Фота Настассі Уткінай.

15 расіянам у Астраўцы, якіх тыдзень таму былі шпіталізавалі з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю, трэба будзе прайсці чарговае тэставанне.

Усё з-за таго, што папярэднія тэсты паказалі супярэчлівыя вынікі, расказаў БелаПАН галоўны дзяржаўны санітарны доктар Гродзенскай вобласці Мікалай Кендыш.

Зараз расіяне знаходзяцца ў Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышэвіч распавёў парталу kraj.by, што на дадзены момант расійскіх рабочых ахоўвае міліцыя:

— Рабочыя жылі ў Астраўцы ў інтэрнаце. У нашу бальніцу іх даставілі ноччу 8 красавіка. У стацыянары кругласутачна дзяжурыць міліцыянер. Ён сочыць, каб пацыенты з Расіі дагэтуль ў бальніцы, і да іх ніхто не прыходзіў, — сказаў пракурор Смаргонскага раёна.

Агульную колькасць выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй ў рэгіёне Кендыш не назваў.

У Гродзенскай вобласці ўжо паправіліся тры чалавекі: жанчына, якая прыехала з Італіі, дальнабойшчык, які прыехаў са Швецыі, і прадпрымальнік з Іўя.

Як адзначыў Кендыш, каля 2 тысяч чалавек у рэгіёне знаходзяцца ў самаізаляцыі. Іх правярае міліцыя, некаторым ужо выпісалі пратаколы з-за таго, што іх не было дома ў перыяд самаізаляцыі.