Фота onliner.by.

Жыхарка Маладзечна пазбавілася амаль чатырохсот рублёў, набыўшы ў інтэрнэце кашулю за чатыры долары.

24-гадовая гараджанка, звярнуўшыся ў міліцыю, распавяла, што тавар замовіла на сайце MimoreShop.com. Для аплаты дзяўчына паказала рэквізіты сваёй банкаўскай карты, а менавіта 16-значны нумар, тэрмін дзеяння і СVV-код. Аднак смс-паведамленняў аб спісанні грошай яна не атрымлівала.

Пра крадзеж пацярпелая даведалася толькі праз некаторы час, калі на тэлефон прыйшло паведамленне аб астатку на карт-рахунку. Тады маладзечанка зразумела, што яе развялі ашуканцы і спісалі парадку 350 рублёў, праўда, у кітайскіх юанях

У ходзе праверкі аператыўнікі ўстанавілі, што сайты – махлярскія. Ашуканцы скарысталіся уведзеным рэквізітамі банкаўскіх карт і выкралі з рахунку пацярпелай грошы. Цяпер устанаўліваюць падазроных асоб.

Міліцыя ў чарговы раз рэкамендуе грамадзянам не здзяйсняць пакупкі на невядомых гандлёвых пляцоўках, тым больш пакідаць рэквізіты банкаўскіх картак, лагін і пароль да інтэрнэт-банкінгу, а таксама не перадаваць коды з SMS ад банка і аплатных сістэм. Акрамя таго, каб абараніць сябе і свой бюджэт ад злачынных замахаў, спецыялісты раяць выкарыстоўваць антывіруснае праграмнае забеспячэнне, якое можа прадухіліць пераход на махлярскія рэсурсы.