На месцы здарэння. Фота з сайта МНС.

29 красавіка каля 10 раніцы выратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што знайшлі ртуць на вуліцы Зялёнай у аграгарадку Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна.

Да месца выкліку накіраваліся падраздзяленні МНС, у тым ліку спецыялістаў службы хімічнай і радыяцыйнай абароны. Высветлілася, што пры правядзенні будаўнічых работ работнікм УП «Камунальнік» знайшлі ртуць.

Выратавальнік сабралі каля 1100 грамаў адходаў, якія ўтрымлівалі ртуць. Таксама пры дапамозе ртутнага аналізатара правялі замеры наяўнасці пароў ртуці ў паветры. Перавышэння не выявілі. Сабраную ртуць змясцілі ў палімерную ёмістасць і канфіскавалі для далейшай утылізацыі, паведамілі ў ГРАНС Маладзечна.

МНС нагадвае: ртуць паражае цэнтральную нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, страўнікава-кішачны тракт, органы дыхання, печань, селязёнку, ныркі. Калі ў вас разбіўся тэрмометр, а шарыкі ртуці паскакалі па падлозе, яе трэба старанна прыбраць.

У першую чаргу, выведзіце з памяшкання дзяцей, сталых людзей. Расчынніце дзверы і вокны. Абараніце органы дыхання, хаця б вільготнай марлевай павязкай. Не дапускайце скразняку – шарыкі ртуці могуць разляцецца па ўсім пакоі. Буйныя шарыкі ртуці збярыце пры дапамозе пэндзліка ў папяровы канверт. Спрынцоўкай можна сабраць драбнейшыя шарыкі, а для самых маленькіх кропелек падыдзе лейкапластыр або скотч.

Сабраную ртуць неадкладна скідайце ў шкляны слоік з растворам двух грамаў марганцоўкі на літр вады. Банку шчыльна закрывайце. Ачышчаную паверхню апрацуйце растворам марганцоўкі (20 грамаў на 10 літраў вады) або мыльна-содавым растворам (400 грамаў мыла і 500 грамаў кальцыніраванай соды на 10 літраў вады).

Пасля таго, як ртуць будзе сабрана, аднясіце яе ў бліжэйшы аддзел па НС. Неабходна памятаць, што ртуць – гэта не бруд і тут пыласос і анучы не падыдуць. Ні ў якім разе не вылівайце ртуць у каналізацыю.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский