Фота by.tribuna.com.

На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) з’явіўся спіс рэкамендацый Беларусі па выніках місіі незалежных экспертаў, якія ацэньвалі, як у нашай краіне змагаюцца з каранавірусам.

СААЗ рэкамендуе адкласці ўсе масавыя мерапрыемствы — і спартыўныя, і рэлігійныя, і культурныя, а таксама перавесці школы і універсітэты на дыстанцыйнае навучанне.

Місія СААЗ прыбыла ў Беларусь па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Падкрэслівалася, што незалежныя эксперты павінны ацаніць, як краіна вырашае праблему з распаўсюджваннем каранавірусу і даць рэкамендацыі, што варта палепшыць у гэтым кірунку.

Спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пабывалі ў бальніцах у Мінску, Віцебскай і Мінскай абласцях. На выніковай прэс-канферэнцыі яны падкрэслівалі, што самі выбіралі ўстановы аховы здароўя, перашкод з боку беларускіх уладаў не было, у тым ліку і па прадастаўленні поўнай інфармацыі аб колькасці заражаных, аб хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, пра смяротныя выпадкі. Удзельнікі місіі сустрэліся таксама з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў (у тым ліку пенітэнцыярнай сістэмы), сацыяльнай абароны.

Сярод станоўчых момантаў СААЗ адзначыла сістэмны падыход эпіднагляду ў Беларусі, адсочванне кантактаў і ізаляцыю хворых, наяўнасць лабараторый для апрацоўкі тэстаў, размежаванне пацыентаў у паліклініках і бальніцах, каб папярэдзіць перадачу віруса, пры гэтым працягваецца аказанне асноўных медыцынскіх паслуг па хранічных захворваннях, матчынаму здароўю і псіхічнаму здароўю. Эксперты далі станоўчую ацэнку аператыўнай арганізацыі вытворчасці сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў ўнутры краіны, паколькі пастаўкі на глабальным рынку скарачаюцца.

А вось асноўныя рэкамендацыі СААЗ:

  • Узмацніць сацыяльнае дыстанцыяванне, прычым адмыслоўцы падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не пра самаізаляцыю, гаворка ідзе пра тое, каб скараціць па максімуму неабавязковыя перамяшчэння, асабліва для людзей з хранічнымі захворваннямі і пажылых людзей, а таксама адкласці масавыя мерапрыемствы — і культурныя, і спартыўныя, і рэлігійныя. Акрамя таго, варта перавесці на дыстанцыйнае навучанне школы і ўніверсітэты. Абедзве гэтыя рэкамендацыі на дадзены момант Беларусь не выконвае альбо выконвае часткова: дзеці працягваюць хадзіць у школы (аднак ёсць магчымасць застацца дома), па-ранейшаму праходзіць чэмпіянат па футболе, цэрквы і касцёлы былі адкрыты на Вербніцу і Вялікдзень. Рашэнне аб адмене параду на 9 Мая ўсім яшчэ не прынята, працягваецца падрыхтоўка да мерапрыемства.
  • Дзяржава павінна інфармаваць грамадскасць пра рызыкі, рэкамендацыі адносна здароўя людзей, мерах рэагавання. Гэтая рэкамендацыя не заўсёды выконваецца: так, 18 і 19 красавіка Міністэрства аховы здароўя не паведамляў статыстыку па павелічэнні ліку заражаных, дадзеныя абнавіліся 20 красавіка.
  • Змяшчаць на каранцін пацыентаў з пацверджаным каранавірусам і іх кантакты. Гэтая рэкамендацыя выконваецца, за парушэнне рэжыму самаізаляцыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 30 б.в.), а ў выпадку заражэння іншага чалавека — крымінальная.
  • Працяг аказання асноўных медыка-санітарных паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі тых людзей, якія гэтага патрабуюць і найбольш уразлівым. Дадзеная рэкамендацыя выконваецца, для пажылых людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, арганізавана дастаўка на дом прадуктаў і лекаў сіламі сацыяльных работнікаў і валанцёраў.
  • Міжгаліновае супрацоўніцтва. Гэтая рэкамендацыя таксама выконваецца. У Міністэрстве аховы здароўя рэгулярна сустракаюцца спецыялісты розных органаў улады для выпрацоўкі агульных рашэнняў па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса.