Аляксей Бурэц – доктар у трэцім пакаленні. Ён адвучыўся і працаваў у Беларусі анестэзіёлагам-рэаніматолагам, але апошнія гады працуе ў Германіі.

Аляксей распавёў, як паступіць на бясплатнае ў медыцынскі ўніверсітэт, пра максімум адпрацаваных гадзін за месяц, чаму пераехаў у іншую краіну і што раіць з нагоды каранавіруса.

Бацькі былі супраць, каб стаў доктарам

Я нарадзіўся і вырас у маладзечанскай сям’і дактароў. Мама, Алена Леанідаўна, працавала тэрапеўтам у паліклініцы №2 і галоўным пазаштатным прафпатолагам Маладзечанскага раёна. Цяпер працуе тэрапеўтам у санаторыі. Тата, Рыгор Канстанцінавіч, працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у маладзечанскай радзільні. Сястра Дар’я таксама стала медыкам, працуе сямейным доктарам у італьянскім Турыне.

Аляксей Бурэц з татам Рыгорам Канстанцінавічам.

Дактарамі працавалі ўсе сваякі па мамінай лініі: мой дзядуля, дзядзькі, цёткі і іх дзеці. Тата першапраходзец у медыцыне ў сваім родавым дрэве. Але менавіта ён паўплываў на мяне як на сына ў выбары прафесіі. Маё першае знаёмства з працай анестэзіёлага-рэаніматолага адбылося ў дзяцінстве. Мы з мамай часта заходзілі да таты на працу.

І аднойчы ён завёў мяне ў аперацыйную. Мне тады было гадоў шэсць. Вы, напэўна, скажаце – перабор, ранавата. Але менавіта гэты момант, мяркую, і нарадзіў тую іскрынку, якая пасля распаліла тот неймаверны агонь жадання стаць доктарам.

Як ні дзіўна, бацькі былі супраць, каб я станавіўся доктарам. Магчыма, на гэта паўплывала не лепшае фінансавае становішча ў сям’і, складаныя рабочыя будні і вялікая адказнасць.

Як і ўсе хлопчыкі, я марыў стаць касманаўтаў, лётчыкам. Так і атрымалася – я і стаў лётчыкам. Анестэзіёлага-рэаніматолага ў медыцыне заўсёды параўноўваюць з пілотам. У мяне свой самалёт, пасажырам якога з’яўляецца мой пацыент, чыё жыццё падчас аперацыі ў маіх руках, і за яго жыццё я нясу поўную адказнасць.

Чаму перайшоў у гімназію №7

Для паступлення трэба здаваць тэсты па трох прадметах – мове, хіміі і біялогіі. Гэта і вызначыла мой пераход пасля дзявятага класа з шостай гімназіі ў Маладзечанскі дзяржаўны ліцэй №7, цяпер гэта гімназія №7. Тут настаўнікі па хіміі і біялогіі былі наймайцнейшыя ў горадзе.

Мой класны кіраўнік Наталля Данілаўна Пашчук – бясспрэчны лідар сярод педагогаў па хіміі. Яна змагла зрабіць так, каб мы палюбілі прадмет. Настаўнік біялогіі Вольга Генрыхаўна таксама не давала расслабляцца на ўроках.

Ці рэальна паступіць на бюджэт у медыцынскі

Паступіць у БДМУ нерэальна? Ну я ж паступіў! І мая сястра паступіла, і амаль усе аднакласнікі апынуліся там. Так, гэта складана, але дасягальна.

Калі ў дзясятым класе ты яшчэ раскалыхваешся, маеш дастаткова часу, каб бавіць яго з сябрамі, то адзінаццаты – год бясконцай вучобы без перапынку. Пастаянна вучыш літаратуру, ездзіш на выхадных да рэпетытара. Так, гэты год быў самы складаны, але па-іншаму ніяк.

