Верасень 2018. Астранаўт Рычард Гэрыат разглядае альбом віляйчаніна Аляксандра Клешняка. Фота з архіва героя.

Шмат гадоў таму віляйчук Аляксандр Кляшняк «захварэў» на космас. А сёння яго касмічная калекцыя прадстаўленая ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея ў межых культурна-асветніцкага праекта «Тыдзень калекцыянера. Перазагрузка».

Больш за сто фотаздымкаў і паштовак з партрэтамі і біяграфіямі касманаўтаў і астранаўтаў свету, многія з аўтографамі, фота касмічных караблёў і станцый, перапіска з некаторымі касманаўтамі – гэта далёка не ўсё, што прадстаўлена на выставе. Асаблівы гонар у калекцыі Аляксандра Клешняка – гэта паштоўкі з аўтографамі астранаўтаў NASA: Кэцін Рубінс, Рычарда Гэрыата, Роберта Лі Сэтчэра, з якімі сустрэўся і пазнаёміўся на ХХХІ Міжнародным касмічным кангрэсе, які праходзіў у Мінску ў верасні 2018 года.

У першыя часы развіцця касмічных палётаў усе імёны касманаўтаў, і нашых, і амерыканцаў, былі амаль у кожнага на слыху. Многія хлопчыкі марылі быць касманаўтамі. Часы мяняюцца, і сёння ўжо палёты ў космас ўспрымаюцца як звычайная рэальнасць. Але Аляксандр ведае пайменна кожнага касманаўта, можа гадзінамі распавядаць пра жыццёвы і касмічны шлях кожнага.

Аляксандр Кляшняк сярод удзельнікаў Міжнароднага касмічнага кангрэса ў Мінску. Фота з архіва героя.

«Чаму космас? Як даўно вабіць неба?»  – патаюся ў Аляксандра Клешняка. А ўсё пачалося так. Будучы вучнем шостага класа, а гэта быў студзень 1969 года, Аляксандр выпадкова па радыё  пачуў паведамленне ТАСС аб стыкоўцы двух савецкіх касмічных караблёў: «Саюз-4» і «Саюз-5» з чатырма касманаўтамі на борце. Гэтая навіна настолькі ўразіла ўяўленне 13-ці гадовага вясковага падлетка. Ён не мог сабе такое ўявіць і нават спрабаваў адлюстраваць гэта на паперы.

У 1973 годзе, скончыўшы вілейскую сярэднюю школу №1, Аляксандр паступае ў Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Адным з яго выкладчыкаў быў падпалкоўнік Раіс Галявятдзінаў, які вучыўся ў вайскова-паветранай акадэміі імя Жукоўскага разам з першым касманаўтам Юрыем Гагарыным. Агульная цікавасць да касманаўтыкі зблізіла курсанта і выкладчыка.

Паштоўкі з аўтографамі астранаўтаў NASA Кэцін Рубінс, Рычарда Гэрыата, Роберта Лі Сэтчэра – асаблівы гонар уладальніка калекцыі.

А вось першая сустрэча з касманаўтамі адбылася ў 1977 годзе, калі Аляксандр Кляшняк быў  у Маскве на прыёме ў ЦК ВЛКСМ з нагоды святкавання Дня Паветранага Флоту СССР. Сярод запрошаных было шмат касманаўтаў. Знаходзіцца побач з людзьмі, якія сталі ўжо легендамі і нават узяць аўтограф – гэта была незабыўная сустрэча, якая пакінула адбітак на ўсё далейшае жыццё.

У 1998 годзе маёр Аляксандр Кляшняк на пасадзе начальніка аддзялення выхаваўчай работы авіяцыйнай базы ў Пружанах звольнены ў запас. Жыве ў Вілецы і працягвае сваё касмічнае захапленне. За доўгія гады яно стала неад’емнай часткай яго жыцця.

Дапаўняюць калекцыю паштоўкі з рэпрадукцыямі карцін вядомага мастака Андрэя Сакалова з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея.  Яго карціны на касмічную тэму неаднаразова выстаўляліся ў выставачнай зале.

Даведка

NASA – ведамства, якое адносіцца да федэральнага ўраду ЗША і падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту ЗША. Ажыццяўляе грамадзянскую касмічную праграму краіны, а таксама навуковыя даследаванні паветранай і касмічнай прасторы і навукова-тэхналагічныя даследаванні ў галіне авіяцыі, паветраплавання і касманаўтыкі.

• Текст доступен на языке: Русский