«Рэгіянальная газета» дэталёва распавядае, як у Германіі распаўсюджваўся каранавірус і як нямецкія ўлады рэагавалі на эпідэміялагічную абстаноўку ў краіне.
Ухань – Шанхай – Баварыя
Нямецкія інфекцыяністы прасачылі распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ў краіне ад першага афіцыйна зафіксаванага выпадку. 16 студзеня ў Шанхай да жанчыны завіталі яе бацькі з Ухані. 19 студзеня кітаянка паляцела ў горад Штокдарф у Баварыі, каб папрацаваць з калегамі на трэнінгу. Тады яна не ведала, што інфіцыраваная, у яе не было сімптомаў.
21 студзеня кітаянка разам з калегай з Германіі ўдзельнічала ў трэнінгу. У той час, 22 студзеня, нямецкія ўлады просяць устрымацца ад пералётаў у Кітай. 23 студзеня кітаянка вярнулася ў Шанхай, яна адчула сябе хворай.
24 студзеня мужчына, які быў на трэнінгу, адчуў сябе кепска: пакутаваў ад болю ў горле, высокай тэмпературы. У той жа дзень Міністэрства аховы здароўя Германіі заявіла, што «няма прычын для турботы альбо панікі» праз каранавірус. У буйных аэрапортах супрацоўнікі пачалі шукаць прыкметы хваробы ў людзей, якія прыбывалі з Кітая.
26 студзеня хворы мужчыны з Штокдарфа пачаў папраўляцца. У жанчыны з Шанхая тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Мінздароўя сказала, што паніка страшней за каранавірус.
27 студзеня жанчына з Шанхая праінфармавала кампанію ў Германіі пра свой тэст. Яе нямецкі калега атрымаў станоўчы вынік тэста на каранавірусную інфекцыю – ён становіцца першым інфіцыраваным у краіне. На наступны дзень яшчэ ў трох чалавек знаходзяць каранавірус. Яны таксама супрацоўнічалі з людзьмі з той кампаніі, у якую прыязджала кітаянка.
29 студзеня «Люфтганза» адмяніла ўсе самалёты з Кітая. 30 студзеня Мінздароўя Германіі зафіксавала захворванне ў некалькіх землях.
Эвакуацыя і інфіцыраваныя ва ўсіх землях Германіі
1 лютага ўлады Германіі пачалі эвакуацыю немцаў з Кітая. 7 лютага ў Германіі пацверджаны 14 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. 12 з 14 выпадкаў былі звязаныя з кампаніяй, на трэнінг якой прыязджала жанчына з Шанхая. У той час у Кітаі хварэюць больш 30 тысяч чалавек. Нямецкія ўлады плануюць выдаткаваць на барацьбу з каранавірусам 23 мільёны еўра.
Ад 25 лютага колькасць выпадкаў перавысіла 60. Дзясяткі дзяцей пачатковых класаў у Боне знаходзяцца на каранціне, таму што адзін з выхавальнікаў інфіцыраваны.
1 сакавіка ўлады пацвердзілі, што ва ўсіх заходніх землях Германіі ёсць людзі з каранавірусам. 3 сакавіка амаль ва ўсіх землях краіны зафіксавалі інфіцыраваных COVID-19. У Берліне закрылі дзве школы. З’яўляюцца паведамленні, што туалетная папера і тавары працяглага карыстання сталі высока запатрабаванымі.
Імклівы рост хворых, канцлер на ізаляцыі і падтрымка бізнесу
8 сакавіка колькасць хворых павялічылася да адной тысячы выпадкаў. 10 сакавіка нямецкія ўлады закрываюць оперу, тэатры, працягваюць адмяняць масавыя мерапрыемствы.
Канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што каля 60-70% немцаў будуць інфіцыраваныя каранавірусам.
12 сакавіка берлінскія ўніверсітэты адкладаюць пачатак семестра, у краіне хварэюць дзве тысячы чалавек. 14 сакавіка большасць садкоў, школ і ўніверсітэтаў закрылі. Колькасць хворых на каранавірус расце вельмі хутка. 15 сакавіка ў Германіі больш за шэсць тысяч выпадкаў, краіна закрывае межы. 16 сакавіка Ангела Меркель выдае ўказ аб закрыцці цэркваў, крамаў, казіно.
18 сакавіка ў Германіі 12 тысяч выпадкаў. Канцлер Меркель заявіла, што гэта самае большае выпрабаванне для краіны з часоў Другой сусветнай вайны.
22 сакавіка ў краіне зафіксавалі больш за 26 тысяч выпадкаў. Нямецкія ўлады ствараюць праграмы дапамогі бізнесу. Для гэтых праектаў збіраюцца выдаткаваць 150 мільярдаў еўра. Немцы пачынаюць прымаць пацыентаў з Італіі і Францыі ў сваіх бальніцах.
26 сакавіка ў Германіі выявілі больш за 40 тысяч выпадкаў. Памерлі 206 пацыентаў, з іх 49 за адзін дзень.
Па стане на 3 красавіка ў Германіі зафіксавалі больш выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, чым у Кітаі за ўвесь час. Колькасць хворых – больш за 87 тысяч, памерлі 1100 чалавек.
6 красавіка колькасць выпадкаў перавысіла 100 тысяч. Ангела Меркель заявіла, што каранавірус закрануў кожнага. Яна таксама патлумачыла, што Германіі рана вяртацца да нармальнага публічнага жыцця.
20 красавіка ў Германіі больш за 145 тысяч хворых на каранавірус. Краіна ўваходзіць у пяцёрку краін з найбольшым распаўсюджваннем каранавіруса.