Стаматоляг Вілейскай ЦРБ Кацярына Зімніцкая (архіўнае фота).

Стаматолаг Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Зімніцкая апынулася ў валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 пасля кантакту з заражанай пацыенткай. Яна сцвярджае, што, нягледзячы на яўныя сымптомы ў яе, мужа і іхных траіх дзяцей, адміністрацыя вілейскай бальніцы адмаўлялася рабіць усім ім тэсты на COVID-19, ёй не давалі бальнічнага і доўгі час не прапаноўвалі шпіталізацыі.

«Не ўсякае ВРВІ — гэта каранавірус», — кажа Ірына Макарава, галоўны доктар Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яна тлумачыць, што рашэнне не рабіць тэсту прымалася тэрапэўтамі, бо Зімніцкая працавала ў сродках індывідуальнай аховы. Лісткі непрацаздольнасьці такім дактарам не прадугледжаныя.

«Я буду скардзіцца ў пракуратуру, як толькі выйду з бальніцы. Чаму са мной так абыходзяцца? — абураецца Кацярына Зімніцкая. — Дальнабойнік, які прыяжджае з-за мяжы, прыходзіць у прыёмны пакой, патрабуе ўзяць мазок, і яму тут жа яго робяць. А ў нас ёсць клінічныя праявы, мае дзеці сталі кантактамі першага ўзроўню, і ім не бяруць мазкоў! Дзе праўда?!»

«Цяпер нікому з медыкаў бальнічныя лісты не выдаюцца»

Кацярына Зімніцкая 12 гадоў працуе стаматолагам-тэрапэўтам і артадонтам. У яе сям’і трое дзяцей — дзявяці, двух з паловай і аднаго году. Паколькі артадонтаў у вілейскай бальніцы не было, 2 снежня Кацярына выйшла на працу на паўстаўкі.

«26 сакавіка ў мяне была пацыентка. Яна медык у 3-й гарадзкой бальніцы ў Менску, але жыве ў Вілейцы. 28 сакавіка ёй зрабілі мазок на COVID-19, 29 сакавіка прыйшоў станоўчы вынік. Яе шпіталізавалі ў Мінск, — расказвае Кацярына. — Яна знаёмая маёй свекрыві, таму патэлефанавала ёй і сказала, што мае станоўчы тэст. Мая свякроў пазваніла мне, папярэдзіла».

Кацярына кажа, што адразу пазваніла ў бальніцу. Яе накіравалі да загадчыцы паліклінікі Тацьцяны Рамэры — у Вілейцы паліклініка ўваходзіць у структуру цэнтральнай раённай бальніцы (ЦРБ).

«Я пазваніла ёй, яна мне сказала, што яны яшчэ нічога не ведаюць, а я мушу заставацца дома. Я пытаюся, як я буду заставацца дома? Яна кажа: «Пішыце за свой кошт». Я кажу: «Чаму? У мяне ёсць тэмпэратура, клінічныя прыкметы хваробы», — працягвае аповед Кацярына. — Я абзваніла ўсё кіраўніцтва, размаўляла з намеснікам галоўнага доктара, старшынёй лекарска-кансультацыйнай камісіі наконт бальнічнага. Яна мне сказала, што шпіталізаваць яны мяне не могуць, «бо загад». Хаця тэмпэратура ў мяне ў той дзень была 37,5, і я ім пра гэта казала.

Я размаўляла з галоўным доктарам ЦРБ Ірынай Макаравай. Яна мне сказала, што гэта не вельмі высокая тэмпэратура, маўляў, «гэта ж не 38 і вышэй». Таму бальнічны яны мне выдаць не могуць. І калі Рамэра мне раіла сядзець дома, то Макарава сказала, каб я ішла на працу. Усе спасылаліся на «загад».

Пад «загадам», на які ў размовах з Зімніцкай спасылаліся чыноўнікі ў Вілейцы, падобна, маецца на ўвазе рэкамэндацыйны ліст Міністэрства аховы здароўя.

