У Валожыне адвялі для інфекцыёнкі будынак радзільні. Гаспадары аграсядзібаў Валожыншчыны прапанавалі дапамогу медыкам у выглядзе штодзённых гарачых абедаў. «РГ» распавядае, чаму людзі вырашылі дапамагчы дактарам і як гэта дапамога выглядае.

Галоўны доктар падтрымаў ініцыятыву

У будынку валожынскай радзільні з’явілася новае інфекцыйнае аддзяленне. Радзільню перапрафілявалі ў інфекцыёнку на пачатку красавіка. Для лячэння пацыентаў з падазрэннем на COVID-19 і з ужо пацверджаным дыягназам адвялі 80 ложка-месцаў.

Пасля адкрыцця гаспадары аграсядзібаў Валожынскага раёна вырашылі дапамагчы бальніцы. Ініцыятыва належыць аднаму з гаспадароў Анатолю Ганцу. Уладальнікі аграсядзібаў сустрэліся з галоўным доктарам Паўлам Ганчаром. Пры сустрэчы ён паведаміў, што бальніца на той момант была забяспечаная маскамі, рэспіратарамі, каб дактары маглі працаваць у «бруднай зоне». У «бруднай зоне» ляжаць пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй.

Дактарам прапанавалі дапамагчы гарачымі абедамі. Галоўны доктар падтрымаў грамадскую ініцыятыву. Развозіць абеды пачалі на мінулым тыдні.

Дапамагаюць з Валожыншчыны, Маладзечна і Мінска

Адзін з гаспадароў, з якім гутарыла «РГ», распавёў, што людзі самі прыходзілі і прыносілі мяса, садавіну, гародніну і іншае.

— Людзі прывозілі лімоны, сыры самаробныя, пяць літраў мёду. Гэта ўсё для медыкаў. Для здаровых людзей мы робім здаровую ежу, такую, як мы рабілі для турыстаў, якія прыязджаюць да нас адпачываць, — падзяліўся гаспадар адной з аграсядзібаў.

Ініцыятары дапамогі медыкам распавядаюць, што кінулі кліч сярод усіх людзей праз інтэрнэт. Адгукнуліся не толькі валожынскія, але і маладзечанскія, і мінскія людзі.

— Хочуць дапамагаць таксама і з-за мяжы, але трэба яшчэ прадумаць, як гэта зрабіць. Усе межы зачыненыя, таму з гэтым узнікаюць складанасці, — падзяліўся адзін з удзельнікаў дапамогі.

Як гатуюць і прывозяць абеды

Як мяркуюць гаспадары аграсядзібаў, повары ў бальніцах не скокнуць вышэй за сваю галаву і не змогуць прыгатаваць дамашнюю ежу:

— Адна справа – гэта харчаванне для хворага, іншая – харчаванне для здаровага чалавека. Калі ты доктар, то ў звычайным рэжыме ты спіш і снедаеш дома, прыходзіш на працу з ссабойкамі. А ў нас незвычайны рэжым.

З самага пачатку гаспадары аграсядзібаў дамовіліся, што будуць у меру сваіх магчымасцяў рабіць для медыкаў абеды. Нехта закрывае адзін дзень, а нехта гатуе ежу тры дні. Адзін з удзельнікаў ініцыятывы распавёў, што ў першы дзень людзі прывезлі столькі гародніны, што хапіла на 60 порцый салату. Ежу гатуюць сем’ямі, некаторыя прынялі да сябе кваліфікаваных повараў.

З кухонным блокам бальніцы прадумалі лагістыку. Бакі прывозяць з ежай, іх перадаюць на ўваходзе ў інфекцыйнае аддзяленне. Пасля ўсё здаецца на кухню бальніцы, мыецца і дэзінфіцыруецца. Потым гэтыя бакі забіраюць. Калі хтосьці з гаспадароў сам не можа прывезці ежу, то дактары накіроўваюць машыну і забіраюць абеды.

Меню абедаў для медыкаў:

  • суп з фрыкадэлькамі, свініна з тоўчанай бульбай, салат, морс са сваёй садавіной;
  • капусняк, гуляш з грэчкай і салат;
  • боршч, камбала і рысавая каша, з-пад Цюрлёў фермерская гаспадарка перадала сокі.

Гаспадары аграсядзібаў распавялі «РГ», што ў інфекцыйную бальніцу перадалі і шмат бытавых рэчаў.

— Гэта пытанне пра здаровых людзей, якія павінны заставацца здаровымі. Іх рацыён павінны быць узмоцнены. Яны працуюць у «бруднай зоне» па тры гадзіны пад святлом лямпаў, вялікая страта вадкасці. Гэта добры шанец для таго, каб стаць грамадствам. Не трэба кагосьці вінаваціць, а сабрацца і рабіць нешта разам.