Маладзечанцы Р. – у разводзе, але іх сямейныя драмы працягваюцца да гэтага часу. А пачалося ўсё ў 2014 годзе, калі муж 31-гадовай жанчыны стаў піць, скандаліць і біць яе.

Жанчына, тады яшчэ цяжарная, хадзіла з сінякамі і ранамі. Адным вечарам мужчына прыйшоў п’яны і лёг спаць. Аднак пачуўшы заўвагі жонкі, што трэба дапамагаць па гаспадарцы, стаў спрачацца з ёй. Сварка перарасла ў бойку: з усёй сілы мужчына стукнуў жонку рукой па твары. Жанчына прабачыла мужа і не стала нікуды звяртацца.

Біў і абражаў былую жонку на вачах у дзяцей

– Але мірна праіснавала сям’я нядоўга, скандалы паміж мужам і жонкай працягваліся. Муж заахвоціўся да алкаголю, падманваў, нідзе не працаваў і неаднаразова трапляў у поле зроку міліцыі. Сямейны бюджэт сыходзіў на штрафы, кажа афіцыйны прадстаўнік Маладзечанскага РАУС Юлія Крук.

Па яе словах, жанчына не спяшалася звяртацца ў міліцыю. Шлюб доўжыўся каля пяці гадоў. Урэшце жонка падала на развод. Але былыя муж і жонка працягвалі жыць у адной кватэры – незадоўга да разводу яны пераехалі ў новае жыллё.

Неяк вечарам былы муж вярнуўся дадому нападпітку і стаў патрабаваць дзесяць рублёў. Атрымаўшы адмову, ён скарыстаўся банкаўскай картай былой жонкі без яе ведама. Гэта стала падставай для чарговага скандалу.

Фігурант схапіў жанчыну за валасы, цягаў па пакоі, а затым, кінуўшы на канапу, стаў душыць і біць па твары.

Мужчына не толькі біў былую жонку, але і абражаў. Бойка адбывалася на вачах у непаўналетніх дачок.

Вырваўшыся, жанчына выклікала міліцыю. Але ў далейшым у зале суда маладзечанка заявіла, што з былым мужам нібыта памірылася.

Па словах заяўніцы, яна проста баялася, што сям’ю паставяць на ўлік як тую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пільнаваў на вакзала, прыпынках, на шляху да працы

Былы муж з таго часу стаў пераследваць жанчыну. Яна мусіла пераехаць да бацькоў. Калегі і блізкія не раз станавіліся мімавольнымі сведкамі скандалаў паміж былымі мужам і жонкай.

Мужчына пільнаваў былую жонку на вакзале, прыпынках, пераследваў па шляху дадому, спрабаваў пераканаць вярнуцца. Рабіў гэта кулакамі і запалохваннем.

Жанчына неаднаразова звярталася ў міліцыю з заявамі аб хатнім гвалце. Але пасля заўсёды адмаўлялася прыцягваць мужчыну да адказнасці.

І ўсё ж у выніку на былга мужа завялі крымінальную справу па артыкуле 154 «Катаванне» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

– Такім чынам супрацоўнікі праваахоўных органаў асаблівую ўвагу надаюць прафілактыцы гвалту ў сям’і і дапамагаюць асобам, якія пацярпелі ад рук дамашніх тыранаў, кажа Юлія Крук.

Па яе словах, ускладняе працу ў гэтым кірунку тое, што часта ахвяры замоўчваюць пра падобныя праблемы.

На Маладзечаншчыне праводзяць акцыю «Дом без гвалту!»

Ад 20 па 24 красавіка ў Маладзечанскім раёне ладзяць асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту!». Асноўная яе мэта – спыніць хатні гвалт на ранняй стадыі і не давесці да  трагічных наступстваў.

Калі Вам вядома пра складаныя сітуацыях у сем’ях суседзяў, сваякоў або знаёмых, паведаміце ў РАУС па тэлефонах: (8 0176) 77-16-56, 77-14-88, 77-44-11 альбо 102.

Як адзначыў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Манькоўскі, ад пачатку года ў Маладзечанскім раёне праваахоўнікі ўжылі больш за сорак ахоўных прадпісанняў да асоб, якія ўчынілі гвалт у сям’і, з устанаўленнем абавязку пакінуць жыллё на 30 сутак. Дадзеная мера прымененая да ўсіх, так званых «бытавікоў». За парушэнне правілаў «высялення» склалі 30 пратаколаў.

Як яшчэ адна эфектыўная мера – ўзбуджэнне крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці. Усяго за правапарушэнні ў «быце» да адміністрацыйнай адказнасці на Маладзечаншчыне прыцягнулі больш за 210 чалавек.

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский