Ілюстрацыйнае фота regnum.ru.

На ўсёй Маладзечаншчыне ўжо некалькі гадоў назіраецца неспрыяльная
эпізаатычная абстаноўка. Сорак выпадкаў шаленства сярод жывёл было ў 2017 годзе, 36 – у 2018 годзе, 11 выпадкаў – у 2019. Чатыры выпадкі ўстанавілі ўжо сёлета.

Ад смерці выратоўвае своечасовы зварот да доктара

Нягледзячы на інфармаванасць насельніцтва пра тое, што захворванне на шаленства ў ста працэнтах заканчваецца смерцю, штогод пры кантакце з хворымі на шаленства жывёламі пакутуюць сталыя людзі і дзеці. У 2017 годзе ў кантактах з шалёнымі жывёламі пацярпелі шэсць дарослых і адно дзіця, у 2018 годзе – 12 дарослых і адно дзіця, у 2019 годзе – шэсць дарослых. За мінулы перыяд гэтага года – трое дарослых і
адно дзіця.

У кожным з гэтых выпадкаў ад немінучага смяротнага зыходу пацярпелых выратаваў
толькі своечасовы зварот па антырабічную дапамогу і прызначэнне поўнага курсу антырабічнай лячэбна-прафілактычнай вакцынацыі.

Чаму дзікая жывёла ідзе да людзей

Усё часцей ад насельніцтва сталі паступаць паведамленні пра тое, што яны бачылі дзікую лісу паблізу населеных пунктаў, аўтамабільных дарог. З’яўленне ў такіх месцах не характэрна для здаровых дзікіх жывёл. Яны звычайна баяцца чалавека і шумных месцаў.

Некаторыя неабачлівыя людзі, карыстаючыся выпадкам, забіваюць жывёлу і здымаюць
шкуру. Безумоўна, так рабіць нельга. Жывёла можа аказацца шалёнай, і пры кантакце з трупам хворай жывёлы чалавек можа заразіцца на шаленства. Не марудзьце са зваротам да медыкаў.

Улічваючы сітуацыю, якая склалася, неабходна выключыць усялякія кантакты з дзікімі
жывёламі і негатыўныя кантакты (укусы, драпіны, абсліньванні) з дамашнімі жывёламі.
Гэтаму неабходна навучыць і дзяцей. Калі падобныя кантакты былі, неабходна неадкладна звярнуцца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў траўматалагічны пункт бальніцы №1 або прыёмны пакой дзіцячай бальніцы. Тут дактары аказваюць лячэбна-прафілактычную дапамогу пры небяспецы захворвання на шаленства кругласутачна.

Вам таксама дапамогуць разабрацца ў сітуацыі, падкажуць, калі лячэнне неабходнае, а
калі – не. Марудзіць са зваротам да доктара не варта. Бо ў гэтай сітуацыі час іграе супраць вас.

• Текст доступен на языке: Русский