Фота з архіва РГ.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі распрацоўвае план падтрымкі турыстычнай галіны ў перыяд пандэміі каранавірусу, расказаў кіраўнік ведамства Сяргей Кавальчук.

«Мы будзем прапаноўваць пакет мераў. Патрэбны падатковыя, крэдытныя, арэндныя льготы. У бліжэйшы час, думаю, рашэнні будуць прынятыя», — паведаміў чыноўнік у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Міністр адзначыў, што цяпер актыўна вывучаецца досвед іншых краін, якія таксама сутыкнуліся з наступствамі каранавіруса і зрабілі пэўныя захады для падтрымкі турыстычнай галіны.

«Вывучаем досвед Расіі, Францыі, Нямеччыны, Іспаніі, Італіі. Гэта тыя краіны, дзе на дзяржаўным узроўні ўжо прымаюцца пэўныя захады», — заявіў Сяргей Кавальчук.

Ён таксама ўдакладніў, што ведамству ў супрацы з Міністэрствам замежных спраў удалося вярнуць на радзіму ўсіх арганізаваных турыстаў, якія захраслі праз закрыццё межаў. Агулам іх набралася больш за шэсць тысяч.

Па тых, хто з’ехаў за мяжу самастойна, рашэнне прымуць бліжэйшым часам. Паводле папярэдніх звестак, такіх каля тысячы.