Уладзімір Астахновіч у маі 1986. Фота з архіва героя.

У ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў
некалькіх кіламетрах ад Прыпяці адбыўся выбух, які разбурыў рэактар чацвертага
энергаблока.

У 1 гадзіну 30 хвілін у бой з агнём прыбылі падраздзяленні пажарнай аховы з горада Прыпяць. Гэта былі маладыя хлопцы Віктар Кібянок, Уладзімір
Правік, Васіль Ігнаценка, Уладзімір Цішура, Мікалай Ціцянок, Мікалай Вашчук. Маёр Леанід Цялятнікаў, начальнік часці, быў у адпачынку. Даведаўшыся пра бяду, ён праз 20 хвілін заняў сваё месца на перадавой.

З калегамі.

Але былі і іншыя героі, якія вялі барацьбу з не менш небяспечнымі тарфянымі і ляснымі пажарамі ў 30-кіламетровай зоне заражэння. Сярод іх і маладзечанец Уладзімір Астахновіч.

– У маі 1986 года начальнік самастойнай ваенізаванай пажарнай часці Маладзечна, дзе
я служыў, абвясціў на пастраенні, што патрабуецца каманда добраахвотнікаў для паездкі ў радыеактыўную зону, – распавядае Уладзімір Рычардавіч.

– Як вы трапілі ў пажарную ахову?

– У 1979 годзе, скончыўшы школу з пахвальнай граматай, я паступіў без экзаменаў у Мінскі палітэхнікум ордэна працоўнага Чырвонага Сцяга, цяпер гэта Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж, на аддзяленне супрацьпажарнай тэхнікі і бяспекі. Лічу, што выбар прафесіі – справа шчаслівага выпадку. Я мог паступіць на любое аддзяленне.
Калі я стаяў ля стэнда з інфармацыяй аб наяўных спецыяльнасцях, да мяне падышоў мужчына і расказаў, што ёсць такое аддзяленнеь па тэхніцы бяспекі, дзе рыхтуюць герояў і вучаць ратаваць людзей ад агню. Не ведаю, як ён зразумеў, што я не вызначыўся з прафесіяй. Але яго аповед паўплываў на ўсё маё жыццё. Пасля я даведаўся, што гэта быў загадчык аддзялення па тэхніцы бяспекі.

– Як вы адважыліся ехаць у чарнобыльсую зону добраахвотна?

– Калі б не знайшліся добраахвотнікі, начальніку прыйшлося б самому прызначаць, каму туды ехаць.

Я і мае сябры былі адчайнымі хлопцамі. Першым падахвоціўся мой таварыш. Я падумаў, як ён там без мяне, і падахвоціўся другім. Далучыўся яшчэ адзін наш сябар са словамі: «Калі яны едуць, еду і я».

У выніку добраахвотнікаў было
шасцёра. Прыехалі мы ў Мінск, дзе фарміравалі зводны атрад. Сюды ўвайшлі пажарныя з Барысава, Салігорска і Маладзечна. Усяго нас было каля 20 чалавек на трох машынах. Ужо 24 мая мы былі ў 30-­кіламетровай зоне, у Брагінскім раёне, у вёсцы Савічы.

– Няўжо не было пачуцця страху?

– Калі што і пужала нас, дык гэта невядомасць. Ніхто не ведаў, як абараніцца ад нябачнага ворага. Размясціліся мы ў будынку дзіцячага садка. Было бачна, што клі эвакуявалі дзяцей у садках і школах, людзі спяшаліся.

Была паніка, страх. Пра гэта проста крычала абстаноўка вакол: раскіданыя цацкі, недапіты чай на стале, адкрытыя дзверы шафаў.

Першы дзень наш атрад наводзіў парадак у памяшканні. Усе наступныя дні мы тушылі пажары ад самай раніцы і да позняй ночы. Наша камандзіроўка доўжылася да 7 чэрвеня.

– Што можаце распавесці пра тыя цяжкія баі ў мірны час?

– Каардынаты на баявыя выезды да нас паступалі з Брагіна па выніках авіяразведкі.
У асноўным гэта былі пажары на тарфяніках. Вялізныя тэрыторыі палаючага торфу на
глыбіні ад 70 сантыметраў да паўтара метра глыбінёй. Працавалі мы ў касцюмах Л­1, на
твары – рэспіратар. Памятаю, стаяла 30­градусная гарачыня і да вечара ў гэтых касцюмах поту збіралася літры два.

– Дадому хацелася?

– Праца была настолькі цяжкая, што мы не думалі пра дом. Сіл хапала толькі на тое, каб памыцца і легчы спаць. Вось калі вярталіся дадому – эмоцыі перапаўнялі. Мы былі першапраходцамі, якія выканалі свой абавязак.

Фота з асабістага архіва героя.

 

• Текст доступен на языке: Русский