Лагатып ФК «Астравец». Фота vk.com/fco2020.

У сезоне-2020 у другой лізе згуляе футбольная каманда з Астраўца. Клуб некалькі тыдняў таму прэзентаваў новы лагатып, які распрацаваў ісландскі дызайнер Рафн Гісласан.

«Рэгіянальная газета» паразмаўляла з Рафнам пра супрацу з астравецкай камандай і беларускі футбол.

Першае супрацоўніцтва з беларускім клубам

Рафн рабіў лагатыпы для бразільскіх, іспанскіх, англійскіх клубаў і многіх іншых камандаў з розных куткоў свету. Для ісландца праца з «Астраўцом» была першым досведам у беларускім футболе.

Прадстаўнікі астравецкай каманды знайшлі профіль Гісласана з яго работамі на адным з папулярных рэсурсаў для дызайнераў. Праца над лагатыпам «Астраўца» пачалася з гэтага сакавіка.

Рафн патлумачыў, што працаваць з астравецкім клубам было лёгка. Ён кантактаваў
з чалавекам, у якога добрая англійская мова.

– Я таксама выкарыстоўваў анлайн-перакладчык, каб сачыць за клубам у сацыяльных сетках.

Распрацоўка каманднага лагатыпа праходзіла ў цесным кантакце з клубам.

– Заўсёды, калі працую з клубамі над дызайнам, пытаюся, у першую чаргу, што яны хочуць пабачыць. Лагатып павінны прадстаўляць каманду, паказваць яе каштоўнасці. Мяне папрасілі зрабіць просты, мінімалістычны дызайн. Дуб сімвалізуе горад, таму я пакінуў на лагатыпе лісты дуба і жолуд.

Працуе цесляром, а дызайн – хобі

Рафн па прафесіі цясляр, але заўсёды быў зацікаўлены ў дызайне. Асабліва яго цікавілі спартыўныя лагатыпы.

– Гэта з-за таго, што я сам гуляў у футбол у юнацтве. Адтуль і зацікаўленасць у лагатыпах.

Да 2009 года ён не рабіў для камандаў дызайн на камерцыйнай аснове. У 2009-м Рафну прыйшлося спыніць цяслярскую працу з-за захворвання. Тады ісландзец змог прысвяціць час свайму хобі – дызайну. Аднак цяслярства ён не пакінуў.

Спачатку Рафн зрабіў некалькі лагатыпаў для клубаў з Ісландыі. Потым атрымаў запрашэнне працаваць з замежнымі камандамі. Напрыклад, для гандбольнага клуба з Літвы «Драгунас», для заўзятараў шатландскага ФК «Данфермлін Атлетык» і для шэрагу камандаў з ЗША і Аўстраліі.

Рафн цікавіцца спортам, і для яго не мае значэння, што гэта за від. На першым месцы для Гісласана гэта футбол і гандбол. Яму таксама падабаецца лёгкая атлетыка і баскетбол. У Ісландыі ён заўзее за каманду «КР», а ў англійскім футболе некалькі дзясяткаў год падтрымлівае «Лідс Юнайтэд».

– Яшчэ мяне цікавіць іспанскі і нямецкі футбол, але не заўзею ў гэтых чэмпіянатах ні за якія каманды. Як спартыўны энтузіяст, я сачу за любым відам спорту, але беларускі
футбол ніколі не глядзеў.

Рафн не цікавіўся беларускім футболам да супрацоўніцтва з астравецкім клубам. Але адзначыў, што цяпер будзе сачыць за чэмпіянатам Беларусі.

ФК «Астравец» згуляе ў другой лізе ў дывізіёне разам з ФК «Маладзечна». Першая гульня для астраўчан пройдзе ў гэту суботу з «Івацэвічамі» на выездзе.

• Текст доступен на языке: Русский