Фота Настассі УТКІНАЙ.

Дактары б’юць трывогу з прычыны прыкметнай колькасці інсультаў сярод заражаных каранавірусам маладых людзей, хвароба якіх працякала ў лёгкай форме. Аб гэтым паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на амерыканскае выданне The Washington Post.

Узрост такіх пацыентаў ад 30 да 40 гадоў, многія з іх нават не ведалі, што заражаныя каранавірусам, а цяпер некаторыя з іх паралізаваныя, а іншыя загінулі ад інсультаў. І гэта пры тым, што сярэдні ўзрост пацыентаў з інсультамі ў ЗША — 74 гады.

Выпадак, якога нейрахірург ніколі не бачыў

Газэта апісвае выпадак, які здарыўся ў адной з клінік Манхэтэну. Інтэрвэнцыйнага нейрахірурга Томаса Окслі тэрмінова выклікалі на працу, бо ў той дзень у клініцы не хапала дактараў для лячэння тэрміновых пацыентаў з інсультамі.

Томасу Окслі трапіўся малады чалавек ва ўзросце троху пасля трыццаці гадоў. Ён не прымаў ніякіх лекаў і не меў хранічных хваробаў. Ён выконваў умовы каранціну, быў увесь час дома і адчуваў сябе вельмі добра. Але ў нейкі момант яму стала цяжка гаварыць і рухаць правай часткай свайго цела. Тамаграфія паказала вялікую закупарку сасуда ў левай частцы галавы. Аналіз таксама паказаў інфікаваньне COVID-19.

А далей Томас Окслі расказвае пра відовішча, якога ён як доктар ніколі ў сваім жыцці не бачыў і якое выклікала ў яго жах.

Звычайна на маніторах, кажа доктар Окслі, мозг выглядае як згустак чорных загагулін, які нагадвае спагеці ў слоіку. Тромб на іх фоне выглядае як пустое месца. І вось калі хірург увёў доўгую іглу, каб выдаліць тромб, ён з жахам убачыў як навокал пачалі фармавацца новыя тромбы.

«Гэта было шаленства», — кажа доктар.

Нашмат большая пагроза, чым лічылася дагэтуль

Паведамленняў пра інсульты ў маладых людзей з’яўляецца ўсё больш, і якраз яны пачынаюць істотна мяняць уяўленне чалавецтва пра новую хваробу, якая паразіла свет, піша The Washington Post. Пакуль такіх паведамленняў у параўнанні з усёй статыстыкай хваробаў няшмат, але яны істотна ўплываюць на разуменне каранавірусу новага тыпу.

Яшчэ нядаўна гэты патаген лічыўся вірусам, які паражае лёгкія. Але цяпер зразумела, што ён аказаўся нашмат больш пагрозлівы і паражае практычна ўсе асноўныя сістэмы ў арганізме чалавека.

Цяпер тры буйныя медычныя цэнтры ЗША рыхтуюць публікацыю пра свае назіранні за выпадкамі інсультаў у маладых пацыентаў з COVID-19 і пра зробленыя імі высновы.

Таямнічае ўскладненне

Адзін з такіх цэнтраў — бальніца Томаса Джэферсана ў Філадэльфіі. Нейрахірург гэтай установы Паскаль Джабур называе мазгавыя тромбы таямнічым ускладненнем згортвання крыві ў «кавідных» пацыентаў. Доктар кажа, што ў маладых людзей утвараецца адразу некалькі тромбаў у мозгу, што вельмі незвычайна.

«Пакуль мы будзем паспяхова лячыць адзін перакрыты тромбам сасуд, у пацыента можа здарыцца сур’ёзны інсульт у іншай частцы мозгу», — кажа Паскаль Джабур.

Дактары кажуць, што тромбы ўтвараюцца як у артэрыях, так і ў жылах. Згубныя згусткі крыві фіксуюцца ў сэрцы, лёгкіх і іншых органах хворага на COVID-19 чалавека.

Надзея на антытрамбозную тэрапію

The Washington Post таксама прыводзіць сведчаньне доктара Томаса Окслі пра поспех лячэння мазгавых ускладненняў у пацыентаў, хворых на COVID-19, пры дапамозе антытрамбознай тэрапіі.

Доктар расказвае пра 33-гадовую, цалкам здаровую раней пацыентку, якая трапіла ў бальніцу пасля таго, як праз тыдзень галаўнога болю і кашлю ў яе анямела левая частка цела. Тамаграфія паказала, што ў пацыенткі ў мозгу два тромбы, а ў лёгкіх — плямы «матавага шкла», тыповага сымптому COVID-19. Пацыентка атрымала два віды тэрапіі, накіраванай на разбурэнне тромбаў, і на 10-ты дзень была дастаткова здаровая, каб яе выпісалі.

* * *

На наступным тыдні тры вялікія каманды амэрыканскіх дактароў апублікуюць у часопісе New England Journal of Medicine свае высновы пра лячэнне інсультаў у маладых пацыентаў з COVID-19.