10 красавіка аб 11 гадзіне на нумар 101 Маладзечанскага ГРАНС паступіла паведамленне аб загаранні травы ў вёсцы Корсакавічы Аляхновіцкага сельсавета.

Ратавальнікаў выклікалі відавочцы, якія праязджалі міма. Работнікі МНС хутка патушылі пажар. Пры гэтым было ўстаноўлена, што мужчына, участак якога размешчаны побач, спрабаваў самастойна тушыць траву, у выніку чаго атрымаў тэрмічныя апёкі твару 1-й ступені, правай ступні 1-2-й ступеняў. Мужчына 1970 года нараджэнняя быў шпіталізаваны. Яму аказалі медыцынскую дапамогу, агульны стан здавальняючы. Прычына пажару высвятляецца.

Меркаваная версія ўзнікнення пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

10 красавіка ў 17:52 адбыўся пажар у доме ў вёсцы Вязынка. Яго выкарыстоўвалі пад дачу. Гаспадары ў гэты час знаходзіліся ў Мінску. У службу выратавання пра здарэнне паведаміў сусед. Ён убачыў, як з-пад даху пайшоў дым. Прычына пажару высвятляецца. Меркаваная версія – кароткае замыканне электраправодкі. У выніку пажару агнём пашкоджаная веранда і дах будынка.

12 красавіка ў 23:18 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Маладзечанскага ГРАНС паступіла паведамленне аб загаранні прыватнага хлява ў Беразінскім. Па дапамогу звярнулася гаспадыня, пенсіянерка 1961 года нараджэння. У момант пажару ў хляве знаходзіўся муж жанчыны, які рыхтаваў корм для свойскіх жывёл на спецыяльнай печы.

Менавіта ён стаў сведкам загарання адрыны, а жонка выклікала ратавальнікаў. Калі першае падраздзяленне прыбыло да месца выкліку, хлеў ўжо гарэў адкрытым полымем. Агонь распаўсюдзіўся па ўсім пляцы за лічаныя хвіліны. Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца. Меркаваная версія пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прыладаў (перепал печы). У выніку пажару хлеў выгараў знутры, дах знішчаны па ўсёй плошчы. Да прыбыцця ратавальнікаў гаспадары змаглі вывесці ўсіх свойскіх жывёл на вуліцу.

Ад пачатку сакавіка бягучага года выратавальнікі Маладзечанскага
гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях 70 разоў выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў сухой расліннасці. Толькі за мінулыя выхадныя ў Вяжуці, Мароські, вёскі Былыя, Сысуны, Радашкавічы, Маладзечна.

Штогод з надыходам вясны выпальванні сухой травы ператвараюцца ў рукатворнае стыхійнае бедства. Часам трава выпальваецца наўмысна сельскагаспадарчымі арганізацыямі для ачысткі палёў ад непажаданай расліннасці, але значна часцей прычынай загарання травы становіцца нядбайнасць, неасцярожнасць, а то і хуліганства дарослых людзей, у якіх хапае розуму выкінуць непатушаны недакурак з акна аўтамабіля, пакінуць непатушанымі вогнішча пасля пікніка, а то і пачаць выпальванне травы проста так. Нярэдка запаленую запалку ў траву кідаюць дзеці дзеля забавы і зусім не клапоцячыся пра наступствы.

З году ў год эколагі і выратавальнікі б’юць у звон і заклікаюць людзей не паліць траву на сваіх падворках. Агонь бязлітасны, знішчае не толькі раслінны пласт, гаспадарчыя пабудовы, але і наносіць сур’ёзныя траўмы самім падпальшчыкам.

МНС Беларусі нагадвае, што неабходна быць асцярожнымі пры навядзенні парадку ў прыватных жылых дамах, на дачах:

– вывозіць смецце ў спецыяльна адведзенае месца;

– калі без спальвання не абысціся, абярыце пляцоўку так, каб выключыць пажар, адлегласць да будынкаў і збудаванняў павінна быць не менш за 10 м, ад ляснога масіва – 20 метраў, 30 метраў ад месцаў, дзе ляжыць сена ці салома. Паліць адходы можна толькі ў зацішнае надвор’е, полымя трэба пастаянна кантраляваць, ні ў якім разе не пакідаць без нагляду;

– не забывайце пра вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўку;

– выпальванне сухой расліннасці, траў на корані катэгарычна забараняецца!

Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.

У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць (арт. 270, 276 Крымінальнага кодэксу РБ). МНС папярэджвае: прычынай многіх надзвычайных сітуацый з’яўляецца безадказнасць чалавека і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі! Памятаеце, за бяспеку прыходзіцца плаціць, за яе адсутнасць двойчы. Не грэбуйце жыццёва важнымі правіламі.

У выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый неадкладна тэлефануйце на нумары 101 ці 112, не забываючы ўказваць адрас і месца пажару!