На месцы здарэння. Фота УУС Мінаблвыканкама.

Днямі злодзеі абакралі дзве кватэры ў Маладзечне. У абодвух выпадках у кватэры трапілі, узламаўшы кнопачныя замкі.

У Маладзечанскі РАУС звярнулася 28-гадовая гараджанка. Яна паведаміла, што калі адсутнічала дома, невядомыя праніклі ў кватэру па вуліцы Вялікі Гасцінец. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група.

Прыбыўшы на месца, міліцыянеры ўстанавілі, што па паказаным адрасе заяўніца жыве  з малалетнімі сынамі. Уваходныя дзверы ў кватэру з вонкавага боку зачыняецца аўтаматычна націсканнем кнопкі. Апоўдні гаспадыня з дзецьмі адлучылася па асабістых справах. Вярнуўшыся дадому праз некалькі гадзін, сям’я ў кватэру патрапіць не змагла. Уваходныя дзверы былі зачыненыя, а ключ у замку не паварочваўся. Жанчына папрасіла дапамогі ў суседа, які з дапамогай абцугоў адчыніў дзверы.

Зайшоўшы ў кватэру, маладзечанка ўбачыла, што па ўсім доме былі раскіданыя рэчы, якія зламыснікі выцягнулі з шаф і тумбаў. Верагодна, злачынцы шукаў грошы і каштоўнасці. Злодзеі скралі пяць долараў, што ляжалі на бачным месцы.

Па гэтым факце Маладзечанскі РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аналагічнае злачынства здарылася ў Маладзечне некалькімі днямі раней. Пашкодзіўшы дзвярны кнопачны замок, невядомыя праніклі ў зачыненую кватэру 55-гадовага гараджаніна, у пошуках каштоўнага раскідалі рэчы і выкралі спіртное.

Па словах першага намесніка начальніка Маладзечанскага РАУС, начальніка крымінальнай міліцыі Юрыя Кабакова, для крадзяжоў зламыснікі часта выбіраюць кватэры з кнопачнымі замкамі. Крадуць ювелірныя вырабы, грошы, дарагую тэхніку.

Калі дзверы ў вашу кватэру ўзламаныя, неадкладна звяртайцеся ў міліцыю на лінію 102. Пры гэтым не варта ўваходзіць ўнутр да прыезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб не сцерці сляды злачынцаў.

 

• Текст доступен на языке: Русский