Раніцай 24 красавіка супрацоўнікі маладзечанскай міліцыі і эпідэміёлагі ў межах горада правяралі людзей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. «Рэгіянальная газета» разам з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і эпідэміялагічнай службы высветліла, ці парушаюць маладзечанцы рэжым і што за гэта бывае.

Малодшы сяржант міліцыі Віктар Вяргейчык, эпідэміёлагі Ганна Пачкоўская і Людміла Сцяцко.

Новы час і маршрут кожны дзень

Супрацоўнікі міліцыі сумесна з эпідэміёлагамі правяраюць людзей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі кожны дзень па 2-3 разы. Правяраючых называюць мабільнай групай. Кожны дзень мяняецца час і маршрут, па якім ездзіць мабільная група. Гэта звязана з тым, каб праверыць ці сапраўды людзі знаходзяцца на самаізаляцыі, а не падладжваюцца пад прыезд прадстаўнікоў праваахоўных органаў і эпідэміялагічнай службы.

Капітан міліцыі Яўген Кеўра.

Людзей правяраюць па дамашніх адрасах, якія тыя абралі сваімі месцамі самаізаляцыі. Для праверкі неабходны візуальны кантакт, каб пераканацца, што чалавек у дадзены момант знаходзіцца дома.

Людзі ў самаізаляцыі маюць права выходзіць у бліжэйшыя краму і аптэку, а таксама выкідваць смецце. Наведваць гэтыя месцы трэба ў масцы і пальчатках. Кантактаваць з людзьмі — забаронена.

«Сітуацыя з COVID-19 — гэта не жарт»

Эпідэміёлагі Людміла Сцяцко і Ганна Пачкоўская сёння правяралі людзей на самаізаляцыі. Людміла практычна кожны дзень выязджае разам з супрацоўнікамі міліцыі для праверкі. Часам яе замяняе іншы супрацоўнік. Па яе словах, практычна ўсе людзі разумеюць, што парушаюць самаізаляцыю нельга.

Эпідэміёлаг Людміла Сцяцко.

— Усе разумеюць, што азначае самаізаляцыя. Большасць усведамляюць, што парушаць нельга. Ёсць тыя, якім можна гэта доўга тлумачыць, а яны ўсё роўна будуць парушаць. Яны не разумеюць, што ўся сітуацыя з COVID-19 — гэта не жарт, — падзялілася Людміла.

Разам з эпідэміёлагамі ў сённяшні рэйд выехалі старшы ўчастковы інспектар міліцыі Маладзечанскага РАУС капітан міліцыі Яўген Кеўра і міліцыянер роты патрульна-паставой службы міліцыі малодшы сяржант міліцыі Віктар Вяргейчык.

— З пачатку красавіка маладзечанская міліцыя правяла больш за 550 праверак людзей, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, — распавёў Яўген Кеўра.

Міліцыянеры і эпідэміёлагі пры кожнай праверцы носяць маскі, пальчаткі і ахоўныя акуляры.

Эпідэміёлаг распавядала людзям на самаізаляцыі, што яны знаходзяцца на асаблівым рэжыме і што ім не варта пакідаць дом. Толькі — крама і аптэка. Таксама супрацоўнікі ўдакладнялі, да якога чысла чалавек будзе знаходзіцца на самаізаляцыі.

Людміла Сцяцко распавяла, што кантакты першага і другога ўзроўню ў абавязковым парадку здаюць тэсты на каранавірусную інфекцыю. Калі другі тэст паказвае, што чалавек не хворы COVID-19, то 14-ы дзень самаізаляцыі для яго будзе апошнім. Пасля чалавек атрымлівае даведку ў бальніцы і рэжым для яго здымаецца. Сцяцко адзначыла, што перасоўванне чалавека на самаізаляцыі адбываецца разам з медыкамі, для яго адмыслова вылучаюць машыну.

Ці парушалі рэжым самаізаляцыі ў Маладзечне?

Да людзей, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, вынесена патрабаванне. Гэтыя людзі сапраўды ведаюць, што яны знаходзяцца на самаізаляцыі, што іх павінен правяраць эпідэміёлаг і міліцыянер.

Да адказнасці за парушэнне самаізаляцыі могуць прыцягнуць толькі тых, да каго вынесена патрабаванне. Пры парушэнні рэжыму самаізаляцыі супрацоўнікі міліцыі складаюць пратакол.

Заканадаўча чалавек парушае артыкул КаАП 23.4 Рэспублікі Беларусі: «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». Парушэнне цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Далей гэты пратакол разглядае суд.

Па адным з адрасоў, якія праверыла 24 красавіка мабільная група, некалькімі днямі раней супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі пратакол аб парушэнні самаізаляцыі.

Як распавёў капітан Кеўра, мужчына выйшаў на вуліцу з кватэры папаліць і размаўляў у гэты ж час з суседам. Гэта рабіць строга забаронена. На мужчыну склалі пратакол, а суд, разгледзеўшы яго, выпісаў штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский