На раённым выпускным у Маладзечне. Фота Аксаны Ярашонак.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка 24 красавіка сустрэўся з калектывам гродзнскай  гімназіі №10. Як перадае БелТА, ён заявіў, што зменаў ва ўступнай кампаніі сёлета не плануецца.

«Мы паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя, і прымем узважанае рашэнне, — паабяцаў міністар. — Але адразу можна сказаць, што выпускнікам не трэба турбавацца: ніякіх зменаў у форме правядзеньня ўступнай кампаніі не будзе. А як засцерагчыся, стварыць аптымальныя ўмовы — гэтае пытанне цяпер прапрацоўваецца».

Міністр адхіліў прапановы, якія бачыў у інтэрнэце: змяніць форму ўступных іспытаў або адмяніць іх, зрабіць «конкурс атэстатаў». Маўляў, гэта «будзе неправільна і створыць няроўныя ўмовы».

Графік цэнтралізаванага тэставаньня пакуль застаўся ранейшым: першы тэст, па беларускай мове, 13 чэрвеня, апошні, па сусветнай гісторыі, 4 ліпеня, вынікі пасля 12 ліпеня.