Апошнія пару гадоў нас з усіх бакоў акружаюць словы “экалагічны”, “арганічны”, “біяраскладальны”. Чалавек на ровары або з тэрмакубкам у руцэ і з палатнянай торбай на плячы становіцца звыклай з’явай. Такія звычкі – гэта не толькі модна. Яны дапамагаюць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.

А яшчэ экалагічна сяброўскія звычкі – магчымасць зэканоміць сямейны бюджэт. І не на пару рублёў, а так, што за год можна спакойна назбіраць на новы смартфон. Як? Разбіраемся разам!

Карыстайцеся сваёй тарай

Гэта самы відавочны від эканоміі. Калі мы купляем, напрыклад, расфасаваныя курыныя крыльцы, то плацім дадатковыя грошы за кантэйнер. Калі тыя ж крыльцы набываць на вагу, можна зэканоміць у сярэднім 30 капеек на адной пакупцы.

Да таго ж зусім хутка беларускае заканадаўства стане больш лаяльным для пакупнікоў, якія гатовыя набываць прадукцыю на вагу ў сваю тару. Абноўленыя санітарна-эпідэміялагічныя нормы дазволяць прыходзіць у краму са сваім шматразовым кантэйнерам і не прыносіць дамоў лішняе смецце.

Не чакаючы змены ў заканадаўстве, на вагу заўсёды можна набываць садавіну, цукеркі, печыва, сухафрукты. Памятайце, што так званыя «бясплатныя» фасовачныя пакеты – самы вялікі боль нашай прыроды.

Па інфармацыі Greenpeace, у свеце кожную хвіліну прадаюць 1 мільён фасовачных пакетаў. І кожны з іх будзе раскладацца каля 500 гадоў. Таму для вас як пакупніка яны будуць бясплатныя, але прыродзе будуць каштаваць вельмі дорага.

Замест пакетаў многія прадукты лепш набываць у фруктоўніцы – палатняныя торбачкі розных памераў з завязкамі, якія можна выкарыстоўваць шмат гадоў.

Адмоўцеся ад пластыкавых пакетаў

Калі тонкія фасовачныя пакеты найчасцей мы можам узяць бясплатна, то ўжо за вялікія пакеты-майкі давядзецца заплаціць каля 10 капеек. Не так і шмат на першы погляд.

Але калі палічыць, што ў краму мы ходзім два-тры разы на тыдзень і рэгулярна набываем новую “майку”, то за год набягае кругленькая сума – каля 15 рублёў.

Замест пластыкавых пакетаў аптымальна выкарыстоўваць палатняную торбу. Яна не толькі вытрымлівае большую вагу, але і больш зручная – яе можна несці на плячы. Да таго ж лёгка мыецца ў пральнай машынцы і застаецца ў добрым выглядзе гадамі. А калі ўсё ж сапсуецца, то не будзе стагоддзямі раскладацца на звалцы, як пластык, а хутка згніе дзякуючы натуральным матэрыялам.

Многія арганізацыі робяць палатняныя торбы ў якасці промапрадукцыі. Таму вам нават не давядзецца яе купляць – пашукайце, і хутка знойдзеце некалькі стыльных торбаў бясплатна.

Не пакідайце прыборы ў рэжыме чакання

Чырвоная лямпачка, што свеціцца ў тэлевізары, камп’ютары, мікрахвалёўцы ці прынтары дазваляе нам хутка ўключыць прыбор. За гэта мы і любім рэжым чакання.

Але ж лямпачка гарыць – і прыбор выкарыстоўвае электраэнергію. Вядома, не ў такім аб’ёме, як ва ўключаным рэжыме, але і яе можна падлічыць.

Па дадзеных брытанскай кампаніі EDF Energy, калі ваш 32-цалёвы тэлевізар будзе стаяць у рэжыме чакання цэлы год, то спажыве 1,6 Вт электраэнергіі. Вядома, лічба будзе адрознівацца ў залежнасці ад мадэлі тэлевізара.

Калі дадаць да яго іншыя прыборы, якія ў нашым доме знаходзяцца ў рэжыме чакання, то за год набягае нечакана вялікая сума. Паспрабуйце палічыць, колькі вы аддаяце грошай за тое, што не дастаяце вілку з разеткі.

За год набяжыць некалькі дзясяткаў рублёў – сума залежыць ад таго, як шмат прыбораў у доме.

Прадавайце непатрэбныя рэчы

Дзеці выраслі з адзення, а яно ў добрым стане? Сяброўкі падарылі вазу, якая гадамі пыліцца ў шафе?

Праводзячы вясеннюю прыборку, збярыце ў кучу тыя рэчы, якімі не карысталіся апошнія некалькі гадоў. Многія з іх сапраўды могуць быць патрэбныя іншым, а вам дапамогуць папоўніць сямейны бюджэт. Інтэрнэт-барахолкі, камісійныя і букеністычныя магазіны, групы ў сацсетках – варыянтаў для продажу ўжываных рэчаў шмат.

Гэты прынцып працуе ў два бакі: калі недзе вы можаце прадаць, то там жа зможаце і набыць тое, што трэба вам. Часам за сімвалічныя грошы на інтэрнэт-барахолках можна набыць якасныя дарагія рэчы. Дзякуючы гэтаму вы атрымаеце ў скарбонку некалькі дзясяткаў ці нават сотняў рублёў.

Да таго ж вы атрымаеце дадатковы «зялёны плюсік» – падорыце другое жыццё рэчы, а не набудзеце новую. А значыць, зэканоміце прыродныя рэсурсы, якія б пайшлі на яе вытворчасць.

Перагледзьце бытавую хімію

Часта нашы ванныя забітыя сродкамі бытавой хіміі: амаль для кожнага прадмету інтэр’ера можна набыць асобны сродак. Ці варта гэта таго і для вашага здароўя, і для кашалька?

Падчас прыборкі мы ўдыхаем бытавую хімію, дакранаемся да яе рукамі. Многія сродкі змываем не да канца і працягваем удыхаць іх далей.

Такія простыя рэчы з кухні нашых бабуляў, як сода, воцат і гаспадарчае мыла, не толькі прыбяруць лепш за некаторыя раскручаныя сродкі і будуць бяспечнымі для здароўя, але і сур’ёзна зэканомяць грошы.