Фота Настассі УТКІНАЙ.

Ад 20 красавіка толькі вясковыя школы Докшыцкага раёна аднавілі працу. У гарадскіх шуолах у Докшыцах вучні перайшлі на дыстанцыйнае навучанне, піша Радыё Свабода.

Як патлумачылі Свабодзе ў райвыканкаме, часова закрыць школы пастанавілі ў раённым штабе па барацьбе з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. Цяпер заняткі праходзяць дыстанцыйна ў гарадскіх школах Докшыцаў і Бягомля. Вучні і настаўнікі выкарыстоўваюць электронныя журналы і дзённікі.

Калі вучням дазволяць пайсці ў школу, невядома. Прынамсі гэты тыдзень навучанне будзе дыстанцыйнае.

У вясковых школах Докшыцкага раёна заняткі аднавіліся пасля падоўжаных канікул, як і ва ўсёй Беларусі. Цяпер школы наведвае каля 40% вучняў, паведамілі Свабодзе ў аддзеле адукацыі райвыканкама.

«Спадзяёмся, іх будзе станавіцца болей. На другі дзень на заняткі прыйшло больш вучняў», — сказала начальнк аддзела адукацыі Аксана Гушчык.

Аднак бацькі і настаўнікі некаторых вясковых школ паведамілі Свабодзе, што на заняткі ў першыя дні прыйшло ўсяго па некалькі чалавек. А ў некаторых класах увогуле не было ніводнага вучня.

Начальнік аддзела адукацыі пацвердзіла, што перавод гарадскіх школ на дыстанцыйнае навучанне звязаны са складанай эпідэміялягічнай абстаноўкай.