Паводле намесніцы міністра Алены Богдан, міністэрства «лічыць, што медработнікі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, мелі мінімальную рызыку заразіцца, бо былі ў ахоўных касцюмах. Разам з тым за медработнікамі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, устаноўлены кантроль, — 3 разы вымяраюць тэмпэратуру, праводзяць апытанне, ці ёсць клінічныя праявы хваробы. Тэставанне на каранавірус праводзіцца на 1-ы і 13-ы дзень. Калі будуць выяўленыя сімптомы, неабавязкова рэспіраторныя, медработнік будзе шпіталізаваны».

Кацярына Зімніцкая сцьвярджае, што ў выпадку з ёй кіраўніцтва бальніцы і паліклінікі зрабілі насуперак гэтаму распараджэнню:

«Тэмпэратура ў мяне была, мазка мне не зрабілі, ніхто на мяне не звярнуў увагу», — кажа яна.

«Прасіла, каб мне далі кварцавую лампу, мне адмовілі»

«30 сакавіка да мяне прыйшоў дахаты тэрапэўт, — працягвае Кацярына. — Ён не меў поўнай засцярогі, толькі пальчаткі і маска. Больш на ім нічога не было, хаця ўсё кіраўніцтва ведала, што я кантакт першага ўзроўню. Ён паслухаў, паглядзеў горла, сказаў: пнэўманіі няма, дыханне чыстае».

Лістка непрацаздольнасці Кацярыне так і не далі, але яна пайшла на бальнічны ў сувязі з хваробай малодшай дачкі. Мужа, які працуе ў міліцыі, на працы адправілі ў водпуск. 2 красавіка ў Кацярыны цалкам зніклі нюх і адчуванне смаку. Пра гэта яна паведаміла кіраўніцтву.

«Калі мы дома сядзелі з дзецьмі, я прасіла, каб мне далі кварцавую лампу, — расказвае Кацярына. — Я разумела, што я хварэю, і перажывала за сваіх дзяцей. Але мне адмовілі, сказалі: «Мы нічым вам не можам дапамагчы».

4 красавіка тэмпература ў Кацярыны паднялася да 38 градусаў. Таксама тэмпература і кашаль зявіліся ў яе мужа. На выклік зноў прыходзіць тэрапэўт без сродкаў засцярогі, толькі ў масцы і пальчатках, апісвае Кацярына. Мужу выпісваюць бальнічны. Кацярыне — не.

«У суботу ўначы я прачнулася, бо мне было вельмі кепска. Я страціла прытомнасць. Муж выклікаў «хуткую». Мэдыкі «хуткай» таксама прыехалі ў звычайным адзенні, у іх былі толькі маскі і пальчаткі. Мне ўкалолі «трайчатку» і паехалі, шпіталізаваць мяне ніхто не прапанаваў», — кажа Кацярына. Два наступныя дні тэмпэратура трымалася больш за 38, агульны стан быў кепскі.

«У панядзелак 6 красавіка я званю Рамэры (загадчыцы паліклінікі. — РС.) і кажу, што мне вельмі кепска, зрабіце нешта. Чую паблажлівае: «ладна, зробім вам мазкі». Мы прыяжджаем у прыёмны пакой, нас адпраўляюць на здымак. Заключэнне рэнтгенолага ў мяне: «не выключана ніжнядолевая правабаковая пнэўманія». У мужа — «востры бранхіт». Яны адразу пачалі мітусіцца».

Кацярына кажа, што пакласці яе ў вілейскую бальніцу адмовіліся.

«У Вілейцы стаіць апарат КТ. Паўсюль напісана, што рэнтгеналагічнае даследаванне ў гэтай сытуацыі не зусім інфарматыўнае, што сапраўдную карціну пакажа толькі КТ-даследаванне. Мне кажуць, што КТ мне рабіць не будуць. Я пытаюся, чаму. Чую адказ: «Таму».

«Хуткая» па Кацярыну прыехала ўжо ў поўным ахоўным рыштунку. 6 красавіка яе шпіталізавалі ў Валожынскую раённую бальніцу.