Я не мог сабе дазволіць не паступіць ва ўніверсітэт па некалькіх прычынах. Не мог не апраўдаць чаканні бацькоў, я проста не змог бы ім глядзець у вочы, калі б праваліў тэсты. Да таго ж мы не маглі сабе дазволіць плаціць вялізныя грошы за навучанне, калі б прайшоў на платнае. І ўвогуле, імкненне добра вучыцца пераняў у таты і мамы, таму было не прывыкаць. Бачыце, як шмат для мяне значаць бацькі. Зрабіўшы яшчэ большы ўпор на вучобу ў 11 класе, паступіў на бясплатную форму навучання. Перабраў амаль 50 балаў вышэй за прахадны.

Як вучыўся ў медыцынскім

Вучоба ў медыцынскім універсітэце складаная, гэта праўда. Але не трэба перабольшваць. Напэўна, ва ўсіх універсітэтах вучыцца складана, магчыма, не настолькі, як у БДМУ. Самае складанае – першыя тры курсы, калі вывучаюць не клінічную медыцыну, а прадметы, зусім не звязаныя з медыцынай або звязаныя ўскосна.

Паліталогія, філасофія і іншыя. На жаль, беларуская адукацыя як дзіця савецкай сістэмы так і пакінула ўсе гэтыя перажыткі. На прадметы, якія для спецыяліста не адыгрываюць істотнай ролі або можна вывучаць як факультатыўныя, адводзяць зашмат часу і ўвагі.

Гэта ідзе на шкоду прадметам, якія сапраўды спатрэбяцца доктару.

Менавіта таму нашы дактары выходзяць з універсітэта істотна слабейшымі за калег, што скончылі еўрапейскія або амерыканскія ўніверсітэты. Там стаўку робяць на прадметы, што непасрэдна звязаныя з медыцынай і нашмат больш часу надаюць практычнай падрыхтоўцы спецыяліста. А ў нашай медыцынскай адукацыі гэтага амаль зусім няма.

Ці праўда, што студэнты-медыкі тыднямі не спяць? Вучыцца да глыбокай ночы – нармальная з’ява ў медыцынскім універсітэце. Але так, каб зусім не спаць, – не, гэта ўжо толькі перад калёквіумамі і ў час сесій. Нездарма ж кажуць: ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела. І гэта сапраўды так. Жыццё студэнта-медыка зусім не сумнае! Яны ж такія самыя студэнты, як і іншыя. Таму час на студэнцкія забавы заўсёды знаходзілі.

Як стаў анестэзіёлагам-рэаніматолагам

Я пайшоў па слядах таты. Менавіта ён для мяне быў і застаецца вечным прыкладам для пераймання!

Таму ад самага пачатку ведаў, якую спецыяльнасць абяру. Ад чацвертага курса пачаў наведваць гурток па анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі. Першыя кнігі, якія падарылі бацькі ва ўніверсітэце, былі менавіта па гэтай спецыяльнасці.

Як працаваў на “хуткай дапамозе”

На “хуткую дапамогу” ўладкаваўся ў 2010 годзе, калі яшчэ быў студэнтам пятага курса. Спачатку як санітар выязной брыгады. Для мяне было мэтай стаць доктарам кардыёрэанімацыйнай брыгады, эліты “хуткай дапамогі”. У мой час такіх брыгад было ўсяго шэсць на амаль двухмільённы Мінск.

Прайшоў шлях ад санітара, фельчара, доктара лінейнай брыгады, а ў 2012 годзе нарэшце дарос да доктара кардыёрэанімацыйнай брыгады.

Паверце, вельмі шмат выпадкаў, калі пацыенты раздражняюць паводзінамі. Больш за ўсё здзіўляе эгаізм, менавіта так магу ахарактарызаваць выклікі брыгады “хуткай дапамогі” на лёгкі парэз пальца, тэмпературу 37,0. Да персаналу “хуткай дапамогі” некаторыя ставяцца, як да абслугі, прычым гэтага не хаваюць і не саромеюцца ў выразах. Некаторыя ставяцца да “хуткай”, як да таксі. У той жа час прыходзяць сотні вартых выклікаў, калі стан пацыентаў пагражае жыццю. Але такія людзі часам мусяць чакаць.

