На старонках «Рэгіянальнай газеты» за 25 год дзялілася гісторыямі шмат людзей, журналісты рабілі інтэрв’ю з вялікай колькасцю людзей. Аднак галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч ніколі не распавядаў чытачам пра сябе і тое, як газета стваралася. У 25-годдзе «РГ» выпраўляем сітуацыю.

Як стваралі газету

Працаваў у газеце «Святло камунізму», пасля гэта была «Маладзечанская газета». Кожны дзень ездзіў на працу ў Маладзечна з Вілейкі. Бачыў, што рэчы, якія здараюцца ў Вілейцы, маглі быць цікавымі ў Маладзечне, і наадварот. Але тады не было такой газеты.

Было адчуванне, што наш рэгіён гэта адна супольнасць людзей.

Калі прыехалі ў Астравец падпісваць дагаворы з поштай, то пачулі ад аднаго немаладога чалавек, што вось Маладзечанская вобласць вяртаецца. Мы прыйшлі своечасова, выканалі місію вакол згуртавання нацыянальных каштоўнасцей і мясцовага патрыятызму.

Дапамагалі пачынаць газету бізнесмены Павел Карпіновіч з Маладзечна і Ігар Вейс з Вілейкі. Над першымі нумарамі працаваў таксама журналіст Вячаслаў Табулін, пазаштатныя аўтары.

«Рэгіянальная газета»

Магчыма, гэта не самая ўдалая назва, а, магчыма, самая няўдалая. Але так сталася, і гэта ўжо брэнд.

Чаму «Рэгіянальная»? Таму што ў нас рэгіён. Гэта быў сігнал людзям, што гэта шырэй, чым раён.

Я не ў захапленні ад назвы, але ў захапленні ад таго, што «Рэгіянальная газета» зрабіла за 25 год.

Місія «Рэгіянальнай газеты»

Місія пастаянна мяняецца. Адзін чалавек не можа зрабіць місію, гэта робіць калектыў. Місія ў тым, каб мы дапамагалі заставацца людзьмі, разумець сапраўдныя каштоўнасці.

Калі ты жывеш у нейкай мясцовасці і калі ты не цікавішся ні гісторыяй, будучыняй, ні людзьмі, якія тут жывуць, то гэта проста няправільна. Ты — чалавек, а чалавек – істота сацыяльная. Мы працуем, каб людзі адчулі сябе часткай супольнасці.

Мы стараемся даваць шырокі зрэз жыцця ў газеце. Тым не менш, бачым у ёй прыярытэты. Гэта трыяда — культура, гісторыя, мова.

Ніколі не абмяжоўваліся замшэлым патрыятызмам. Мы падзяляем агульныя каштоўнасці. Разумеем, што мы частка Еўропы. Калі замкнуцца і казаць, што Беларусь – для беларусаў, то мы ўжо бачылі, да чаго даходзілі краіны з такімі поглядамі.

Калі ты хочаш рабіць якаснае СМІ, то ты павінен разумець, што ты не палітычнае і партыйнае СМІ. У цябе будзе шмат абмежаванняў у выказваннях сваіх думак і меркаваннях. Калі сябе абмежаваць рыторыкай адной партыі, адной канфесіі, то ты абмяжуешся аўдыторыяй адной партыі і адной канфесіі.

Мова

Мы зрабілі газету на мове, якая блізкая людзям. Калі дзяржава не надае належнай увагі адной з дзяржаўных моў, менавіта беларускай, то мы зразумелі, што наша місія таксама абараняць гэтую мову.

Пра журналістаў

Чым меншая мясцовасць і супольнасць, тым больш заўважныя добрая журналісты. Калі яны загараюцца, то іх прасцей знайсці. Ты разумееш тых, хто з’язджае, але ты больш цэніш тых, хто застаецца тут і робіць газету разам з табой. Планку мы паднімаем там, дзе мы ёсць. Калі ты журналісцкая зорка ў гэтай мясцовасці, то ты зорка для тых людзей, якія тут жывуць.

Што вам дала газета персанальна?

Газета дала разуменне таго, што займаюся годнай справай. Дала шмат сяброў, цудоўных калег, якія падзяляюць каштоўнасці. Гэта вельмі і вельмі важна, калі цябе разумеюць і ты разумееш людзей.

Я — адно са звенняў у сямейным ланцужку журналістаў. Бацька – журналіст, дзед у газету пісаў, дзеці таксама журналісты. Адчуванне, што калі я б не звязаў сябе з газетнай справай, то гэты ланцужок перарваўся.

Я ўдзячны сваёй жонцы. Без Ніны Уладзіміраўны я не быў бы ні галоўным рэдактарам, ні дырэктарам. Яна намеснік па фінансах і эканоміцы, вырашае шмат пытанняў, якія ў іншых газетах вырашаюць выдаўцы. І робіць гэта таксама ад першага нумара выдання.

Дало тое, што я пазнаў людзей, якіх сёння няма з намі. Яны шмат чаго зрабілі, і ў першую чаргу праз газету: Анатоль Рогач з Вілейкі, Аляксандр Харытон з Краснага, Іван Драўніцкі з Мядзельшчыны, Кастусь Харашэвіч з Маладзечна. Наша газета гуртуе краязнаўцаў.

Любімая паласа

Я люблю «Куфэрак». Калі б не газета, то напісаў кнігі па краязнаўству. Краязнаўства – маё хобі.

Крыжаванка

Не, але я ведаю людзей, якія разгадвалі. Мой тата разгадвае. У мяне на гэта часу няма, а некалі любіў крыжаванкі.

Ежа на працы

Ссабойка або лапша хуткага прыгатавання.

Калі пайду на пенсію, то…

Буду больш пільна вычытваць газету, таму што я буду чытачом, а не рэдактарам. Ці буду сварыцца на журналістаў? Кожны дзень. Я адчую тады, што ў мяне будзе больш правоў сварыцца з журналістамі. Калі ты рэдактар і лаешся на журналістаў, то значыць, што ты сам зрабіў нешта няправільна.

• Текст доступен на языке: Русский