Па словах мясцовых жыхароў, на адным з найважнейшых святаў для каталікоў  у касцёле было прыкладна ў дзесяць разоў менш прысутных.

У храме было некалькі чалавек у медыцынскіх масках. Мясцовы жахар Валянцін падзяліўся меркаваннем, што ў касцёле не заразішся. Адмыслова да вялікоднай імшы прыехала некалькі маладзечанцаў, патлумачылі, што, на іх думку, іх лёс ужо прадвызначаны вышэйшай сілай. Некаторыя вернікі сказалі, што прыйшлі на імшу, але засцерагаліся ад лішніх кантактаў і былі асцярожнымі.

– Сёння на ўрачыстасці ў касцёле было каля 80 вернікаў, – распавёў мясцовы жыхар Ян Пятроўскі. – Звычайна ў Вялікдзень збіраецца каля 800-1000 чалавек. Поўны касцел, і на вуліцы процьма.

Падчас імшы ксёндз адзначыў, што ў наступную нядзелю імша можа быць на вуліцы, калі прыйдзе шмат людзей, каб забяспечыць паміж прысутнымі адлегласць. Таксама ў прамове звярнуў увагу, што адзначаць свята можна і дома, за зачыненымі дзвярыма. Галоўнае для верніка – духоўная праца над сабой. Таксама падкрэсліў, што хворым людзям нават у такія святочныя і важныя дні варта заставацца дома.

У касцёле прадугледзелі адмысловыя абаронныя стужкі, каб людзі былі на адлегласці адзін ад аднаго.

На Вербную нядзелю ў Будславе імша была на вуліцы, вернікі размясціліся на адлегласці адзін ад аднаго. На здымку Яна Пятроўскага – Вербная нядзеля ў Будславе і сённяшні вялікодны стол.

Фота вялікоднай імшы ў Будславе

Касцёл у Будславе – помнік архітэктуры позняга барока. У касцёле знаходзіцца Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў. Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”) была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Фота Настассі УТКІНАЙ.