Фота Настассі УТКІНАЙ.

24 красавіка галоўны санітарны доктар Ашмяншчыны Юры Ларыёнаў звярнуўся да насельніцтва раёна.

Ларыёнаў адзначыў, што каранавірусная інфекцыя трымае ў напрузе ўсю планету, у тым ліку і Беларусь, дзе зафіксавалі больш 8 тысяч выпадкаў заражэння.

— Для таго, каб сітуацыя не пагоршылася, нам патрэбна дапамога кожнага з вас. Па-першае, неабходна выконваць правілы асабістай гігіены і рэспіраторны этыкет.

Ларыёнаў сказаў, што трэба мыць рукі з мылам пасля наведвання крам і грамадскіх месцаў, апрацоўваць рукі антысептыкам ў адміністрацыйных будынках і пасля паездкі на аўтобусах. Ён заўважыў, што трэба і захоўваць дыстанцыю ў чарзе на пошце, у банку і краме, і выкарыстоўваць маскі ў паліклінікі і іншых грамадскіх месцах.

Ларыёнаў таксама папрасіў абмежаваць паездкі ў іншыя рэгіёны, наведванне могілак на Радаўніцу і іншых месцаў масавага збору людзей.

— Хацелася звярнуцца да бацькоў студэнтаў. Няхай гэтыя вялікія красавіцкія і майскія выхадныя вашы дзеці правядуць па месцы вучобы, — дадаў доктар.

Ларыёнаў адзначыў, што эпідабстаноўка ў раёне не з’яўляецца напружанай. Выпадкаў каранавіруснай інфекцыі сярод насельніцтва на Ашмяншчыне не зафіксавалі. Таксама доктар дадаў, што колькасць пнеўманій не перавышае ўзровень мінулага года.