Жарты, анекдоты і мемы пра «кітайскі грып» і кажаноў сталі рэчаіснасцю ў шмат якіх краінах, і асабліва – у нашай старой Еўропе. Людзі зачыненыя дома, у нас дык пяты тыдзень ізаляцыі пайшоў! Будучыня краін пад пытаннем, няпэўнасць лезе ў кожны дом не павольней, чым сама хвароба. Але ці ўсё ж так кепска?

Пра эканоміку і палітыку разважаць не буду – я не эксперт, і няма нічога, што я ненавідзела б мацней, чым неправераная інфармацыя ад сумнеўных крыніц.

Людзі ў чарзе ў супермаркет захоўваюць дыстанцыю. Фота elpais.com.

Таксама не магу ведаць, якія лічбы будуць, зрэшты, у Беларусі і ці аб’явіцца каранцін, як у Іспаніі.

Адзінае, пра што я магу расказаць – гэта аб тым, як я перажываю каранцін, як жыццё выглядае, калі сям’я зачыненая ў кватэры, і як не з’ехаць з глузду (прынамсі, што я раблю, каб не паехаць канчаткова).

Калі пачалі аб’яўляць пэўныя меры, я толькі што вярнулася з лонданскай канферэнцыі (добра, што апынулася ў бацькоў), а малодшы брат, як звычайна, вучыўся ў Мадрыдзе. Першай вялікай зменай было менавіта закрыццё навучальных устаноў у Мадрыдзе і мадрыдскім рэгіёне, а пасля – усіх устаноў, апроч за «жыццёва неабходныя» (гэта паняцце вельмі размытае і я яго не разумею, бо бацька працягваў працаваць у офісе ў страхавой кампаніі, напрыклад). Студэнтам з іншых рэгіёнаў дазволілі вярнуцца на пастаяннае месца пражывання пры ўмове, што «адсядзяць» 15 сутак… у самаізаляцыі.

Вось так іспанскія паліцэйскія віншуюць дзяцей з днём нараджэння.

Значыць, брат вярнуўся, так і зрабілі – ся­дзеў у сябе ў пакоі, мы клалі яму ежу пад дзверы, меў адну цэлую прыбіральню на асабістае выкарыстанне (у нас у кватэры іх дзве на пяць чалавек, таму гэта было прымальна).

Тата затое працягваў хадзіць на працу, і вірус дайшоў да яго офіса. Захварэў даволі моцна – два тыдні з тэмпературай ляжаў, амаль не еў, быў моцны кашаль. Нам дапамаглі дактары праз тэлефонную лінію, якую стварылі менавіта на гэту пандэмію. Доктар тэлефанаваў кожны дзень, кантраляваў тэмпературу бацькі і яго сімптомы. Праўда, у яго праблем з дыханнем не было – таму не забралі ў шпіталь. Такія працэдуры. Ён зачыніўся ў дамашнім офісе, але ўсё адно вірус пранік да нас.

Тут з намі жыве 89-гадовая бабуля, якую мы ўсімі спосабамі стараліся ізаляваць і абараняць ад усяго благога. Яна, канешне, даволі ўпартая (як і належыць у такім узросце) і блага разумее сітуацыю.

Хутка і ў брата паднялася тэмпература, але за тыдзень вярнуўся да нормы, а мама перастала адчуваць пахі і смак. Толькі пасля другога такога тыдня пачала смакаваць нешта зноў. Так, сур’ёзна. У мяне з’явіўся нейкі падазроны насмарк, які прайшоў праз некалькі дзён, а потым злёгку балела горла. Адчуванне пахаў было слабым літаральна 12 гадзін. А потым – вярнулася. Тое ж самае, тэлефонны доктар, сядзенне паасобку і, не буду хлусіць, нямала трывогі. Бабуля, дарэчы, так і не адчула ніякіх сімптомаў, хоць менавіта яна з нас усіх – у групе рызыкі.

З дапамогай 3D-прынтара ў Іспаніі робяць маскі. Фота elpais.com.

Першыя два тыдні былі асабліва складаныя. Добра, што мы закупіліся ежай і неабходнымі прадметамі і маглі сабе дазволіць увогуле не выходзіць з дому за той час. Але ж жыццё працягваецца, праўда ж? Усе паправіліся, працягвалі, хто пісаць, хто вучыцца ці працаваць «на ўдалёнцы». А выхо­дзіць усё ж нельга (верагодна, што да сярэдзіны ці нават да канца мая). Як спраўляемся?

