Новае пахаванне - у цэнтры. Справа ад яго - старыя помнікі з такім самым прозвішчам. Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

Пра новую магілу на старых пахаваннях, што ўзніклі яшчэ за польскім часам, нам паведамілі вілейскія краязнаўцы.

– Новая магіла з’явілася на пахаваннях 1920-1924 гадоў сёлета ў сярэдзіне сакавіка. Там пахавалі жанчыну з 1927 года нараджэння. Як так магло атрымацца: гэта ж  пахаванне польскай паліцыі. Туды нельга так падзахоўваць людзей. Канешне, калі раптам гэта сваячка некага з пахаваных і ёсць адпаведныя дакументы, то гэта ўжо крыху іншая сітуацыя, – кажа вілейскі краязнаўца Дзяніс Канецкі.

Так выглядалі могілкі ў 1930-х гадах. Фота забяспечанае Дзянісам Канецкім.

«Рэгіянальная газета» звязалася са спецыялістамі, якія могуць ведаць пра пахаванне і пабывала на могілках.

У вілейскім касцёле нам паведамілі, што касцёл не адказвае за месца пахавання, таму ніякіх каментароў даць не можа.

У аддзеле культуры, ідэалагічнай працы і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама патлумачылі, што самі толькі сёння даведаліся пра гэтую сітуацыю і цяпер працуюць над ёй. Высвятляе абставіны і Вілейскі краязнаўчы музей.

У Вілейскай ЖКГ нам расказалі, што ведаюць пра гэтае пахаванне.

Яно законнае, бо пахаваная жанчына – сваячка тых, хто пахаваны на гэтай тэрыторыі раней.

Адзначылі таксама, што месца было пакінутае спецыяльна для гэтага пахавання.

Калі «Рэгіянальная газета» прыехала на месца, мы заўважылі, што сапраўды прозвішча на крыжы з нядаўняй магілы і на двух ранейшых помніках, што знаходзяцца побач, супадаюць. Самае ранняя магіла з гэтым прозвішчам датуецца 1939 годам. Тут пахаваны мужчына Вавжынец К., народжаны ў 1894, каля яго ў 1965 – жанчына Аляксандра К., народжаная ў 1896. Помнікі зробленыя ў адным стылі.

• Текст доступен на языке: Русский