Дапамога едзе ў Вілейскую ЦРБ. Фота з суполкі "Навіны Вілейкі".

З актывістам ініцыятывы #bycovid19 Антонам Матолькам мы пагутарылі па тэлефоне, якраз тады, калі ён ехаў з Бараўлянаў у Вілейку – вёз сабраныя для вілейскіх медыкаў сродкі абароны.

– Сёння я выконваю ролю перавозчыка. Вязу тое, што змагла сабраць наша каманда для вілейскіх медыкаў. Гэта бахілы, нарукаўнікі, шчыткі, акуляры і іншыя неабходныя медыкам сродкі, – расказаў карэспандэнту Антон.

#bycovid19 – гэта група ініцыятыўных грамадзян, створаная ў падтрымку медыкаў. Па словах Антона, каманда працуе па ўсёй Беларусі. У іх базе – больш за паўтары тысячы заявак. Каму дапамагчы, вырашае каманда. Звычайна дапамога едзе туды, дзе ачаг захворвання або туды, адкуль ёсць заяўкі.

Неабходныя медыкам сродкі збіраюць па-рознаму. Ёсць некалькі рахункаў, куды можна пералічыць грошы. Часам нейкія рэчы людзі прыносяць самі.

– Цяпер часцей праблема – нават не грошы, а адсутнасць у аптэках неабходных тавараў, – заўважае Антон. – Быў такі выпадак, калі малады чалавек прынёс нам 30 дэфіцытных распіратараў.

У актывістаў ёсць свой склад для сродкаў абароны. І па словах Антона, больш за суткі там нічога не затрымліваецца.

Дапамога даехала ў Вілейскую ЦРБ. Фота забяспечанае Антонам Матолькам.

 

• Текст доступен на языке: Русский