Фота delo.ua.

У Смаргоні следчыя распачалі крымінальную справу за крадзеж іншамаркі. Пад падазрэннем у злачынстве – 30-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына ўзяўся рамантаваць чужую машыну і п’яным ездзіў на ёй па горадзе.

Усё здарылася ў канцы сакавіка. Саракагадовая смаргонка прыгнала мясцоваму майстру сваю таёту. У аўтамабілі трэба было выдаліць карозію і замяніць лабавое шкло. У выніку замест гэтага ўладальніца забрала іншамарку з дадатковымі пашкоджаннямі.

– Следча-аператыўная група ўстанавіла, што аднойчы ў госці да падазраванага прыйшоў знаёмы, з якім яны сталі піць гарэлку ў салоне машыны, што рамантавалася. Падчас распіцця майстар прапанаваў на ёй пакатацца.

Праз некалькі гадзін п’яной язды, у тым ліку па бездаражы, фігурант прыпаркаваў транспарт у адным гаражы. На наступны дзень падазраваны прыйшоў за машынай, каб перагнаць яе на ранейшае месца – абарона рухавіка і пярэдні бампер былі пашкоджаныя.

Памяў кіроўца і заднія дзверы, калі выязджаў з бокса, – распавялі ў Смаргонскім РАУС.

На сустрэчы з гаспадыняй аўто мужчына ва ўсім прызнаўся і абяцаў усё ліквідаваць. Жанчына яму не паверыла, забрала іншамарку і звярнулася за дапамогай у міліцыю. Вядома, што раней фігурант прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, а таксама да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы.

• Текст доступен на языке: Русский