна не брала. Казала, што яна іх не гадуе, а з імі весялей бавіць час, ды і памочнікаў мае. Мой муж у многім ёй дапамагаў. Касіў сена для каровы, сек дровы, насіў ваду ў хату.

Брыгіда мела, як яна называла, завядзёнку. Як нешта ўпершыню адбываецца ў гэтым годзе, то гэта «навіна», і таму трэба ладзіць супольны абед. Напрыклад, як першы раз назбірае шчаўя, грыбоў, ягад, накапае бульбы. Рабілі варэнікі, ягады з малаком.

Такіх страў кожны раз напрыдумвае, гэта ж «навіна». Агульныя сталы былі і на яе святы – куццю, Каляды, Вялікдзень, Сёмуху, на Пятра рабіла сырнікі. Абеды былі без алкаголю, акрамя Калядаў і Вялікадня. На такія святы яна падымае тост, прыгаворваючы: «Ну, давай, брацішку, вып’ем па кілішку».

Колем кабанчыка, разам з ёй трымаем, а пасля дзелімся свежыной. Любілі пячы пірагі, гэта ўжо была мая ініцыятыва. Я расчыняла, замешвала, выкладвала на бляхі, а Брыгіда паліла печ, сачыла, каб напалілася іменна для пірагоў. А мой муж адказваў за тое, як спякуцца. І як ён толькі ўмеў асцярожна месцамі пераставіць, і газеткай каторы накрые.

Трэба, каб не падгарэлі, але і былі не бляклыя, а жоўценькія і прыгожыя. Даставаў пірагі з печы, пырскаў вадой, накрываў ручніком і чакаў, пакуль астынуць. А дзеці былі выдатнымі афіцыянтамі.

Брыгіда была добрым кулінарам. Хоць і жыла адна, але рабіла абеды з трох страў. Заўсёды ў печы былі супы – боршч, капуста, грыбная поліўка, тушаная капуста ці бульба, бабка з цёртай бульбы, іншы раз катлеткі, печыва. На трэцяе рабіла напоі – каву з падсмажанага ячменю з малаком, гарбату з зёлак, а іншы раз проста са свежай галінкі вішнёвага дрэва.

Летам дзеці з ёй хадзілі па зёлкі, ведалі іх назвы. Як трапляліся цукеркі, то дзеці дзяліліся з усімі, абавязкова частавалі і цётку Брыгіду.

Жылі як адно

Гартаю альбом. Абавязкова ўспомню, як яна пасярод дзятвы. А на гэтым здымку стаіць з нашай сям’ёй з усмешкай на твары, з кветачкай у руцэ. Яна і сама член нашай сям’і. Мы жылі як адно, клапаціліся адзін пра аднаго.

Так і бачу яе ў дзень, пасля таго, як Валянціна Церашкова паляцела ў космас. Брыгіда забегла ў наш пакой з гучным «Ура!» і прадэкламавала:

«У космас лятае! Караблі вядзе! Для вас, жанчыны, Няма страху нідзе!». І так радуецца.

У яе ўсё было шчыра, ад сэрца. Калі радасць, то ўжо ад усёй душы. Адкрытасць, праўдзівасць – галоўныя рысы яе характару. У пачатку 70-х Брыгіда ўжо зусім занемагла. З сястрой са Шчучына яны былі ў добрай згодзе. Тая таксама ўжо жыла адна ў простым сялянскім доме з маленькім агародзікам. Муж Ядвігі памёр. Два сыны ўладкаваліся з сем’ямі. Адзін у Лідзе, другі ў Шчучыне.

Ядвіга была сама дабрыня, заўсёды дзякавала, што мы даглядаем сястру. А мы ж проста дружна жылі разам. Калі Брыгіда хварэла, то ці печку прапаліш, ці гарбаты падасі, але ж гэта ў адным доме ўсё.

Пасля калгаса дом стаў баракам

Ядвіга параіла, каб Брыгіда прадала дом і пераехала да яе ў Шчучын. Другога выйсця не было, так і зрабілі. Дом купіў калгас, зрабілі рамонт, знялі верхнія надбудовы, зрабілі доўгую страху. Дом стаў мець ніякі выгляд. Барак баракам. А мы перабраліся ў школьны дом, адтуль якраз выязджала сям’я настаўнікаў.

Брыгіда прабыла ў сястры тры тыдні, а пасля прыязджае са Шчучына і просіцца, каб пусцілі пажыць.

– Барысаўна, пабуду я ў вас, не магу там жыць. Дамы мне ўвесь свет засланілі, поля не бачу. Не ведаю, што робіцца на свеце, а ці сеюць, а ці жнуць, а ці косяць. Не магу ў горадзе жыць і ўсё.

– Жывіце сабе, – кажу я. – Але ж сястры можа крыўдна будзе.

– Хай сабе крыўдуе, галоўнае, мне тут дагаварыцца.

Праз дзень прыязджае Ядвіга, як я і прадбачыла. Яна слёзна пачала прасіць сястру вярнуцца, дваім жа будзе добра. А памаленьку прыйдзе прывыканне. Брыгіда паехала. Але мы ўвесь час трымалі сувязь. А калі памерла Брыгіда, падтрымлівалі стасункі з Ядвігай. Як мая дачка паступіла ў магілёўскае фармвучылішча, Брыгіда даслала ёй некалькі пісем. Пісала па-беларуску лацініцай.

Школу, дзе мы працавалі, закрылі, магазін разбурылі, а дамы апусцелі. Ужо там нічога няма.

• Текст доступен на языке: Русский