Ці адчуваў сябе героем? Я вельмі самакрытычны. Да таго ж, гэта мая праца і доўг. Для мяне многія дактары героі. Але героем не ты сам сябе павінны лічыць, а іншыя, калі такога звання заслугоўваеш.

У адзін месяц адпрацаваў 344 гадзіны

Мне пашчасціла працаваць у РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканак» на базе дзявятай гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Чаму пашчасціла? Аддзел анестэзіялогіі і рэанімацыі цэнтра – лідар у Беларусі. Не крывячы душой, скажу, што бальніца сапраўды можа называцца ўніверсітэцкай клінікай, якія ёсць тут, у Германіі. Нам выпала магчымасць расці і быць на галаву вышэй за калег, але за ўсё даводзілася плаціць.

У большасці дзяжурствы былі цяжкія, ночы бяссонныя. Да нас паступалі самыя цяжкія хворыя з усёй Беларусі. Абсалютна нармальнымі былі 32-гадзінныя рабочыя змены, 16 гадзін адпачынку і зноў на працу.

У час, калі я спалучаў бальніцу з “хуткай дапамогай”, некалькі разоў выходзіла за месяц больш за 300 рабочых гадзін. Мой рэкорд – 344 рабочыя гадзіны за месяц.

Гэта вар’яцтва, падумаеце вы. Так, гэта праўда. Але такая суворая рэальнасць доктара ў Беларусі. І такімі былі амаль усе ў калектыве. Аддавалі ўсяго сябе працы.

Калі была свабодная хвілінка па начах, збіраліся з маладымі калегамі, абмяркоўвалі, спрабавалі тэхналогіі, вучыліся. Такая вось рамантыка. Радаваліся, калі нашымі стараннямі атрымоўвалася ўкараніць нешта новае. Я ганаруся сваімі калегамі з цэнтра. Але, на жаль, амаль усе яны ўжо не ў Беларусі.

Калі вырашыў пераехаць у Германію

Тое, што, хутчэй за ўсё, з’еду з Беларусі, я ведаў яшчэ ва ўніверсітэце, а, магчыма, і да паступлення. Я не хацеў існаваць ад зарплаты і жыць за ідэю. Магчыма, для старэйшага пакалення гэта прагучыць груба, бо ў савецкі час гэта было сэнсам жыцця для многіх.

Я быў не першы і стану не апошнім, хто пераехаў у Германію. Доктару з’ехаць і знайсці працу нескладана, для гэтага не трэба карыстацца адмысловымі праграмамі. Разаслаў рэзюмэ, прайшоў сумоўе ў некалькіх клініках, выбраў тую, што спадабалася найбольш.

Сустрэў 2017 год з бацькамі дома, а 2 студзеня забраў працоўную кніжку і адправіўся ў Германію. Пачаў новае жыццё з Новага года. Праз два з паловай года памяняў месца працы, перайшоў у адну з самых буйных клінік Паўночнай Германіі. Для дактароў Германіі гэта звычайная з’ява. Тут дактары часта ездзяць з месца на месца.

Рашыцца на пераезд было зусім нескладана, таму што ідэю выношваў даволі доўга. Першыя тры месяцы былі самыя цяжкія.

Іншая мова, іншыя людзі, іншыя погляды і падыходы. А пасля ўсё ўнармавалася. Не магу сказаць, што цалкам адаптаваўся, але адчуваю сябе тут камфортна. Тут ветлівыя і добрыя людзі, паважліва ставяцца да доктара, свабода слова, годны ўзровень жыцця.

Параўнаем умовы ў Беларусі і Германіі

Доктар у Беларусі выжывае, а ў Германіі жыве. У Беларусі амаль усе працуюць на паўтары-дзве стаўкі. Тут жа гэта проста забаронена! Гэта небяспечна як для пацыента, так і для самога доктара. Верагоднасць доктарскай памылкі пры такой нагрузцы павялічваецца ў разы. Прафесійнае і эмацыйнае выгаранне ў Беларусі прыходзіць нашмат хутчэй.