Не буду хлусіць – добра ў такіх сітуацыях быць інтравертам. Мае хобі, захапленні і заняцці, на самой справе, на дзіва добра адпавядаюць каранціну: я стала больш іграць на піяніна (лічыце, вярнула хуткасць і лёгкасць левай рукі), глядзець серыялы, чытаць кнігі і пісаць пра іх.

Працягваю вывучаць японскую мову, хутка пачну і ірландскую. Да таго ж, я перакладаю на беларускую мову анімэ, тыя ж японскія мульцікі, разам з выдатнай камандай Anibel. Цяпер занятая серыялам Showa Genroku rakugo shinju, пра жыццё тэатральнага акцёра ў жанры ракуга на працягу 20 стагоддзя. Вершаў пішацца нашмат болей (і, кажуць, лепей), чым раней, на волі!

Мая трэнажорная зала запусціла анлайн-праграму, у якой трэнеры паказваюць руціны, якімі можна займацца дома. Я адкрыла для сябе трэніроўкі «табата» (кароткія і вельмі інтэнсіўныя), пачала тое-сёе спрабаваць з заняткаў ёгі.

У шапіках з садавінай і гароднінай хапае свежых прадуктаў. Фота elpais.com.

Вядома, не ўсё радасна-калярова-крута падчас пандэміі (такога, мне здаецца, у нармальнага чалавека быць не можа). Дзіўна дэзынфіцыраваць прадукты, якія набываюцца ў краме. Ну і абутак, і вопратку, у якой у краму хадзіў. Дзіўна сачыць за лічбамі (гэтым займаецца брат, амаль матэматык) і глядзець на здымкі пустых вуліц і праспектаў. Дзіўна думаць пра тое, што яшчэ невядома, калі нарэшце можна будзе выйсці па-нармальнаму, пася­дзець з сябрамі за півам або з’ездзіць у Беларусь і даехаць ужо да рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты».

Мадрыд на каранціне. Фота t.me/rian_ru.

Для такіх сітуацый, калі зусім становіцца на душы дзіўна і трывожна, патрэбныя, прынамсі, мне, асаблівыя меры. Таму я пачала новы мастацкі праект – штосьці, у чым я даўно хацела паспрабаваць свае сілы, але ніколі, чамусьці, не даходзілі рукі. А менавіта рыхтую маленькі зборнічак з малюнкамі. Там будуць 15-17 вершаў, але кожны напісаны ад рукі, і ў атачэнні аўтарскай візуальна-мастацкай інтэрпрэтацыі. І не, не падумайце, я маляваць не асабліва ўмею, і ніколі такім не займалася… Да каранціну. Гэта дае мне пэўнае адчуванне таго, што «вось, хоць нешта новае спрабую, каб не каранцін – не рабіла б». І здаецца, хоць крыху, што гэты працэс мае нейкі сэнс.

Таксама дапамагаюць думкі пра будучыя праекты, якія выйдуць у той жа час, як і я з дому, відаць. Напрыклад, кніжку перакладаў паэзіі Уладзіміра Караткевіча на іспанскую, якую замовіла беларускае Міністэрства інфармацыі. Або новы зборнік. Або дзве магістратуры, на якія я пайду ўвосень, каб папоўніць адукацыю і даць сабе лепшы шанец на рынку працы.

Галоўнае, у любым выпадку – не здавацца. Жыць кожным днём і шукаць якія заўгодна віды актыўнасці, што падабаюцца. Можа, вам гатаваць падабаецца? Спяваць? Ці хацелі навучыцца арыгамі або падняць узровень нямецкай? Залаты шанец, не прапускайце. Або ведаеце – прапускайце, калі хочацца адпачыць і не рабіць нічога. Бываюць такія перыяды ў жыцці, калі мы занадта занятыя, дый сітуацыя з пандэміяй увогуле стрэсавая – неабавязкова ператварыць яе ўва штосьці прадуктыўнае, калі няма магчымасці або жадання. Жывіце, не хварэйце, беражыце сябе і сваіх блізкіх. Усё праходзіць, і гэта пройдзе.

• Текст доступен на языке: Русский