«Яшчэ тыдзень пасля гэтага ў мяне нічым не збівалася тэмпэратура, парацэтамол не дапамагаў. Мне па 4 кропельніцы на дзень рабілі антыбіётыкаў. 4 разы рабілі здымкі — поўнай папраўкі ў мяне дагэтуль, паводле здымкаў, няма», — кажа доктарка.

Першы тэст на каранавірус Кацярыне зрабілі 6 красавіка яшчэ ў Вілейцы, перад шпіталізацыяй. Вынік прыйшоў толькі 10 красавіка і быў адмоўны.

«16 красавіка ў мяне ў валожынскай бальніцы ўзялі другі тэст, — кажа Кацярына. — 17 красавіка ён пацвердзіў, што ў мяне каранавірус».

Першы раз мы размаўляем з Кацярынай Зімніцкай у нядзелю ранкам 19 красавіка. Доктарка абураецца, што настойліва і неаднаразова казала медычнай адміністрацыі Вілейскай ЦРБ пра сымптомы ў сябе і сваёй сям’і, аднак дагэтуль нічога не было зроблена.

«Калі мне пісалі накіраванне ў Вілейку, Рамэра сваёй рукой напісала, што COVID-верагодны выпадак. Вы ж ужо меркавалі, але чаму траім маім дзецям не зрабілі тэст дагэтуль?! Я званіла педыятру, казала, што нехта з іх кашляе, у малодшай тэмпература, ёй прызначылі антыбіётык азітраміцын. Старэйшая не адчувае ўжо паху і смаку тыдзень. А Вілейка ўчора адмовіла ў правядзенні тэстаў маім дзецям!! Кажуць: «Пачакаем да панядзелка»! Чаго ж чакаць?!» — пытаецца Кацярына.

Накіраваньне на лекаваньне.

Яна кажа, што пазваніла класнай кіраўніцы старэйшай дачкі і расказала, што бальніца адмовіла ў правядзенні тэстаў дзецям, таму дачка ў панядзелак прыйдзе ў школу. Кажа, папрасіла, каб гэта перадалі кіраўніцтву і тое са свайго боку запатрабавала правядзення тэстаў.

«Я не разумею, чаму да мяне такое стаўленне. Я з гэтымі дактарамі ніколі не сутыкалася ані ў працы, ані ў жыцці. Хіба можна ставіць пад пагрозу маё жыццё і здароўе? Жыццё і здароўе маіх дзяцей? Майго мужа? Магчыма, сама сыстэма — каб не псаваць статыстыкі? — задаецца пытаньнем Кацярына.

«Чамусьці ўсе тэсты адмоўныя, — здзіўляецца яна. Але калі я прымала тую пацыентку, са мной у кабінеце была другая доктарка. У яе праз некалькі дзён паднялася тэмпература, а яшчэ пазней яе шпіталізавалі. КТ пацвердзіла двухбаковую вірусную пнэўманію, але кажуць, што тэсты ў яе адмоўныя. Кіраўніцтва таксама ведае, што яна ў той момант была са мной у адным кабінеце».

Па словах Кацярыны, цяпер яна пачуваецца лепш, але на апошнім здымку ўсё яшчэ ёсць зацямненні ў лёгкіх. Кажа, што перад ёй маглі папрасіць прабачэння яшчэ перад шпіталізацыяй, зрабіць кампю’тарную тамаграфію, узяць тэсты ў дзяцей. Аднак нічога гэтага не было зроблена, і яе да таго ж адвезлі ў бальніцу, дзе няма апарата КТ.

Цяпер яна настроеная рашуча і збіраецца скардзіцца ў пракуратуру.

«Я разумею, што мне ўжо працы ў Вілейцы не будзе. Калі людзі маглі такое ўчыніць з маім здароўем, то мне цяпер шмат хто гаворыць: «Каця, калі ты будзеш сварыцца, то табе працаваць не дадуць».