Якаснае навучанне ва ўніверсітэце і паслядыпломная адукацыя – важныя складнікі перадавой медыцыны. На жаль, у Беларусі няма ні таго, ні іншага. Калі ты сам не будзеш займацца самаадукацыяй у Беларусі – не станеш добрым доктарам. Таму рэформы ў гэтай сферы неабходныя. У Беларусі шмат добрых дактароў, але гэта, хутчэй, заслуга іх саміх, а не сістэмы.

Давайце не будзем крывіць душой, адэкватны заробак таксама з’яўляецца залогам паспяховай медыцыны. Авіцэна казаў: «Доктар павінны быць апрануты ў багатае адзенне, насіць на руцэ дарагі пярсцёнак, мець лепшага каня, каб думкі пра хлеб штодзённы не адцягвалі ўвагу доктара ад клопатаў пра пацыента».

У Германіі ў мяне з’явілася шмат вольнага часу, які выдаткоўваю не на падпрацоўку, а на самаадукацыю, адпачынак, падарожжы. Колькасць прачытанай літаратуры, наведаных курсаў у разы вышэйшая, чым было на Радзіме.

Тут я магу сябе цалкам прысвяціць служэнню медыцыне. І мне гэта бязмежна падабаецца!

Інтэнсіўнасць працы тут нашмат вышэйшая, чым у Беларусі. Ты адпрацоўваеш кожны цэнт. Але аплата працы адпаведная. Затое нашмат больш свабоднага часу, можаш забяспечыць сабе годнае жыццё.

Што змянілася з каранавірусам

Каранавірус – безумоўна, злы і небяспечны вораг. Можна казаць, што ў свеце памірае нашмат больш людзей ад туберкулёзу або іншых інфекцый. Але гэты вірус набірае абароты, і смяротнасць у некаторых краінах ужо дасягнула 10%.

На шчасце, да майго горада хваля яшчэ толькі падбіраецца, але ўжо прынялі меры, каб мінімізаваць колькасць заражаных. Адмянілі масавыя мерапрыемствы, праводзяць скрынінг, рэарганізавалі бальніцы і фонд ложкаў.

Для мяне цалкам незразумела, чаму дагэтуль у Беларусі адмаўляюць факт небяспекі пандэміі. Хаця такія паводзіны нармальныя для гэтай краіны. На жаль, перахварэюць многія. Якой будзе смяротнасць, прадказаць немагчыма.

Але банальныя правілы гігіены, пазбяганне лішняга кантакту, асабліва масава – сапраўды дзейсныя метады ў барацьбе з каранавірусам.

Па чым беларускім сумуе

Канешне, больш за ўсё не хапае бацькоў. Калі з’язджаў, я ведаў, што так і будзе. Вельмі сумую па тым, што гатуе мая любімая мама! Калі лячу дадому, меню складаюць на ўвесь тыдзень. Без баршчу, дранікаў, катлет і пюрэ не абысціся!

Маладзечна – прыгожы горад, ён назаўсёды застанецца для мяне родным. Успамінаў так шмат, іх не пералічыць. І кожны раз, калі вяртаюся дадому, абыходжу горад. Гэта месца, дзе я нарадзіўся, горад, у якім вырас. Гэта маё Маладзечна!

Як заахвоціць моладзь да медыцыны

Прапаганда дапамогі людзям у Беларусі практычна не развітая. Стаўленне доктар-пацыент, ды і сама медыцына пакідаюць жадаць лепшага.

Зацікавіць можна, калі стварыць добрыя ўмовы для жыцця і працы доктара, а не для выжывання. Вярнуць тое паважлівае стаўленне да доктара, якое мы ў Беларусі даўно страцілі. Так можна павысіць зацікаўленасць маладога пакалення да гэтай прафесіі.

Якім бачыць будучыню

Я знаходжуся ў стадыі станаўлення і кар’ернага росту. Як складзецца ўсё ў далейшым? Хочацца верыць толькі ў лепшае.

Беларусь як месца для жыцця і працы, на жаль, не разглядаю. Вельмі спадзяюся, што ўмовы дактароў у краіне зменяцца да лепшага і адток кадраў за мяжу спыніцца. Хаця ў гэтым і сумняваюся.

• Текст доступен на языке: Русский