Паразмаўлялі з медыкамі з нашага рэгіёна, каб даведацца, чаму людзі абіраюць адну з самых складаных прафесій сучаснасці, што іх цікавіць акрамя медыцыны і што яны думаць пра каранавірус.

Марыя Ліранава, студэнтка медкаледжа ў Маладзечне

Не хацела нават з гэтым жыццё звязваць. Аднак не паступіла туды, куды хацела. Першапачаткова я збіралася ісці вучыцца на выхавальніцу ў БДПУ імя Максіма Танка, але паступіла ў медыцынскі каледж у Маладзечне.

Мая спецыяльнасць – «сястрынская справа», я буду медсястрой. Спачатку было нялёгка, бо ніякага жадання не было.

Самае складанае – вывучыць вялікія аб’ёмы інфармацыі. Першы тыдзень увогуле з дзяўчатамі з пакоя плакалі. Хацелася так дзіка дадому. Далей, канешне, прывыклі. Але ўсе пачыналі з дрэнных адзнак.

А ўжо потым пайшла зацікаўленасць. Пачалі вывучаць працэдуры і маніпуляцыі – унутрымышачныя, унутрывенныя ін’екцыі і гэтак далей.

Мы ўжо канчаткова сыходзім на працу, вучоба ў каледжы хутка заканчваецца. Усе шчаслівыя, ніхто не шкадуе. А ў мяне размеркаванне.

Вядома, акрамя медыцыны ёсць і іншыя зацікаўленасці. Раней спрабавала вывучыцца на праграміста, бо IT-тэхналогіі таксама маё ўсё.

Каранавіруса не баюся. Ёсць, хутчэй за ўсё, страх заразіць сваіх блізкіх, калі ўжо на тое пайшло. За сябе не баюся, бо калі ўжо выбрала медыцыну, то трэба дапамагаць і лячыць.

Ілюстрацыйнае фота LA Times.

Уладзіслаў Бажко, студэнт БГМУ з Маладзечна

З медыцынай я знаёмы з моманту свайго нараджэння. Мае бацькі былі студэнтамі медыцынскага ў той перыяд. І ў працэсе свайго сталення назіраў за тым, з чым сутыкаюцца медыкі ў сваім асабістым і прафесійным жыцці. Мне было гэта цікава, і, урэшце, вырашыў звязаць сваё прафесійнае жыццё з медыцынай.

Цяпер вучуся на лячэбным факультэце. Я быў членам беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Там пазнаёміўся з 17 мэтамі ўстойлівага развіцця грамадства. Адна з іх супадае з маімі планамі на будучыню: «Памяншэнне няроўнасці ўнутры краін і паміж імі».

З майго пункту гледжання, памяншэнне няроўнасці ўнутры краіны азначае магчымасць роўнага існавання людзей з псіхічнымі расстройствамі сярод нас. У будучыні хачу атрымаць спецыяльнасць доктар-псіхіятр-нарколаг.

Без хобі ў медыцыне цяжка. Таму студэнты, каб адпачыць ад вучэбнай нагрузкі, часта займаюцца сваімі любімымі заняткамі. У мяне гэта фатаграфія, заняткі ў спартыўнай зале і бег.

Пра каранавірус магу толькі сказаць, што карціна, выкліканая пандэміяй CODIV-19, у чарговы раз пераканала, што медыцына – тая сфера, без якой жыццё цяпер не можа быць у бяспецы. І я дакладна хачу стаць, а затым развівацца як доктар і будаваць сваю кар’еру ў гэтай сферы.

Ілюстрацыйнае фота USA TODAY.

Радзівон Грачанік, студэнт медкаледжа ў Маладзечне

Медыцына мяне цікавіла заўсёды, бо гэта спосаб дапамагчы не толькі сабе, але і іншым. А звязаць жыццё з медыцынай вырашыў у 9 класе, калі па біялогіі праходзілі будову арганізма. Тады заўважыў, што гэта тэма мяне захапляе і, больш за тое, лёгка мне даецца.

Я яшчэ вучуся, але спадзяюся, што буду працаваць у хірургіі.

Самае складанае ў вучобе – працэс разумення. Калі параўнаць сучасныя падручнікі і падручнікі часоў СССР, то ў нас напісана значна менш і горш.

Само сабой, ёсць захапленні і акрамя медыцыны. На пастаяннай аснове займаюся спортам і адзінаборствамі. А ў вольны час спрабую разабрацца ў псіхалогіі – гэта дапамагае разумець і кіраваць людзьмі, калі гэта неабходна.

Складана сказаць, кім бы я мог стаць, калі не медыкам. У мяне ёсць тры варыянты – фармацэўтыка, ветэрынарыя або ваенная справа.

Па вялікім рахунку, мы ўсе знаходзімся ў зоне рызыкі, не толькі медыкі. Таму каранавірус мае планы з вучобай не змяніў.