Фота Настассі УТКІНАЙ.

Міністэрства адукацыі працягвае маніторыць сітуацыю – на сёння каля 40% вучняў гатовыя прыйсці ў школы, астатнія аддаюць перавагу дыстанцыйнаму навучанню, паведаміла сёння начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Ірына Каржова падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

«Сёння каля 40% навучэнцаў гатовыя сесці за парту і працягнуць навучанне ў чацвёртай чвэрці. Для навучэнцаў, хто па заяве бацькоў не прыйдуць у школы, мы вывучаем магчымасць арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій», — адзначыла Ірына Каржова.

Паводле яе звестак, больш за 90% устаноў адукацыі маюць хуткасны інтэрнэт, больш за 85% тэхнічна гатовыя пачаць навучанне дыстанцыйцна. Пры гэтым 85% настаўнікаў гатовыя выкладаць з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і больш за 75% навучэнцаў гатовыя пачаць навучанне дыстанцыйна.

«Для тых, хто прыйдзе ў школу і сядзе за парты, мы гатовыя пачаць звычайны адукацыйны працэс – вочна, у традыцыйным рэжыме. Міністэрства адукацыі сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі ў дапамогу настаўніку адкарэктаваў каляндарна-тэматычнае планаванне, каб завяршыць навучальны год ва ўстаноўленыя тэрміны і правесці атэстацыю вучняў», – сказала Ірына Каржова.

Тых, хто не гатовы прыступіць да заняткаў вочна, Міністэрства адукацыі прапануе перавесці на індывідуальны вучэбны план.

Як патлумачыла Ірына Каржова, гэта не новая форма, яна знаёмая настаўнікам, установам адукацыі і бацькам. «Асаблівасць будзе заключацца ў тым, што пры пераводзе на індывідуальны вучэбны план будзе забяспечана суправаджэнне навучання настаўнікам. Суправаджэнне будзе прадугледжваць дастаўку вучню асноўнага аб’ёму вывучаемага матэрыялу, інтэрактыўнае ўзаемадзеянне навучэнцаў і настаўнікаў, прадастаўленне школьніку магчымасці самастойнай працы па засваенні матэрыялу, кантроль ведаў і навыкаў навучэнца «, – патлумачыла прадстаўнік Минобра.

Каналы ўзаемадзеяння – электронная пошта, сайт установы адукацыі, Skype, Viber – будзе выбіраць школа ў залежнасці ад спецыфікі, магчымасцяў, тэхнічнага абсталявання.

Ірына Каржова звярнула ўвагу, што Мінадукацыі гатова да розных варыянтаў, зыходзячы з сітуацыі, таму рашэнне па далейшай арганізацыі адукацыйнага працэсу будзе прынята ў бліжэйшы час з улікам усіх рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя.

«Сёння ўстановы адукацыі знаходзяцца на вакацыях, і я хачу звярнуць увагу, што школа не зачыненая, настаўнікі працуюць. У дапамогу бацькам, якія не могуць пакінуць дзяцей дома, у школе працуюць лагеры. Іх наведваюць больш за 3 тыс. дзяцей», – удакладніла яна.