Так працуе Зоя Хруцкая.

Ва ўмовах пандэміі амаль уся наша рэдакцыя перайшла на ўдалёнку. Штодзень плануемся па скайпу, абмяркоўваем будучы друкаваны нумар «РГ» ў рэдакцыйным чаціку. 

Канешне, кожнаму з нас не хапае цёплай рэдакцыйнай атмасферы, сумесных чаяванняў і бясконцых жартаў. Але ж так склалася сітуацыя, што нават смяяцца і жартаваць мусім па скайпе. А пакоі ў кватэрах сталі працоўнымі кабінетамі. Глядзіце, як гэта выглядае.

Настасся Уткіна, журналіст

Працоўнае месца Настассі Уткінай.

– Гэта маё працоўнае месца, пакуль я знаходжуся пару дзён у бацькоў дома, на Віцебшчыне. Насамрэч, рэальнае працоўнае месца на ўдалёнцы ў Маладзечне выглядае інакш. Яно таксама на кухні, але без ката і з яшчэ адным ноўтбукам: на адным глядзіш брыфінгі Мінздароўя, на другім — пішаш артыкулы.

Ігар Палынскі, тэхнічны рэдактар

Працоўнае месца Ігара Палынскага.

– Як чалавеку максімальна сацыяльнаму, мне няпроста цэлымі днямі сядзець у чатырох сценах. Самаізаляцыя ўскладняецца тым, што жыву ў вёсцы, і нават трывіяльны візіт у краму становіцца прыгодай. Пра добры інтэрнэт можна толькі марыць. Але такі спосаб працы зараз — апраўданы.

Працоўнае месца Ігара Палынскага.

Вельмі чакаю, калі ўсё скончыцца Ёсць і плюс: крыху больш часу стаў праводзіць з сям’ёй. Бо дзяцей (два гады і год) не дужа хвалюе, што «тата працуе!».

Зоя Хруцкая, намеснік галоўнага рэдактара

Працоўнае месца Зоі Хруцкай.

– Мне вельмі важна, каб на рабочым стале ўсё ляжала менавіта так, як я паклала. Каб я магла з заплюшчанымі вачыма ўзяць карэктар або ручку з чырвоным стрыжнем. Усё складзена самым зручным для мяне чынам, і павінна ляжаць на сваіх месцах, вось такі ў мяне пункцік. Яшчэ я фанат мілай канцылярыі. Калі ў мяне на стале механічная тачылка, прыгожыя алоўкі і ручкі, ажно жыццё становіцца лягчэйшым.

Вельмі люблю ставіць на стол кветкі, але цяпер у гэтай радасці вымушана сабе часцей адмаўляць – у магазін стараемся хадзіць нячаста.

Каву п’ю з кубка са сподачкам, якія падарылі ў вілейскай керамічнай студыі «Золак».

Я пісала пра гаспадароў, пра тое, як жывуць два творцы і ўтрымліваюць сям’ю, і мне падарылі вось такі цудоўны выраб. Кава ў такім кубку мае проста непаўторны водар! Не магу жыць без салодкага. Эклерчыкі купляю, калі хаджу на базар па цэны, якія мы пасля друкуем на трэцяй паласе. Яны вельмі смачныя і танныя. Мне вельмі падабаецца, што проста перада мной вакно, і я, прызнаюся, заліпаю, гледзячы ў яго.

Гляджу на аблокі і прам адпачываю.

На падваконні ў мяне кніжкі, якія цяпер чытаю, шахматы бацькі і, канешне, «Рэгіянальная газета».

Аксана Ярашонак, журналіст

Працоўнае месца Аксаны Ярашонак

– Асобнага кабінета ў кватэры я не маю. Ім становяцца ў залежнасці ад сітуацыі кухня або куточак на шырокім падваконні-стале ў адным з пакояў. Набор для працы самы мінімальны – ноўт, нататнік, ручка, навушнікі з мікрафонам, стацыянарны тэлефон і мабільнік. Апошняга не відаць у кадры, бо ім фатаграфую.

А яшчэ ў кадр трапілі вазоны, падораныя мне на народзіны дарагімі калегамі.

Мілы кактус – ад Зоі Хруцкай і высокая кветка са складанай назвай – ад Алесі Птушкі.

Дзяўчаты, вашы падаруначкі ўсё яшчэ жывуць у нас на падваконні і радуюць вока.

Адзенне для працы? Любімыя шорты ці ўтульны халацік. І часам на маім стале з’яўляецца кубак з кавай.

• Текст доступен на языке: Русский