Фота Настассі УТКІНАЙ.

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю правёў пазапланавую праверку УП «Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка». У ходзе праверкі ўстанавілі парушэнні пры налічэнні платы за аказаныя насельніцтву жыллёва-камунальныя паслугі, неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў бюджэту, парушэнні заканадаўства ў сферы зямельных адносін.

Так, ад лютага 2019 па люты 2020 года  прадпрыемства залішне налічала і прад’яўляла платы насельніцтву за паслугі па цеплазабеспячэнні (ацяпленні), тэхнічным абслугоўванні, капітальным рамонце, гарачым і халодным водазабеспячэнні, водаадвядзенні (каналізацыі) на суму больш за 2,6 тысячы рублёў.

Таксама ўстанавілі, што больш за чатыры гады прадпрыемствам не запатрабаваная праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве водаправодных сетак, станцыі абезжалезвання ў Сырмежы і пашырэння ачышчальных збудаванняў у курортным пасёлку Нарач. Станцыю ў Сырмежы і пажырэнне ачышчальных збудаванняў у Нарачы рабілі ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і  водаадвядзенні «Чыстая вада». На ўсё выдаткавалі каля 90 тысяч рублёў з бюджэту. А страты ад утрымання няпрофільных актываў прадпрыемства толькі ў 2019 годзе перавысілі пяць тысяч рублёў.

Па выніках праверкі за парушэнні патрабаванняў заканадаўства УП «Мядзельскую жыллёва-камунальную гаспадарку» і службовыя асоб прадпрыемства прыцягнулі да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці. Дапушчаныя парушэнні ў налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі  і парушэнні зямельнага заканадаўства ліквідаваныя.

• Текст доступен на языке: Русский