Іван Мамайка. Фота Надзеі Бужан.

Трывожныя навіны прыходзяць са Стаўбцоўскага раёна. Пра ўспышку каранавіруса паведамляюць мясцовыя жыхары, аднак афіцыйных лічбаў улады не агучвалі. Сітуацыю ў раёне «Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Івана Мамайку, былога начальніка стаўбцоўскай міліцыі.

«На базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы разгорнуты інфекцыйны шпіталь, 139 месцаў. Туды шпіталізуюць з запаленнем лёгкіх. Паколькі частка хворых людзей накіроўваецца ў іншыя медыцынскія ўстановы (Валожын, Слонім, Мінск), можна зразумець, што людзей з запаленнем лёгкіх шмат», — кажа дэпутат.

Пацыентаў з іншымі дыягназамі бальніца прымае ізалявана. Для гэтага там створаная «чыстая зона» — пад яе парапрафілявалі хірургічнае аддзяленне.

Па словах дэпутата, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх пакуль дастаткова, тэхніку дадаткова прывозілі з іншых устаноў.

«Скардзіліся людзі, што адзін кіслародны балон на двух-трох чалавек. Пачынаем разбірацца. А там ёсць такая працэдура — трэба, каб 3-4 разы на дзень пацыенты дыхалі кіслародам, не ўвесь час. І калі ў палаце, напрыклад, ляжыць два ці тры чалавекі, то робяць так: падыхаў адзін, апарат дызенфікуюць і даюць другому. Таму ўсё ў парадку, гэта не значыць, што ў кагосьці яго адбіраюць», — тлумачыць Мамайка.

На сайце Стаўбцоўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вісіць аб’ява з просьбай аказаць дапамогу ў набыцці сродкаў індывідуальнай абароны. Мамайка кажа, што яны адны з першых у вобласці адкрылі дабрачынны рахунак.

«Кожныя выходныя езджу дадому, не бачыў, каб там з-пад кантролю сітуацыя выходзіла. Там і дэзынфекцыю праводзяць, і людзям даводзяць інфармацыю пра меры бяспекі. Але хворых больш, чым у іншых раёнах. У тым жа Нясвіжы, які ўваходзіць у маю выбарчую акругу, сітуацыя спакайней», — дзеліцца ўражаннямі дэпутат.

Афіцыйнай статыстыкі па каранавірусу ў раёне не агучвалі. Мясцовыя называюць лічбу 70-80 чалавек. Вядома, што на запаленне лёгкіх хварэлі два чыноўнікі райвыканкама (аднак не ясна, ці меў месца Covid-19). Адной з намесніц старшыні і цяпер няма на працоўным месцы. Пра выпадак каранавіруса кажуць сярод супрацоўнікаў аўтавакзала.

Як у райцэнтры магла адбыцца ўспышка?

«Стоўбцы — гэта транзітны раён. Праз яго цягнецца вялікі адрэзак шашы М1. Там стаіць тры ці чатыры стацыянарныя прыпынкі для дальнабойшчыкаў — на іх працуюць мясцовыя жыхары, абслугоўваюць прыезджых. І наогул раён праязны, ён мяжуе з 8 раёнамі. Але сітуацыя кіравальная», — лічыць Мамайка.

• Текст доступен на языке: Русский