Фота Настассі УТКІНАЙ.

Вілейскія спецыялісты расказалі пра сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй на Вілейшчыне.

Галоўны доктар ЦРБ: сродкаў аховы хапае

Па словах галоўнага доктара Вілейскай ЦРБ Ірыны Макаравай, ёсць некалькі жыхароў Вілейскага раёна са станоўчым аналізам на каранавірус. Але іх  шпіталізавалі ў іншыя перапрафіляваныя ўстановы Мінскай вобласці. А некалькі знаходзяцца дома на самаізаляцыі пад медыцынскім наглядам і кантралююцца супрацоўнікамі міліцыі.

У тэрапеўтычным аддзяленні за апошнія два тыдні ляжаць ад 6 да 12 хворых з пнеўманіяй. Гэта, па словах галоўнага доктара, ніжэй за ўзровень мінулых гадоў. Ніхто не мае патрэбы ў штучнай вентыляцыі лёгкіх, а значыць, іх стан стабільны.

– Хворых з каранавіруснай інфекцыяй ў нас няма, бо наша бальніца для прыёму такіх хворых не была вызначана. Хоць, у выпадку масавага паступлення пацыентаў (а гэта пры самым кепскім развіцці сітуацыі, чаго практычна быць не павінна) плануецца разгарнуць 230 інфекцыйных ложкаў на базе хірургічнага корпуса, – адзначае Ірына Макарава.

Па яе словах, медыцынскія работнікі – першыя ў зоне рызыкі перад каранавірусам. Галоўнае цяпер – іх якасная абарона: маскі, распіратары, пальчаткі, дэзінфектанты, халаты і ахоўныя касцюмы.

Усім гэтым бальніца забяспечаная, кажа галоўны доктар. Дапамагаюць арганізацыі, прадпрымальнікі і грамадскія аб’яднанні раёна.

Галоўны санітарны доктар: сітуацыю кантралюем

– Сітуацыя ў нас цалкам кантралюемая.  Пры атрыманні аператыўнай інфармацыі пра выпадак COVID-2019 па месцы знаходжання пацыента выязджае эпідэміялагічны атрад.  Спецыялісты ўдакладняюць маршрут перамяшчэння гэтага чалавека, кола кантактаў, ацэньваюць іх узровень (першы ці другі), праводзяць заключную дэзінфекцыю ў ачагу і вызначаюць наступны аб’ём неабходных санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, – расказала галоўны санітарны доктар Вілейскага раёна Наталля Жаўняровіч.

Вілейскі райвыканкам: стварылі аператыўны штаб

У Вілейскім раёне ў мэтах забеспячэння прафілактыкі па папярэджанні завоза і распаўсюджвання COVID-19 стварылі аператыўны штаб. Яго ўзначальвае старшыня райвыканкама Алег Бегунец. Прынялі план мерапрыемстваў, накіраваных на лакалізацыю і ліквідацыю ачага COVID-19 у Вілейскім раёне. Штодня  правяраюць наяўнасць медыцынскіх масак, пальчатак і дэзсродкаў у аптэках. Па інфармацыі райвыканкама, 24 красавіка ў аптэках было дастаткова масак, пальчатак, антыбактэрыйных і дэзсродкаў.

У Куранецкім доме-інтэрнаце ўвялі каранцін. Супрацоўнікі і пастаяльцы забяспечаныя  дазатарамі з антысептычнымі сродкамі, тэрмометрамі, сродкамі індывідуальнай абароны. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна работнікам мераюць тэмпературу.

Па інфармацыі райвыканкама,  школы, гімназіі і садкі забяспечаныя  дэзсродкамі і антысептыкамі, ёсць 218 тэрмометраў.

Адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы. Вілейскае ЖКГ апрацоўвае пад’езды жылфонду і месцы масавага знаходжання грамадзян дэзсродкамі.  Аўтобусны парк апрацоўвае ўвесь аўтатранспарт, задзейнічаны на перавозцы пасажыраў.

Не працуюць басейн, лазні. А аб’екты грамадскага харчавання альбо зачыненыя, альбо працуюць да 20.00. Забаранілі выяздны гандаль па ўсім раёне. Аднак некаторыя прадпрымальнікі супраць.

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Святлана Дзяруга  і галоўны санітарны доктар  Наталля Жаўняровіч  сустрэліся са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій  і пагутарылі пра садзейнічанне ў захаванні стабільнай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Вілейскі РАУС кантралюе, як людзі выконваюць правілы самаізаляцыі. Днямі адзін віляйчук атрымаў штраф за іх парушэнне