газета
Фота Настассі Уткінай.

Героі «РГ» расказалі пра тое, што змянілася пасля таго, як пра іх распавялі ў газеце. Як гэта было – убачыць сваю гісторыю на старонках выдання. І як яны жывуць цяпер.

крэйніс

Сям’я Крэйнісаў, Валожын

Не раз у «Рэгіянальнай газеце» мы пісалі пра сям’ю Крэйнісаў – Алену і Ігара – гаспадароў прытулку для сабак на Валожыншчыне ў вёсцы Алешчаняты. А ў 2017 годзе яны сталі пераможцамі нашай штогадовай акцыі «Асоба года». Слова – Алене Крэйніс:

– Наша сям’я, як і раней, займаецца ператрымкай сабак. Мы разрасліся. Цяпер у Алешчанятах не толькі адрамантаваныя вальеры, але і асобны будынак, які ацяпляецца – сабакарня.

Як і раней, расказваем пра лёсы нашых падапечных. Інфармацыйны бок працы ляжыць на плячах нашай 16-гадовай дачкі – Арыны. Любое супрацоўніцтва з прэсай – гэта новы шанец для ўладкавання бяздомных сабак. Мы не даём рэкламы нашых паслуг, але цяпер даволі вядомыя і аўтарытэтныя, у тым ліку і дзякуючы газеце. Заўсёды рады бачыць журналістаў у гасцях.

Ягор Мышук з сынам.

Ягор Мышук, Маладзечна:

Маладзечанец Ягор Мышук трапіў на старонкі «Рэгіянальнай газеты» летам 2018 года. Нашым чытачам ён расказаў пра тое, як адзін гадуе маленькага сына Давіда. Жонка Ягора, Вікторыя, памерла пасля родаў у Маладзечанскай радзільні ў кастрычніку 2015 года.

– Што змянілася пасля нашай гутаркі ў 2018? У кастрычніку Давіду споўніцца пяць гадоў. Сын ходзіць у дзіцячы садок. Цяпер сітуацыя не вельмі, але мы ўсё зможам. Я працую, дзе і працаваў, на прадпрыемстве па вырабе мэблі. Ёсць каханы чалавек. Кахае мяне, а галоўнае, любіць сына. Збіраемся будавацца.

Давід любіць бабуляў, расце вельмі разумненькім і распешчаным.

Але ж бабулі ёсць бабулі. Цяпер, калі Давід ужо такі дарослы, мне на ўсё хапае часу. Карацей, усё добра ў нас.

Віталь Назарэвіч, Маладзечна

Першыя 19 год жыцця Віталь жыў у Расіі. А калі вярнуўся ў Беларусь, то захапіўся ўсім беларускім. Вучыў мову на курсах «Мова нанова», танцаваў і хадзіў у этнаграфічныя экспедыцыі клуба «Кола», актыўнічае ў «Жывой бібліятэцы», пачаў займацца выцінанкай. Вось што Віталь кажа пра «РГ»:

– Некалькі разоў трапляў на старонкі «Рэгіянальнай газеты». Было прыемна ўбачыць сябе.

Не скажу, што змянілася моцна жыццё, але нейкі свой плён у гэтым ёсць. Для мяне «РГ» – гэта людзі, што там працуюць. Большасць з іх я ведаю асабіста. Добрыя людзі робяць добрую газету.

Сябры Bілейскай суполкі ТАП імя Аляксея Лужынскага Дзяніс Канецкі і Павел Хаванскі. Фота з суполкі Навіны Вілейкі і Вілейшчыны.

Дзяніс Канецкі, Вілейка

Дзяніс – кіраўнік вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У супрацоўніцтве з ім мы апублікавалі шмат краязнаўчых артыкулаў.

У 2015 годзе чытачы «РГ» выбралі Дзяніса Канецкага «Асобай года».

– Для мяне і нашай суполкі па ахове помнікаў ваша газета дала папулярнасць, шмат гістарычных матэрыялаў, знаёмства з гісторыкамі і іншымі краязнаўцамі. Яна аб’яднала супольнасць. Жадаю квітнець і паболей падпісчыкаў.

Ганна Кішкурна ездзіць у мільён падарожжаў, але заўсёды вяртаецца ў Маладзечна. Фота Вольгі Сінькевіч.

Ганна Кішкурна, Маладзечна

Аня – гэта падарожніца, якая прайшла сотні шляхоў і пабывала ў шматлікіх краінах. Але яе чамаданы заўсёды вяртаюцца ў роднае Маладзечна. Нядаўна Ганна распавядала, як круізны лайнер, на які яна ўладкавалася працаваць, распусцілі па дамах з-за каранавіруса. Аня дзеліцца ўражаннямі:

– Мне падабаецца, што ў газету можна лёгка занесці матэрыял.

Кожны чалавек, у якога ёсць штосьці цікавае, можа падзяліцца гэтым з газетай і стаць зоркай.

Калі ўбачыла сябе ў магазіне на першай паласе – падумала: «Ого, крута!». Хацелася пахваліцца ўсяму свету.

Максім Федаровіч, Маладзечна

Максім – адзін з валанцёраў пошукава-выратавальнага атрада «Анёл Паўночны Захад». Мы рабілі публікацыі пра тое, як працуе атрад і чым жывуць пошукавікі. А таксама пачалі супрацоўнічаць і размяшчаць арыенціроўкі з інфармацыяй аб зніклых, якіх шукаюць анёлы. Максім Федаровіч кажа:

– Супрацоўніцтва з «РГ» прынесла добрыя вынікі. Людзі сталі даведвацца пра атрад, цікавіцца дзейнасцю.

З дапамогай рэдакцыі, публікацыі артыкулаў людзі даведаліся, што ёсць такая праблема, як знікненне чалавека, што ў такіх выпадках рабіць і куды звяртацца.

Дапамагае размяшчэнне арыенціровак на зніклых і інфармаванне насельніцтва.

Марыя Шэбанец і Глеб Пудаў забралі з выдавецтва сумесны зборнік. Фота забяспечанае Марыяй Шэбанец.

Глеб Пудаў, Санкт-Пецярбург

Глеб – паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца. Вось яго меркаванне:

– Супрацоўніцтва з «Рэгіянальнай газетай» пачалося пасля таго, як выйшаў мой сумесны з маладзечанскай паэткай Марыяй Шэбанец зборнік вершаў. Ён называўся «Рэха».

У зборніку – нашы з Марыяй вершы і апавяданні. Мне было неабходна распавесці чытачам пра гэту падзею.

Пазней у газеце апублікавалі матэрыял аб маёй кнізе перакладаў з беларускай мовы «Пяюць пераспелыя травы…». У гэтым зборніку – вершы беларускіх паэтаў у маім перакладзе. Ёсць творцы з вашага рэгіёна – Віктар Шніп, Мікола Шабовіч, ізноў жа – Марыя Шэбанец. Водгук у беларускай прэсе натхняе мяне на далейшую творчасць.

• Текст доступен на языке: Русский