Фота Настассі УТКІНАЙ.

Пра гэта сказаў Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭC у замежных справах і палітыцы бяспекі, у інтэрв’ю карэспандэнту Свабоды Рыкарду Юзьвяку.

Адказваючы на пытанне, ці заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што каранавірусная пандэмія з’яўляецца насамрэч «псіхозам», не паўплывае на адносіны Брусэля з Мінскам, Барэль адзначыў:

«Не далей як на мінулым тыдні я размаўляў з міністрам замежных спраў Беларусі, спадаром Макеем. І я падкрэсліў, што сумесная праца ў рамках шматбаковай сістэмы з’яўляецца найбольш эфэктыўным спосабам рэагавання на каранавірусны крызіс. І я таксама ведаю, што ўлады Беларусі ўжо цесна супрацоўнічаюць з Сусветнай арганізацыяй здароўя, але таксама ведаю, што трэба больш. Такім чынам, я заклікаю ўлады Беларусі прытрымлівацца рэкамендацый Сусветнай арганізацыі здароўя адносна прадухілення пандэміі.

І каб дапамагчы ім, мы ўжо казалі пра нашу падтрымку, і ў гэтую падтрымку ўваходзіць больш за 60 мільёнаў [еўра] для сістэмы аховы здароўя. Так што мы прыносім і прапануем дапамогу. Але з іншага боку, мы просім прытрымлівацца рэкамендацый Сусветнай арганізацыі здароўя адносна пандэміі. Немагчыма, каб з аднаго боку прапанавалі дапамогу, [а з другога] не выконвалі рэкамендацый, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім усіх выконваць».

21 красавіка намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Жузэп Барэль паведаміў у размове з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, што Беларусі прызначаецца больш за 60 млн еўра са сродкаў, выдзеленых на праграмы двухбаковага супрацоўніцтва ў межах глабальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнерства.

Раней паведамлялася, што гэтыя грошы пойдуць на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэспіратараў, а таксама на трансмежныя праекты.