Заказчыкі хацелі падвясную столь, але так і недачакаліся яе. Фота potolkisvetilniki.by.

У Маладзечанскі РАУС звярнуўся 19-гадовы гараджанін, які пазбавіўся больш за шэсць тысяч рублёў, замовіўшы нацяжную столь у мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка.

Па словах пацярпелага, іх супрацоўніцтва з прадпрымальнікам пачалося ад сярэдзіны лютага. Пасля падпісання дамовы хлопец перадаў у якасці перадаплаты больш за тысячу рублёў. Аднак праз пяць дзён гэтай сумы стала замала – спецыяліст папрасіў даплаціць, прычым суму ў два разы большую за папярэднюю. І так працягвалася каля месяца. У цэлым, нацягнуць столь маладзечанцу каштавала 3 150 долараў у эквіваленце, але выканання замовы мужчына так і не дачакаўся.

Аператыўнікі ўстанавілі, што да гісторыі датычны 28-гадовы жыхар Маладзечна, чый мэблевы бізнес на словах ужо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў. Мужчына быў судзімы за ўчыненне аналагічных ашуканскіх дзеянняў.

Магчыма, хтосьці з вас сутыкаўся з прадпрымальнікам. Паведаміце пра гэта ў міліцыю. Фота УУС Мінаблвыканкама.

Схема падману была такой: прадпрымальнік заключаў з грамадзянамі дагаворы на выраб і ўстаноўку мэблі або нацяжных столяў, браў перадаплату, а затым знаходзіў прычыны яшчэ выцягваць грошы і не выконваць прынятыя замовы. На сённяшні дзень ахвярамі нядобрасумленнага камерсанта сталі каля дзесяці жыхароў Маладзечна, Мінска і прысталіччча. У сярэднім кліенты ўносілі аванс у памеры 30% ад кошту замовы.

Знайшліся ў гэтым спісе і спажыўцы, якія  далі падмануць сябе двойчы. Так, мужчына на працягу месяца узяў з 32-гадовай жыхаркі Мінскага раёна больш за 1700 рублёў на выраб кухоннай мэблі і нацяжной столі. Замову ён выканаў часткова, усталяваўшы падвясную канструкцыю. Пакуль кухня нібыта была ў працы, жанчына вырашыла дапоўніць інтэр’ер у доме новай шафай, замовіўшы яго таксама ў маладзечанскага прадпрымальніка. Не дачакаўшыся ні кухні, ні шафы, яна звярнулася ў міліцыю.

Фмгуранта праваахоўнікі затрымалі. Сам ён тлумачыць, што падчас выканання замоў паўсталі складанасці: то транспарт зламаўся, то грошай на матэрыялы не хапала. Дзеянням мужчыны следчыя далі прававую ацэнку і распачалі крымінальную справу па фактах махлярства.

У міліцыі ёсць падставы меркаваць, што падобных выпадкаў падману можа быць больш. У сувязі з гэтым грамадзянам, якія пацярпелі ад дзеянняў гэтага грамадзяніна, просьба паведаміць у міліцыю.