Фота tut.by.

Міністэрства абароны адказала на петыцыю, у якой беларусы патрабавалі адмяніць ваенны парад, запланаваны ў Мінску на 9 мая. Мерапрыемства і яго рэпетыцыі — гэта вялікая навала людзей падчас пандэміі. Нягледзячы на тое, што іншыя масавыя мерапрыемствы ў краіне адменены, парад збіраюцца праводзіць, піша TUT.BY.

Петыцыя з патрабаваннем адмяніць парад і падрыхтоўку да яго з’явілася яшчэ 29 сакавіка на сайце «Зручны горад». Пад зваротам падпісалася больш за 7 тысяч чалавек.

Некалькі дзён назад прыйшоў афіцыйны адказ, ён падпісаны міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

Парад і рэпетыцыі адмяняць не збіраюцца — гэта частка баявой падрыхтоўкі арміі.

Пры гэтым ведамства паведамляе, што падчас трэніровак медслужбы Узброеных сіл выконвае «комплекс супрацьэпідэмічных і лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў».

— Для Беларусі ваенныя парады гэта даніна гераізму і стойкасці нашага народа, самаадданай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўздымаў рэспубліку з руінаў. Гэта таксама традыцыя, якая сімвалізуе гатоўнасць беларускага народа адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы, — упэўненыя ў міністэрстве.

Грошы на правядзенне параду не вылучаюцца ваеннаму ведамству асобным артыкулам выдаткаў, іх бяруць са сродкаў на бягучае ўтрыманне Узброеных сіл.

Адказ Мінабароны датаваны 16 красавіка. Менавіта ў той дзень стала вядома пра першы выпадак каранавірусу ў войску — у салдата тэрміновай службы з вучэбнага цэнтра ў Печах. На наступны дзень каранавірус пацвердзіўся яшчэ ў двух вайскоўцаў. Кантакты заражаных салдат ізалявалі ў намётавых мястэчках.