У другой палове дня 19 красавіка ў дзяцей і мужа Кацярыны ўзялі тэсты на каранавірус. Мужу таксама загадалі знаходзіцца ў самаізаляцыі да 20 красавіка.

«Цяпер нікому з медработнікаў лісткі непрацаздольнасці не выдаюцца»

Ірына Макарава, галоўны доктар Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы, да якой Радыё Свабода звярнулася з просьбай патлумачыць сітуацыю, адказала так:

«Як толькі паступіў такі сыгнал, мы пракансультаваліся з Цэнтрам гігіены. Калі доктарка працавала ў сродках індывідуальнай аховы, а яна пацвердзіла, што менавіта так працавала — маска, акуляры, чапец, халат, нарукаўнікі, — то гэты медработнік не лічыцца нават кантактам першага ўзроўню, а толькі кантактам другога ўзроўню паводле нашых крытэраў», — тлумачыць яна. — Яна [Зімніцкая. — РС] паведаміла, але цяпер нікому з медработнікаў бальнічныя лісты не выдаюцца. Нават калі медработнік зяўляецца кантактам першага ўзроўню, ён усё адно ходзіць на працу і аказвае медычную дапамогу ў сродках індывідуальнай аховы».

Макарава звяртае ўвагу, што кантакт з каранавіруснай пацыенткай у Зімніцкай быў 26-га, а сымптомы ў яе самой з’явіліся 28-га сакавіка. У каранавіруснай інфэкцыі інкубацыйны пэрыяд нашмат большы, кажа яна.

«Сімптомы ў яе былі нязначныя, мы яе адправілі на самаізаляцыю, я ёй рэкамэндавала. Але бальнічны ліст ёй не мусіў давацца, мы яго ёй і не выдавалі», — тлумачыць галоўная доктарка.

На пытанне, чаму Зімніцкай адмовіліся рабіць тэст на каранавірус, хоць яна сама прасіла пра гэта, Ірына Макарава тлумачыць:

«Тэрапэўты прынялі такое рашэнне, бо яна была ў сродках індывідуальнай аховы і на той момант адносілася да кантактаў другога ўзроўню. Не ўсім запар мы робім аналізы. Шмат хто хоча. Мы ў кантактаў другога ўзроўню мазкі на той момант не бралі. Стаматолагі заўжды ў ахове, бо любы пацыент можа быць патэнцыйным носьбітам любой інфэкцыі. Цяпер гэта каранавірус, з такім жа поспехам гэта можа быць і іншая хвароба. Тым больш што адразу яны не паказальныя, мазкі трэба браць на 7-ы і 13-ы дзень».

Сям’я Зімніцкай — муж і дзеці — да моманту яе станоўчага аналізу на каранавірус не лічылася кантактамі першага ўзроўню, таму тэстаў ім таксама не рабілі. Таму для тэрапэўтаў, якія наведвалі іхную сям’ю, пальчаткі і маска — гэта адпаведныя сродкі засцярогі, кажа Макарава.

Ірына Макарава як доктар выказала думку, што станоўчы аналіз самой Зімніцкай на каранавірус — гэта вынік знаходжання ў інфэкцыйнай бальніцы. Але, кажа яна, у яе дзяцей і мужа ўжо ўзялі тэсты і адправілі ў Менск, паводле іх вынікаў можна будзе меркаваць аб агульнай сітуацыі.

«Яна не засталася адна: і тэрапэўт, і педыятар да яе дзяцей прыходзілі. Першыя мазкі ў яе былі адмоўныя. Не кожнае ВРВІ ёсць каранавірус. Яна назіралася ў дактароў. Калі ўжо стан не праходзіў, мы прынялі рашэнне адправіць яе ў Валожын на стацыянарнае лячэнне», — кажа Ірына Макарава.

Куды размяркоўваць пацыентаў з падазрэннем на каранавірус, па яе словах, вырашае цэнтар медычнай дапамогі. У Вілейскай ЦРБ на гэты момант інфэкцыйнага аддзялення няма, і пацыенты з каранавірусам там не лечацца.

• Текст доступен на языке: Русский