Падобнай прыладай адзін віляйчук пабіў другога. Фота wikipedia.org.

Сёння ў судзе Вілейскага раёна зачыталі прыгавор 21-гадоваму жыхару Вілейкі.

Здарэнне адбылося яшчэ зімой, ноччу 3 студзеня. 21-гадовы віляйчук у двары свайго дома стукнуў 22-гадовага знаёмага гваздадзёрам: два разы па тулаву і адзін раз – па галаве. Пацярпелы атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму.

Як выстветлілі спецыялісты, падзеі разгортваліся так. Брат абвінавачанага праз сацсетку спісаўся з пацярпелым. Адразу запрашаў яго сустрэцца, адзначыць Новы год. Але пасля ў перапісцы паміж маладымі людзьмі ўзнік канфлікт.

На сустрэчу прыйшлі пацярпелы з сябрам і абвінавачаны са сваім братам.

Прычым абвінавачаны прыхапіў з сабой гваздадзёр.

Падчас сустрэчы паміж братам абвінавачанага і пацярпелым завязалася патасоўка, яны паваліліся на зямлю. У нейкі момант абвінавачаны адкінуў брата і стукнуў пацярпелага гваздадзёрам тры разы.

– На судзе і пацярпелы, і яго брат прызнавалі, што пагрозы іх жыццю і здароўю не было. Адпаведна не было неабходнасці біць пацярпелага, – тлумачыць памочнік пракурора Вілейскага раёна Наталля Стрэж.

На судзе абвінавачаны прызнаў віну і раскаяўся. Суд улічыў гэтыя абставіны, а таксама тое, што абвінавачаны мае непаўнагадовае дзіця. А вось тое, што злачынства здзяйснялася ў стане алкагольнага ап’янення, прызналі абцяжарваючымі абставінамі.

Пацярпелы прад’явіў абвінавачанаму грамадзянскі іск на 10 тысяч рублёў як матэрыяльную і маральную кампенсацыю і прадаставіў суду дакументы пра сваё лячэнне.

У выніку траўмы малады чалавек атрымаў трэцюю групу інваліднасці.

Фігуранта асудзілі па частцы 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса – свядомае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.  Абвінавачанаму прысудзілі чатыры гады калоніі. А яшчэ ён павінен цалкам задаволіць грамадзянскі іск пацярпелага. Прыгавор не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Вілейская пракуратура заклікае грамадзян думаць пра свае ўчынкі.

• Текст доступен на языке: Русский